Чым жывеш, батальён?

Для батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады гэты год, як, дарэчы, і заўсёды, быў насычаным на розныя падзеі. Праверкі і агляды, атэстацыі і падрыхтоўкі, мерапрыемствы, якія закраналі самыя розныя аспекты армейскага жыцця, – ва ўсім батальён імкнуўся паказаць сябе з лепшага боку. Штосьці атрымлівалася, у нечым здараліся промахі. Кіраванне – справа тонкая і зусім не простая.
Калі афіцэры і прапаршчыкі, якія праслужылі тут не адзін год, прывыклі да розных падзей вайсковага жыцця, то салдатам тэрміновай службы многае ў навінку. Салдаты, якія праслужылі ў батальёне больш за паўгода, успамінаюць вучэбныя трэніроўкі з выездам на палігоны і часовыя дыслакацыі ў лесе. Выкананне сваіх непасрэдных абавязкаў ва ўмовах, прыбліжаных да рэальных баявых, “палявы” лад жыцця, безумоўна, пакінуць адметны след у памяці пра армейскую службу.
“Сапраўдная армія пачалася менавіта тады, у лесе, – дзеліцца ўражаннямі планшэтыст камандна-тэхнічнага вузла радавы Дзяніс Бібікаў. – Мы начавалі зімой у палатках, елі “палявую” кашу з кацялкоў, неслі службу ў начным патрулі. Аказалася, што кожны можа выжыць у лесе, нават калі кругом снег, мінусавая тэмпература і створана атмасфера набліжэння ворага, хоць і ўяўнага”.
З негатыўных момантаў ваеннаслужачыя прыгадваюць спякотнае лета, якое прынесла нямала нязручнасцяў і клопатаў. Звязаная з гэтым сітуацыя высокай пажарнай небяспекі патрабавала асаблівай увагі. Так, у адзін са спякотных дзён удар маланкі прывёў да імгненнага ўзгарання ўчастка мясцовасці паблізу дызельнай станцыі часці. Вось што ўспамінае дызеліст радавы Андрэй Касьян, якому давялося ў той дзень дзяжурыць: “Дым з’явіўся раптоўна, здавалася, ніадкуль. Навальніца была не вельмі моцная, але ад стыхіі ніхто не застрахаваны. Як дзейнічаць пры пажары, мы засвоілі дакладна, але не думаў, што тэарэтычныя інструкцыі так хутка давядзецца прымяніць на справе”.
Наступствы маглі б быць цяжкімі, але дакладныя зладжаныя дзеянні ваенна-служачых і прыбыўшай пажарнай каманды не дазволілі стыхіі нанесці шкоду і страты ваеннай часці.
Як і ва ўсіх ваенных часцях, летам абнавіўся салдацкі састаў батальёна. Сёлета мы прымалі новае папаўненне, першае званне атрымалі малодшыя сяржанты, якія прыехалі з курсаў. Набыўшы новыя веды і паўнамоцтвы, маладыя камандзіры аддзяленняў адначасова адчулі новую ступень адказнасці за сваю службу і ў цэлым за аддзяленне. Малодшы сяржант Андрэй Шыхавец адзначае немалыя змяненні ў сваёй службе, што адбыліся пасля сяржанцкіх курсаў: “Курсы працягваліся менш за 2 тыдні, але нават за гэты час удалося ўнікнуць у сутнасць сяржанцкай справы. На плячах сяржантаў – адказнасць за сваё аддзяленне, асабовы састаў. Спачатку, здавалася, належала вялізная работа: трэба ведаць пра сваё аддзяленне ўсё, працаваць з салдатамі, дапамагаць фарміраваць у іх правільныя адносіны да армейскай службы. Думаў, гэта будзе складана, але ўсё атрымліваецца”.
Акрамя работы з аддзяленнем, сяржанты нясуць службу ў нарадзе і заступаюць на баявое дзяжурства. А тут неабходна заўсёды быць напагатове, сачыць за парадкам і захаваннем правіл бяспекі. Усё гэта фарміруе і стымулюе важныя якасці ў характарах сяржантаў (ды і ўсіх салдат): адказнасць, дысцып-лінаванасць, трываласць і ўпэўненасць. Такія рысы абавязкова дапамогуць у будучым працаўладкаванні як у ваеннай сферы, так і па грамадзянскіх спецыяльнасцях.
Яшчэ адной немалаважнай падзеяй у жыцці батальёна стала праверка па прадметах баявой падрыхтоўкі па выніках 2010 года. У цэлым нашы ваеннаслужачыя атрымалі добрыя і выдатныя адзнакі. З лепшага боку можна прыгадаць маёра Мядзведзева, прапаршчыка Самусіка і старшыну Наумава.
Год заканчваецца адной з найважнейшых падзей у жыцці краіны – выбарамі Кіраўніка дзяржавы. Падрыхтоўку да гэтага мерапрыемства неабходна правесці дакладна і граматна. Для гэтага ў батальёне прыкладаецца максімум намаганняў, асаблівая ўвага надаецца інфармаванню ваеннаслужачых.
Ужо сёння мы пачынаем рыхтавацца да года наступнага: аналізуем вынікі мінулага года, будуем планы на год наступны, у якіх прадугледжана эфектыўная зладжаная работа калектыву падраздзялення. Галоўнае для паспяховай работы і сёлета, і ў годзе наступным – кадры. А з імі ў ба-тальёне кіравання ўсё ў парадку.
Сяргей ЗАДОРСКІ, камандзір батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *