І спорт, і школа, і любоў

Сустрэча з ім атрымалася кароткай і інтэнсіўнай, як дыстанцыя супер-спрынту. Гаварылі пра дзень сённяшні, пра справу, што стала сэнсам жыцця суразмоўцы. Але найбольш – пра любоў: да спорту, педагагічнай працы, вучняў, вёскі …
У многім дзякуючы апошняй уласцівасці сваёй натуры Аляксандр Кірмель прыехаў у Ліпскую школу. “У душы я вясковы хлопец”, – з усмешкай гаворыць пра сябе.
…У паспяховага выпускніка Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры магла скласціся і “сталічная” кар’ера. Маячылі таксама варыянты працаўладкавання ў некаторых з абласных ці буйных раённых гарадах. А любоў да вёскі, да малой радзімы падштурхнула ўраджэнца Крывошына прасіць размеркаванне ў Ліпскую сярэднюю. Прайшло тры з паловай дзясяткі гадоў з таго, як аказалася, лёсавызначальнага моманту. Правяць баль новыя тэхналогіі, у тым ліку і спартыўныя. Новыя вучні сядзяць зараз за школьнымі партамі. У працоўнай жа кніжцы Аляксандра Кірмеля нічога прынцыпова не змянілася. “Не толькі ні кроплі шкадавання, але і ўдзячнасць лёсу, што ўсё склалася так, як склалася. Люблю спорт, сваю работу, сваіх вучняў. З імі няпроста: дзеці ўмомант распазнаюць няшчырасць, крывадушнасць. “Тэсціруюць” імгненна, – разважае Аляксандр Антонавіч. – Вельмі важная і дысцыпліна. Але дысцыпліна, пабудаваная не на сіле, не на праве старэйшага і больш статуснага, а на ўзаемапавазе. Асабісты прыклад значыць многае. Сто балаў у залік, напрыклад, настаўніку фізічнай культуры і здароўя ў выпадку, калі той у стане падмацаваць тэорыю практыкай – выканаць практыкаванне, элемент не горш, чым самы спартыўны дзесяцікласнік. У бегу я ім, канешне, ужо не сапернік, а вось на гульнявых пляцоўках, у сілавых практыкаваннях, кіданні магу і паканкурыраваць”.
З кідання ўсё і пачалося. Вучню Крывошынскай СШ Сашу Кірмелю найлепш удавалася кіданне кап’я. У раённых спаборніцтвах удзельнічаў з задавальненнем і з пераможным, як правіла, вынікам. Устаноўлены Аляксандрам Кірмелем у 1973 годзе рэкорд раёна ў кіданні кап’я, які складае 58,48 метра, трымаецца да гэтага часу. Поспехі раённага маштабу сталі для юнага спартсмена пропускам “на вобласць”. Атрымаў прапанову паступіць у рэспубліканскую школу-інтэрнат спартыўнага профілю.
У сценах вядомай у краіне спартыўна-адукацыйнай установы Саша Кірмель быў не адзіным ураджэнцам Ляхавіцкага раёна. Ліпчанка Людміла Пастарнакевіч вучылася за суседняй партай. Майстэрства кідання кап’я землякі засвойвалі ў адным сектары, пад кіраўніцтвам аднаго трэнера. Зараз кіраўнік рэспубліканскага спартыўна-аздараўленчага комплексу “Сілічы”, майстар спорту міжнароднага класа Людміла Пастарнакевіч дасягнула ў спорце многага. Была на вяршыні шэрагу міжнародных і саюзных стартаў, перапісвала на сваё імя асобныя рэкорды.
Калі б не траўма, хто ведае, як бы ўсё склалася. Але іменна яна паставіла кропку на спартыўнай кар’еры тады дзевяцікласніка Сашы Кірмеля. “Траўма магла лічыцца падставай для адлічэння з РШІСП. Кіраўніцтва школы паступіла далікатна: дало магчымасць давучыцца, атрымаць атэстат. А паступленне ў інстытут фізічнай культуры было лагічным працягам і асаблівай складанасці не ўяўляла”, – гаворыць Аляксандр Антонавіч.
Дарэчы, некалькі выхаванцаў настаўніка фізічнай культуры і здароўя Аляксандра Кірмеля істотна падняліся па спартыўнай лесвіцы. Майстрамі спорту Рэспублікі Беларусь па паўэрліфтынгу сталі Аляксандр і Андрэй Малевічы, сын настаўніка Павел – па ваенна-прыкладным шматбор’і. Майстарскі нарматыў хлопцы выканалі будучы ўжо студэнтамі, але ж дзе і кім закладвалася база, фарміравалася любоў да спорту?
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *