Ля святой крыніцы. Мікратапонімы вёскі Набярэжная

Аграсядзіба "Медуніца"

Папоў сад – месца на правым беразе ракі Шчара насупраць цяперашняга льнозавода. Да Першай сусветнай вайны там стаяла драўляная царква, побач жыў святар, які меў вялікі сад. У вайну царква згарэла, а рэшткі сада засталіся. Туды хадзілі збіраць маліну, парэчкі.
Стойла – заліўны луг на левым беразе Шчары, прызначаўся для сенажаці.
Калейка. Для падвозкі будаўнічых матэрыялаў пры ўзвядзенні доўгатэрміновых вогненных кропак у 1936 годзе белапалякі праклалі вузкакалейку ўздоўж Шчары. Пасля Вялікай
Айчыннай вайны рэйкі і шпалы разабралі, а насып часткова застаўся і да нашых дзён. Па ім пратапталі сцяжынку, па якой хадзілі ў Ляхавічы.
Лозка – вузкая паласа хмызняку абапал рова, заросшая пераважна лазою.
Кілбасова балота – заліўны луг паміж старым і новым рэчышчамі Шчары. Мяркуюць, што назва пайшла ад формы старога рэчышча або ад прозвішча былога ўладальніка сенажаці. Сена з гэтага лугу было самае лепшае, вельмі пахучае, і жывёла з задавальненнем яго паядала.
Відолеўкі – так называлі лес за Кілбасовым балотам, куды хадзілі па чарніцы і грыбы.
Шчытнік – участак зямлі непадалёку ад Лозкі на беразе Шчары, на якім пасвілі свойскую жывёлу. Тут расла трава, якая нагадвала шчацінне, таму і назва такая.
Ядловец – месца побач са шчытнікам з вялікай колькасцю ядлоўцу. З тонкіх галінак ядлоўцу плялі кошыкі і кашы для вазоў.
Падберагі – месца вакол крыніцы, якая выцякала з краю лесу і працягвала свой шлях паміж невысокіх крутых берагоў да самай Шчары. Зімой крыніца не замярзала; туды збіралася шмат рыбы, якую часта лавілі.
Цеслікава Затока. Цеслікаў кружок. Затока – гэта невялікі заліўчык даўжынёй каля 70 м і шырынёй каля 10 м. Цеслікаў кружок знаходзіўся побач з Кілбасовым балотам. Ніжэй па цячэнні р. Шчара мела выгляд пятлі, а калі пракапалі новае рэчышча, то атрымаўся невялікі востраў. Там касілі траву, сушылі і на лодках перавозілі на свой бераг. Наз-ву атрымала па прозвішчы былога ўладальніка гэтай сенажаці – Цесліка –
з вёскі Мыслабаж.
Бакасоў роў – лагчына па абодва бакі дарогі на Ляхавічы на адлегласці 1 км ад Набярэжнай. Назва пайшла ад мянушкі “Бакас” былога ўладальніка зямлі, на якім роў знаходзіцца.
Крыніцы – крынічкі непадалёку ад Бакасова рова, размешчаныя на балоцістым месцы. Каля крынічак на калочку заўсёды вісеў слоік, каб у любы час можна было здаволіць смагу вельмі чыстай і халоднай крынічнай вадой. У той час пужалі дзяцей тым, што на крыніцах жывуць чэрці, каб без дарослых яны туды не хадзілі.
Тарфяныя ямы. Непадалёку ад Крыніц былі залежы торфу. Там капалі яго для калгаса і для сваіх патрэб (на паліва). Каб торф атрымліваўся ў выглядзе брускоў, карысталіся спецыяльнай лапатай.
Вялікае балота – заліўны луг паміж старым і новым рэчышчамі Шчары. На ім вяскоўцы касілі траву.
Драцянка – месца на рацэ з паўднёвага боку Вялікага балота. Пасля вайны на дне ракі было многа калючага дроту, таму такая назва.
Дварэц – пясчаны пляж, дзе злу-чаецца канава Міхайлаўка з р. Шчара. Як расказваў Нікіфар Расоха, родны дзядзька маёй маці (яна родам з в. Мыслабаж), калісьці там быў пабудаваны прыгожы маёнтак пана. Адсюль і пайшла назва – Дварэц.
Зімнік – глыбокі вір у выгібе ракі, дзе зімой збіралася рыба (зімавальнік, зімавальная яма). Зімавальная яма папаўнялася свежай вадою з крынічак, якія струменіліся вакол яе.
Калодзесік – вельмі глыбокі вір на Шчары ў выглядзе калодзежа.
Грудок – невялікі ўзгорак на ўскрайку лесу, куды на насілах выносілі копы сена. Асабліва ў дажджлівае лета на возе нельга было праехаць цераз балоцістае месца каля Грудка. Пазней на гэтым узгорку абсталявалі стадыён для піянерскага лагера.
Ямінка – месца для купання на Шчары глыбінёй каля трох метраў. На беразе быў жоўты пясок, на якім грэліся пасля доўгага купання.
Пратва. Недалёка ад Ямінкі, ніжэй па цячэнні ракі, на пясчанай водмелі жанчыны мылі бялізну і адбельвалі палотны. Для зручнасці Пратва была абсталявана плоскімі камянямі.
Глухі вір – глыбокі вір на выгібе ракі. Там чамусьці не лавілася рыба, таму месца атрымала такую назву.
Залаўка – заліўны луг у загібе Шчары, на якім звычайна пасвілі жывёлу.
Поплава – заліўны луг побач з Залаўкай, дзе таксама пасвілі жывёлу.
Крыўля – месца, дзе Шчара рабіла вельмі круты загіб.
Заднія агароды – выдзеленыя кожнаму гаспадару палосы зямлі (па 4 соткі) насупраць жылых дамоў у бок ракі для вырошчвання агародніны. Асабліва   добра там расла капуста.
Змяінае балотца – забалочанае месца на левым беразе Шчары. На купінах расло шмат журавін і вадзілася мноства гадзюк.
Канатоп – балоцістая мясціна ва ўрочышчы Смуга, у якую іншы раз траплялі коні ці каровы і самастойна
выбрацца не маглі. Выцягвалі іх вяроўкамі самыя дужыя вяскоўцы.
Пажарок – узвышанае месца без хмызняку паблізу Канатопа, на якім распальвалі вогнішча ў час начнога.
Смуга – урочышча за Заднімі агародамі, зарослае вольхай і лазою. Там пасвілі жывёлу. Хмызняк выкарыстоўвалі для гаспадарчых патрэб.
Кардашова крыніца працякала па Змяіным балотцы. Назву атрымала ад прозвішча жыхара в. Мыслабаж, якому раней належала гэта сенажаць.
Ганцаўскі гасцінец – дарога да вёскі Ганцавічы.
Брадок – невялікі ручай у канцы ўсіх зямельных надзелаў перад Арцёмаўскім лесам. Свой пачатак ручай бярэ ў хмызняку і цячэ ва ўрочышча Смуга. Такую назву атрымаў таму, што пасля вялікіх дажджоў ператвараўся ў бурлівы паток, які можна было перайсці толькі ўброд. Цяпер ён працякае пад дарогай па трубе, далей – паміж двух дачных участкаў і ўпадае ў вадасховішча Мінічы.
Апітак – невялічкая мясціна на ўскрайку лесу на высокім беразе Шчары. Летам тут шмат адпачываючых.
Пацяроб – невялікі лясок у канцы Смугі, заросшы ў асноўным бярозамі і вольхай. Ён не ўваходзіў у склад лясніцтва, таму сяляне нарыхтоўвалі ў ім дровы для асабістых патрэб (”церабілі” лес).
Арцёмаў лес. Тут на хутары жыў гаспадар Арцём Яварчук, у якога было  11 дзяцей. Старэйшы сын Валерый загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Трыба – дарога з Рэйтанава на Яз.
Яз – фартыфікацыйнае збудаванне, якое складаецца з плаціны і шлюзаў. Па задуме белапалякаў Яз планавалася выкарыстоўваць у якасці натуральнай перашкоды для праціўніка. Калі закрыць шлюзы, то мясцовасць будзе затоплена вадой, што створыць цяжкасці для пераправы. У гады Вялікай Айчыннай вайны мост са шлюзамі быў узарваны.
Да 1956 года на абодвух берагах ракі заставаўся насып. Улетку таго ж года на працягу трох сутак бесперапынна ліў дождж. Рака выйшла з берагоў і размыла насып на яе правым беразе, увесь пясок з насыпу сагнала ў вір. Да гэтага выпадку вір меў глыбіню 16 м, а пасля – 11 м.
Святая крыніца. З-пад высокай горкі на Язе цякла крыніца. Абапал яе рэчышча круглы год расла трава, а ў крыніцы – водарасці. Калі геолагі праводзілі падрыхтоўчыя работы перад будаўніцтвам плаціны, выявілі ў водах крынічкі іоны серабра. З той пары і пачалося паломніцтва да крыніцы. Людзі лічаць, што вада тут гаючая, таму за крынічкай замацавалася назва Святая.
Дубішча – невялікае паселішча некалі з паўтара дзясятка хутароў сярод лесу ўздоўж дарогі ў напрамку Брэст-Маскоўскай шашы. Там расло многа дубоў. Цяпер застаўся толькі адзін жылы хутар.
Ендрыкава лагчына. Каля яе быў  хутар, гаспадар якога меў мянушку Ендрык.
Амелянец – лес на адлегласці 2 км ад вёскі, у якім на старых дрэвах было шмат амялы.
Печышча – месца на скрыжаванні дзвюх дарог (ганцаўскага гасцінца і былой дарогі на Падбарочча), дзе капалі гліну для цагельнага завода. Пасля копкі гліны ўтвараліся месцы, падобныя на жаролы печаў. Адсюль такая назва.
Цяпер Печышча зруйнавалі, але на ім нічога не сеюць і не садзяць, таму што там вельмі вільготная глеба і сельскагаспадарчая тэхніка не праходзіць.
Кірылава сценка – вузкая паласа зямлі, якая праходзіла па краю Кірылава зямельнага надзелу і якой карысталіся для праезду і праходу з ганцаўскага гасцінца да вёскі.
Горка – узвышша каля былой школы, яно крута спускалася да месца купання – Ямінкі. На горцы была выпукласць – Гурбанок – памерам каля трох метраў у дыяметры. Адсюль добра было назіраць за ўсім, што адбывалася навокал.
Абрэчак – невялікая затока на рацэ непадалёку ад Ямінкі, у якой было многа гразі. У дзяцінстве летам мы бегалі туды “прымаць гразевыя ванны”.
Пясочак – месца ля былой школы, дзе мясцовыя жыхары капалі пясок для гаспадарчых патрэб, а дзецям было вялікае раздолле для гульні. Узімку на гэтым месцы на лыжах і санках з’язджалі з невялікай горкі, якая была падобная на гарбы вярблюда. На ёй часта ламаліся лыжы, а горку называлі Барбос.
У даўніну на гэтым месцы, па ўспамінах старажылаў, стаяла карчма. Цяпер тут расце сад.
Якубава горка – гарадзішча раннефеадальнага перыяду (10-13 ст.), якое знаходзілася на паўночнай ускраіне вёскі на мысе правага берага Шчары. Яно было ўмацавана валам вышынёй 1,5 м і ровам глыбінёй 0,5 м з трыма ўваходамі (адзін у бок поля і два – у бок ракі). Мяркуюць, што адсюль і пачалася вёска. Горка атрымала назву па імені жыхара вёскі Якуба, які жыў паблізу.
Глінішча – месца побач з вёскай, дзе вяскоўцы (і не толькі) капалі гліну для кладкі пячэй. Пасля вайны, калі вёска пачала адбудоўвацца, патрэба ў гліне ўзрасла; на Глінішчы ўтвараліся цэлыя катакомбы, і дзеці там вельмі любілі гуляць у хованкі.

Нізок – нізіна з правага боку дарогі, якая вядзе на Ляхавічы, на адлегласці каля 500 м ад вёскі. Раней там знаходзіўся гравійны кар’ер і рэшткі вузкакалейкі. Цераз Нізок праходзіла дарога, а цяпер праведзена рэкультывацыя і пасаджаны лес.
Мельнікаў роў – лагчына, якая цягнецца з Нізка да вадасховішча. Яна знаходзілася на тэрыторыі ўладальніка зямлі па мянушцы Мельнік, таму атрымала адпаведную назву.
Пацееўшчына – выкуплены некалі ў пана ўчастак зямлі з вялікай колькасцю каменняў. Каб поле апрацаваць, трэба было добра папацець.
Малая цагельня – месца, дзе калісьці быў цагельны завод. Гліну капалі на Печышчы і па вузкакалейцы падвозілі на завод. Калі на Печышчы запасы гліны закончыліся, яе пачалі нарыхтоўваць на тэрыторыі Малой цагельні.
Вялікая цагельня – месца, дзе калісьці быў цагельны завод. Цэглу ваганеткамі па вузкакалейцы (рэшткі яе захаваліся ў лесе Шпылькаўшчына) адвозілі ў Альхоўцы. Пазней тэрыторыя Малой і Вялікай цагельняў зарасла арэшнікам, туды хадзілі ў арэхі. Цяпер Малой цагельні няма, а на тэрыторыі Вялікай – кар’ер, дзе здабываюць пясок.
Маяк – найвышэйшая кропка ў нашай акрузе (197 м над узроўнем мора). Калісьці тут быў устаноўлены геадэзічны знак у выглядзе вышкі вышынёй каля 20 м. Зараз там расце лес, вышкі няма, а месца называюць Маяк.
Ваўкаўня – тут у Шпылькаўшчыне пасля вайны вадзіліся ваўкі.
Шпылькаўшчына – лясны масіў справа ад дарогі на Падбарочча. Магчыма, назва пайшла ад вялікай колькасці калючага кустоўя: шыпшыны, глогу, маліны, ажыны, ядлоўцу.
Падоўжны лужок – затоплены вадою луг памерам каля 600 м у даўжыню і 50 м у шырыню. Як расказвалі старыя людзі, на гэтым месцы стаяла вёска, а недалёка ад яе знаходзіўся панскі двор. У час вялікай навальніцы і вёска, і панскі двор зніклі з твару зямлі. У тую ноч нават у нашай вёсцы (на адлегласці 2 км) было чуваць мычанне кароў, выццё сабак і чалавечыя крыкі. Пазней на гэтым месцы знаходзілі драўляныя кухонныя рэчы
(у прыватнасці, адзін з жыхароў знайшоў там маслабойку), а каровы мычалі пры набліжэнні да гэтага месца і ніколі не пілі там ваду. Гэтае месца цяпер называюць Патапельны лужок.
Засценак – лясны масіў за Шпылькаўшчынай да дарогі на Альхоўцы.
Чурыла – участак зямлі шырынёй каля 100 м з правага боку дарогі, што вядзе на Маяк. Жыхары вёскі выкарыстоўвалі яго ў асноўным для прагону жывёлы на пашу ў Шпылькаўшчыну.
Асмолаўшчына – бярозавы гай, які цягнуўся вузкай паласой у канцы ўсіх зямельных надзелаў ад могілак да Лужка. Назва, магчыма, пайшла ад таго, што ў ім было шмат вывернутых сасновых пнёў, і жыхары нарыхтоўвалі з іх смалячкі для распальвання дроў у печах. Другое меркаванне наступнае: калісьці маланка трапіла ў некалькі сасновых дрэў і вельмі моцна іх абпаліла. Яны стаялі абсмаленыя доўгі час, а потым ветрам іх вывернула з зямлі.

Матэрыял падрыхтаваў Мікалай СТРАМАВУС.

У Набярэжнай дбайныя гаспадары

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *