Галубцы… з душком

Нядаўна размаўляла са знаёмай, якая ледзь не стала ахвярай галубцоў з кулінарыі. Калі жанчына пачала гатаваць паўфабрыкаты, па кухні пайшоў непрыемны “водар”, які яўна не адпавядаў звыкламу паху гэтай стравы. Купленае ў кулінарыі адправіла на сметнік… І толькі пасля падумала, што трэба было б вярнуць назад у кулінарыю, а частку занесці ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Справа не толькі ў грашах, па сутнасці, выкінутых на сметнік. Пакупнік павінен быць упэўнены ў якасці тавару, які яму прапануюць. Часцяком у магазіне кулінарыі ”Ласунак” стаіць непрыемны пах – сведчанне сапсаванасці ці заляжаласці той ці іншай прадукцыі. Праверкі санслужбы таксама неаднойчы выяўлялі парушэнні. Таму ўзмацненне кантролю спецыялістаў райЦГіЭ, якое запатрабаваў кіраўнік раёна, асабліва за тымі аб’ектамі гандлю і грамадскага харчавання, што праштрафіліся раней, яўна актуальнае.

Пытанне з адрасам «Ласунка» ўздымалася і на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Пра яго кіраўнік раёна даведаўся са зваротаў на сваю электронную пошту.

Яшчэ адна тэма, якая на слыху, – магазін “Мясная лаўка”. Не так даўно гэта гандлёвая кропка пераехала з вуліцы Цітовіча на вуліцу Леніна. Адрас змяніўся, чаго, на жаль, не скажаш пра асартымент. У адну з апошніх субот у першай палове дня тут у продажы не было ялавічыны. Прадавец патлумачыла, што заказвала ў райпо многа мясной прадукцыі – прывозяць мала. У сераду ялавічына была, а вось свініны яўна не хапала: толькі паляндвіца і невялікі кавалачак сала. Быў у продажы фарш аднаго віду, паўфабрыкаты бройлераў – з сырой прадукцыі ўсё. Большы асартымент гатовай мясной прадукцыі. Дзеля справядлівасці адзначым, што абсталяванне магазіна, афармленне даволі прадуманае.

Ёсць пытанні і да работы забойнага цэху райпо. Менавіта адтуль у крамы, аб’екты грамадскага харчавання паступае сырая мясная прадукцыя.

Паўтараюцца скаргі жыхароў раёна на тавары, якія прывозяць аўталаўкі. Кампетэнтным службам трэба ўшчыльную заняцца гэтым пытаннем, каб раз і назаўсёды зняць яго з парадку дня.

Асноўнай прычынай зніжэння тавараабароту (сёлета за 10 месяцаў ён склаў 97,6 працэнта ў супастаўных цэнах у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам) старшыня райпо Васілій Некрашэвіч назваў… недахоп кадраў, у прыватнасці, прадаўцоў.

Але ці толькі ў гэтым праблема? І ці толькі ад прадаўцоў усё залежыць? Напрыклад, асартымент адзення, абутку, бялізны, галантэрэі і г.д. у прамтаварным аддзеле Дома гандлю настолькі бедны і так рэдка абнаўляецца, што заходзіць туды не хочацца. Вось і вязём свае грошы ў Баранавічы ці куды далей… Пра асартымент прадмага па вуліцы Камсамольскай райцэнтра, многіх вясковых магазінаў добрага слова не скажаш. Як не скажаш, на жаль, нічога станоўчага пра зачыненыя на замок дзверы асобных райпоўскіх будынкаў.

Толькі ў райцэнтры не задзейнічаны будынкі былых магазінаў “Мясная лаўка”, “Шпалеры”, кафэ “Папялушка” (потым там быў прыватны стаматалагічны кабінет). Калі самі не ў стане арганізаваць запатрабаваны гандаль, можа варта аддаць у арэнду? Пытанняў больш, чым адказаў. Аднак не губляем надзеі ўсё ж іх атрымаць.

Галіна КАНЬКО.

Выкарыстана ілюстрацыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *