Эканоміка занятасці

Пытанням занятасці і працаўладкавання надаецца вялікая ўвага, бо яны істотна ўплываюць на якасць жыцця насельніцтва. Загадчыца сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла адзначае, што ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў раёне летась на пачатак студзеня складаў 0,7 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, сёлета – 0,9 пры абласным паказчыку 1,1 працэнта. У мінулым годзе пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкаваны 267 чалавек, у тым ліку 191, які меў афіцыйны статус беспрацоўнага.

З 96 беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў сектары занятасці на 1 студзеня, 47 пражывае ў райцэнтры, 49 – жыхары сельскай мясцовасці.  У адпаведнасці з дзяржпраграмай садзейнічання занятасці насельніцтва, беспрацоўныя могуць набыць новую прафесію, чым за апошнія гады і скарысталіся некаторыя ляхавічане: перакваліфікаваліся на аператара кацельні, візажыста, майстра па манікюры, трактарыста-машыніста, прадаўца, вальшчыка лесу, прайшлі навучальныя курсы па асновах прадпрымальніцтва. На арганізацыю ўласнай справы ў мінулым годзе тром беспрацоўным за кошт сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва была аказана фінансавая падтрымка на агульную суму больш за  64 мільёны рублёў.

Устаноўлена броня на 82 працоўныя месцы для прыёму на работу грамадзян, якія не ў стане самастойна канкурыраваць на рынку працы, а таксама для бацькоў, што абавязаны кампенсаваць дзяржаве расходы, панесеныя на ўтрыманне іх дзяцей. Летась былі працаўладкаваны 32 такія грамадзяніны, у тым ліку 15 – па ўстаноўленай райвыканкамам броні.

За 2015 год дапамога па беспрацоўі назначалася 165 чалавекам. Сектар занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама арганізуе ўдзел незанятага насельніцтва і беспрацоўных у грамадска-карыснай працы. У аплачваемых работах на добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў, аб’ектах лясной і сельскай гаспадаркі, у сацыяльнай сферы летась былі задзейнічаны 90 беспрацоўных.

Нельга не згадаць, што ў мінулым годзе на Ляхавіччыне было створана 268 новых працоўных месцаў, у тым ліку прадпрыемствамі і арганізацыямі – 87, суб’ектамі малога прадпрымальніцтва – 181.

На 1 лютага рынак працы ў раёне налічваў 53 вакансіі, сярод іх 15 па рабочых спецыяльнасцях, 38 – для служачых. Патрабуюцца ўрачы, аграномы, галоўны бухгалтар і інжынеры, інструктар па лячэбнай фізкультуры, машыніст бульдозера, акушэрка і сядзелка, харэограф і акампаніятар, швачка, прадавец і г. д.

Аптымізацыя штатаў закранула летась і прадпрыемствы нашага раёна. 30 чалавек былі звольнены з-за скарачэння штатаў. Наогул, па розных прычынах былі звольнены 1856 чалавек, 1631 знайшоў новыя працоўныя месцы. Тым, хто па аб’ектыўных прычынах апынуўся ў катэгорыі малазабяспечаных, аказваецца адрасная сацыяльная дапамога. Летась яе выплачана 1617,7 мільёна рублёў.

Выкананне наймальнікамі заканадаўства аб працы, тэрміны выплаты, у тым ліку павышэнне і налічэнне зарплаты не ніжэй мінімальнай заработнай платы ў арганізацыях і прадпрыемствах раёна – на пастаянным кантролі райвыканкама. Па інфармацыі сектара сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, зарплата за снежань 2015 года выплачана ва ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях, што падаюць справаздачы ў органы статыстыкі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

ФАКТ

Па інфармацыі камітэта эканомікі аблвыканкама, пачынаючы з   1 кастрычніка 2015 года ў вобласці адсутнічае пратэрмінаваная запазычанасць па заработнай плаце (на прадпрыемствах, што падаюць справаздачы ў органы статыстыкі).
Прынятыя меры дазволілі знізіць узровень беспрацоўя з 1,4 працэнта (на 1 чэрвеня 2015 года) да 1,1 на 1 студзеня 2016 года. Ні ў адным з раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання ўстаноўленыя для рэгіёнаў паказчыкі не перавышаны.
У вобласці летась удалося пазбегнуць масавых скарачэнняў: у студзені-снежні па гэтай прычыне і з-за ліквідацыі арганізацый звольнены 1022 чалавекі, за аналагічны перыяд  2014 года – 1608.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *