Свой шлях «Шляху новага»

Старшыня СВК «Шлях новы» Аляксандр Вашчук.

У Ляхавіцкім раёне гэта адна з самых буйных гаспадарак па плошчы сельгасугоддзяў (10379 гектараў – 18,7 працэнта раённых) і колькасці працуючых (537 чалавек). Тут адна з найбольш высокіх у раённым АПК сярэдняя заработная плата (за 2014 год – 5147 тысяч рублёў). Аб’ём валавой прадукцыі летась склаў 21,4 працэнта ад агульнараённай вытворчасці. Менавіта на тутэйшых фермах доіцца 29,3 працэнта ад раённага валу малака. Кааператыў размяшчаецца на тэрыторыі адразу трох сельсаветаў – Конькаўскага, Навасёлкаўскага і Жарабковіцкага. Гэта вынік неаднаразовай рэарганізацыі: за няпоўнае дзесяцігоддзе да гаспадаркі далучаны 3 сельгаспрадпрыемствы — “Флер’янова”, “Ордэна Знак Пашаны “Кастрычнік” і “Дарава” (апошняе – летась).

На працягу многіх гадоў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Шлях новы” – сярод лідараў аграрнай галіны Ляхавіччыны. Ужо сёлета ён быў адзначаны раённым Пераходным Чырвоным Сцягам за дасягнутыя ў 2014 годзе высокія паказчыкі па вытворчасці цукровых буракоў (валавы збор склаў 36925 тон пры сярэдняй ураджайнасці 602 цэнтнеры з гектара).

Стала звыклым, што прозвішчы працаўнікоў СВК нязменна з’яўляюцца на раённай Дошцы гонару на жніве. Камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы збожжа, машыністы зернесушыльных комплексаў сярод лепшых падымаюцца за ўзнагародамі на сцэны раённых, абласных і рэспубліканскіх “Дажынак”, ушаноўваюцца руплівыя жывёлаводы і спецыялісты. Неаднойчы фота перадавікоў са “Шляху новага” ўпрыгожвалі і нашу раёнку. Землякі бачаць іх звычайна ў рабочай форме: на фотасесію няма лішняй хвіліны – праца не церпіць прастою. А вось днямі давялося ўбачыць герояў палёў, фермаў і мехдвароў у святочным адзенні. Амаль 400 прадстаўнікоў усіх падраздзяленняў гаспадаркі сабраліся ў райцэнтры ў актавай зале ЛДАКа на справаздачны сход – падвядзенне вынікаў работы за мінулы год. Прысутныя ўважліва ўслухоўваліся ў лічбы, радуючыся поспехам і аналізуючы, дзе не дапрацавалі. Адназначна – рэзерв у гаспадаркі ёсць, і ён немалы. Асноўны прагнозны паказчык – тэмп росту кошту валавой прадукцыі – выкананы на 106,8 працэнта пры даведзеным заданні 103,5. Мінулы фінансавы год сельгаспрадпрыемства завяршыла з прыбыткам, але, як сцвярджае яго старшыня Аляксандр Вашчук, рэнтабельнасць вытворчасці 5,3 працэнта – далёка не самая “бліскучая”, не выкарыстаны значныя рэсурсы. Такая самакрытыка – крок да выпраўлення сітуацыі. І для гэтага ў “Шляху новым” ёсць усё: 3183 гектары зерневага кліну ў 2014 годзе сабралі збожжавых разам з кукурузай 59,6 цэнтнера на круг. Вытворчасць збожжа на бала-гектар – 158 кілаграмаў, што на 50 кілаграмаў больш, чым у 2013 годзе.
Кожны з 13 экіпажаў, задзейнічаных летась на жніве, намалаціў больш за тысячу тон збожжа. А збожжаўборачная каманда ў складзе Генадзія Місько і Уладзіміра Махнача і ўвогуле раённыя рэкардсмены – 2018 тон. Не намнога адсталі ад іх Васілій Шадура і Максім Люкіш, Аляксандр і Сяргей Цімашкі. 3000 тон збожжа перавёз падчас жніва Мікалай Царык. Крыху не хапіла да такога выніку Дзмітрыю Анціпенку і Уладзіміру Пабягайлу. Ёсць у іх шанц дабіцца большага сёлета. Сваёй працай услаўляе гаспадарку начальнік вытворчага ўчастка Людвіка Піліпчык, чый партрэт – на раённай Дошцы гонару. Сярод лепшых працаўнікоў таксама брыгадзір Аляксандр Пажога.
Добрыя паказчыкі дасягнуты ў вытворчасці алейнага насення рапсу (сабрана 2331 тона пры ўраджайнасці 38,5 цэнтнера з гектара).
У жывёлагадоўлі больш сціплыя паказчыкі, але гэта пакуль: нагадвае пра сябе нядаўняе далучэнне не самых стабільных гаспадарак. Значная ўвага ў СВК надаецца паляпшэнню таварнасці малака. Па словах Аляксандра Вашчука, для выхаду на стандарт экстра і дзеля павышэння даходнасці ад павышэння якасці малака вядзецца мэтанакіраваная работа. Асноўная задача, што стаіць перад заатэхнічнай і ветэрынарнай службамі гаспадаркі, – зрабіць усё магчымае для павелічэння пагалоўя прыплоду. Зрухі да лепшага ёсць. Дапамагаюць і ветспецыялісты раённых службаў: ”у складчыну” сельгаспрадпрыемствы набылі сучасны апарат ультрагукавой дыягностыкі для ўстанаўлення цельнасці кароў на раннім тэрміне. Цяпер група працуе на фермах “Шляху новага”. Так што задача на 100 кароў мець 120 цялушак — вырашальная.
Кіраўніцтва гаспадаркі ўпэўнена, што сёлета будзе няўхільна выконвацца рэгламент па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, для чаго наладжана работа па новых тэхналогіях не толькі на сучасных комплексах “Навасёлкі” і “Вялікая Лотва”, але і на іншых, напрыклад, МТФ “Зубелевічы”. Мадэрнізацыя прайшла на фермах у Патапавічах, Літве, Ураджайнай.
У жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі распрацаваны праграмы, ёсць патрэбныя рэсурсы, а самае галоўнае – кадры: працавітыя, адказныя, добрасумленныя. Удзячнасці заслугоўваюць за сваю працу жывёлаводы Людміла Калацкая, Ірына Клімента, Вольга Станчык, Іна Палтаўцава, Марыя Турко, Валянціна Шклянік, Віктар Аляшкевіч, Яніна Глобуз, Дзмітрый Лынша. Прыкладам у рабоце, адносінах да справы з’яўляюцца загадчыцы МТФ “Галавачы” Валянціна Анціпенка, “Зубелевічы” — Зінаіда Коктыш, “Вялікая Лотва” – Валянціна Курловіч, Ірына Камінская, якая зараз выконвае абавязкі галоўнага заатэхніка.
Яшчэ адна адметнасць “Шляху новага” — давер маладым. Сярод чатырох намеснікаў старшыні два — па вытворчасці Сяргей Кашча і па раслінаводстве Віталій Кульбіцкі — маюць узрост да 35 гадоў, як і галоўны аграном Аляксандр Рамейка, і галоўны ветэрынарны ўрач Міхаіл Міхальчык. Увогуле, больш за 40 працэнтаў працуючых тут — моладзь. У авангардзе — пярвічка БРСМ, якую ўзначальвае ініцыятыўная Наталля Якубовіч. Дальнабачнасць кіраўніцтва гаспадаркі праяўляецца і ў клопце пра тое, каб маладыя спецыялісты заставаліся тут.
Дарэчы, вельмі паказальны факт: школьнікі ўсіх навучальных устаноў, што знаходзяцца на тэрыторыі СВК (Навасёлкаўская СШ, Дараўскі і Конькаўскі ДС-СШ), якія па выніках чвэрці маюць адзнакі не ніжэй за “8”, атрымліваюць за вучобу грашовую прэмію ад сельгаспрадпрыемства. Гаспадарка аказвае спонсарскую дапамогу школам, дзіцячым садкам у падрыхтоўцы да новага навучальнага года, дапамагае ў арганізацыі і фінансаванні экскурсій і паездак. Не застаюцца без увагі ўстановы культуры. Важна, што такая дапамога ўзаемная: школьнікі па першым закліку дапамагаюць гаспадарцы падчас жніва ці на палявых работах, культработнікі ладзяць для працаўнікоў гаспадаркі канцэрты, забаўляльныя мерапрыемствы, святы вёскі.
Сярод асноўных задач дня кіраўніцтва СВК вызначыла павышэнне ўрадлівасці глебы як аснову для стабільнай вытворчасці ў раслінаводстве. У планах — нарошчванне пагалоўя буйной рагатай жывёлы і павелічэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Будзе працягвацца тэхнічнае пераўзбраенне, удасканаленне тэхналагічных працэсаў, укараненне тэхнічных інавацый.
—Галоўнае, што ўдалося зрабіць, – сфарміраваць калектыў. Нягледзячы на шматлікія пераўтварэнні, калектыў дружны, моцны, здольны вырашаць самыя складаныя задачы, – упэўнены Аляксандр Вашчук. Без сумнення, словы вопытнага і прадбачлівага кіраўніка ў хуткім часе будуць рэалізаваны ў канкрэтных надоях, прывагах, намалотах – год толькі пачаўся.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галоўны аграном Аляксандр Рамейка (другі злева), механізатары Аляксандр Станчык і Васілій Кацуба, начальнік вытворчага ўчастка Міхаіл Таранда.

Калектыў фермы «Галавачы» на чале з загадчыцай Валянцінай Анціпенка

Намеснікі старшыні «Шляху новага» Віталій Кульбіцкі і Сяргей Кашча, загадчыца МТФ «Вялікая Лотва» Валянціна Курловіч.

Аператары машыннага даення МТФ «Літва» Марыя Марчык, Кацярына Капко і Ала Каласоўская

Тэхнік-асемянатар Уладзімір Вельш.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *