Сезон Ніно. Гімназістка Ніно на рэспубліканскай канферэнцыі заваявала дыплом I ступені

Эрудыраваная і адказная, творчая і таленавітая, надзеленая рэдкай працаздольнасцю і проста абаяльная, шчырая дзяўчынка. Гэта ўсё пра дзесяцікласніцу гімназіі Ніно Квернадзэ.

Пачатак Года моладзі для старшакласніцы адзначыўся важкімі дасягненнямі. Стартавала з перамогі на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, лідзіравала на абласной навукова-практычнай канферэнцыі.

У рэспубліканскім конкурсе даследчага характару, што напрыканцы лютага праходзіў у Мінску, свае работы прэзентавалі хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх абласцей Беларусі. Ніно была адной з іх. Па выніках заключнага этапу рэспубліканскай канферэнцыі ў секцыі “Літаратуразнаўства” яе “Даследаванне прыказак як нацыянальна маркіраваных адзінак” заваявала дыплом I ступені. Журы адзначыла выдатнае валоданне беларускай мовай Ніно Квернадзэ.

– Вельмі ўдзячна маёй настаўніцы Святлане Вікенцьеўне Ермаковіч, якая пасябравала мяне з такой мілагучнай, прыгожай беларускай мовай. Ганаруся, што нарадзілася і жыву ў Беларусі. Мару, каб гучала роднае слова, каб мову ведалі і на ёй размаўлялі.

Дзяўчынка з сям’і, дзе шануюць як беларускую, так і грузінскую культуры. Яна зачытваецца творамі класікаў. А як іграе на гітары – заслухаешся! Наперадзе ў Ніно адказны інтэлектуальны іспыт – удзел у рэспубліканскім этапе алімпіяды.

Няхай і гэта прыступка ёй пакарыцца!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *