Бусел прызямліўся ў райцэнтры

Стварэнне сям’і, нараджэнне дзяцей – яркія і радасныя   падзеі. 173 пары ў 2015 годзе абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі ў аддзеле загса і сельвыканкамах раёна.  Гэта на 7 больш, чым у 2014 годзе. Сярэдні ўзрост нявест 27 гадоў, жаніхоў – 30. А 11 нашых землякоў знайшлі сваё сямейнае шчасце  на сёмым  дзясятку – каханню ўсе ўзросты падуладныя.

Летась бусел прылятаў на Ляхавіччыну  267  разоў – менавіта столькі пасведчанняў аб нараджэнні выдадзена  бацькам нашых маленькіх землякоў. А гэта на 27 больш, чым у пазамінулым годзе.
Аптымістычныя лічбы  пацвярджаюць, у тым ліку, і  ўпэўненасць   нашых землякоў  у заўтрашнім дні.  Дзяржава аказвае сем’ям сур’ёзную матэрыяльную дапамогу пры нараджэнні і выхаванні дзяцей. Асаблівая ўвага  – мнагадзетным сем’ям. Пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей яны маюць права на назначэнне сямейнага капіталу,  важкую падтрымку ў вырашэнні жыллёвага пытання і г.д.
Такі клопат дзяржавы прыносіць свой плён. У  40 сем’ях у раёне ў 2015-ым на свет з’явілася трэцяе дзіця, у 15 – чацвёртае, а ў  6  сем’ях –  пятае. Першынцы нарадзіліся ў 100 сем’ях. Перавага на Ляхавіччыне летась засталася за  прыгожай паловай чалавецтва. Сярод нованароджаных 141 дзяўчынка – на 15 больш, чым хлопчыкаў.   Дарэчы, такая “прыго-жая” няроўнасць у раёне адзначаецца ўпершыню за апошняе дзесяцігоддзе, расказала начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак.
А вось сёлета чараду шчаслівых падзей адкрылі хлопчыкі – немаўляты  Кірыл і Арцём. На пяты дзень 2016 года ў аддзеле загса былі складзены запісы акта аб нараджэнні № 1 і № 2.
Як адзначыла начальнік аддзела загса, сярэдні  ўзрост  матуль – 26 гадоў, татаў – 29.  Але і  пасля 45 гадоў бацькоўства  не закрытая тэма.
Самыя  распаўсюджаныя імёны дзяўчынак  у нашым раёне летась  – Соф’я і Сафія, Вікторыя, Аляксандра  і Паліна. Адзінкавыя – Агата, Алёна, Бэла, Эміліяна, Ліяна, Злата, Аліса і іншыя. У хлопчыкаў у лідарах Максімы, Аляксандры, Мацвеі, Арцёмы і Міхаілы.  Сярод рэдкіх імёнаў –   Архіп, Сцяпан, Міраслаў, Даніэль, Антон.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Выкарыстана ілюстрацыя з сайта http://siteplus.ru

One thought on “Бусел прызямліўся ў райцэнтры

  • 13/01/2016 в 21:57
    Permalink

    Девочки вырываются вперёд! Замечательно. Маленькие цветочки будут расцветать и украшать собой Ляховиччину. Население увеличивается — хороший знак

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *