Мелодыя душы

Выключнае шчасце чалавека – пастаянна быць пры сваёй любімай справе, сказаў адзін мудры. Гэта і пра настаўніцу па класе фартэпіяна Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Ірыну Тулейка. Вытанчаная, інтэлігентная, таленавітая, яна на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў развівае творчыя здольнасці сваіх выхаванцаў, узбагачае іх духоўны свет. Педагагічнае майстэрства, душэўная цеплыня, чуласць і невычэрпная энергія, жаданне запаліць агеньчык цудоўнага ў вучнях прыцягваюць іх да Ірыны Уладзіміраўны. А яна радуецца кожнаму поспеху і дасягненню юных зорачак.

Іх перамогі – яе перамогі. Але землякі не раз бачылі Ірыну Тулейка і ў ролі канцэртмайстра, апладзіравалі яе вакальнаму таленту.

Музычныя здольнасці Ірыны раскрыліся яшчэ ў дзяцінстве, у Эстоніі. Хоць бацькі не былі звязаны са светам мастацтва, але дзеля будучыні дачкі стварылі для заняткаў музыкай усе ўмовы. Не паўстала пытанне і пра выбар прафесіі – ён быў вызначаны талентам дзяўчыны. Мара вясці дзяцей у свет цудоўнага спраўдзілася паступленнем у педінстытут імя М. Танка на музычна-педагагічны факультэт. Тут жа яна стала Тулейка – выйшла замуж на трэцім курсе. Дарэчы, яе муж Ігар Іванавіч шмат гадоў узначальвае Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж, а раней паспяхова працаваў у Ляхавічах. Але спачатку сямейная пара 11 гадоў адпрацавала ў Галаўнінскім Доме культуры. Жыхары вёскі і сёння з настальгіяй успамінаюць канцэртныя праграмы, якія ладзілі Тулейкі. Іх гасцінны дом заўсёды быў адкрыты для вяскоўцаў. Тут было поўна дзяцей, якія прыходзілі асвойваць ігру на музычных інструментах.

У Тулейкаў дзве дачкі і сын. Усім ім уласцівы дабрыня, справядлівасць і уменне спачуваць. А вось музычныя густы ў сям’і розныя. Але ўсе яны ўмеюць бачыць і цаніць прыгожае. Мацвей вучыца ў школе мастацтваў, Марыя і Ганна ў свой час яе закончылі. Ганна, па прыкладзе бацькоў, выбрала музыку прафесіяй, Марыя дасканала валодае некалькімі замежнымі мовамі.

Калі яны збіраюцца разам, заўсёды гучыць музыка. Рукі Ірыны віртуозна перабіраюць клавішы фартэпіяна, а голас гучыць прыгожа, непаўторна, свабодна…

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *