Фізіка і лірыка Івана Купрыка

Першым настаўнікам фізікі ў маім класе быў Іван Фаміч Купрык. Да ўрокаў рыхтаваліся, Івана Фаміча, у добрым сэнсе, пабойваліся і – адназначна – паважалі. Не ўсе аднолькава засвойвалі праграму, але дружна і з гатоўнасцю скандзіравалі: “не ведаеш закона Ома, сядзі дома!”. А купрыкаўскае “дзесяць хвілін урока, пяць – перапынку: хуценька рашаем задачку па варыянтах…” успамінаецца дагэтуль, як успамінаецца многае са школьнага жыцця. Сёння ўжо можна сцвярджаць: Іван Фаміч з тых педагогаў, чый удзел у фарміраванні характару вучня, зацікаўленасці прадметам надзвычай уплывовы. Не па датычнай быў кантакт нашага фізіка з класам – а па вектары сардэчнасці, без сюсюкання – але вельмі шчыра, клапатліва, мудра. Яго сумленнасць, няўменне і нежаданне крывіць душою, мусіць, не заўсёды былі “зручнымі” якасцямі. Ён ніколі не здраджваў сабе, сябрам, сваёй любімай педагогіцы. Давялося працаваць у Сваятыцкім дзіцячым доме, у вясковай школе, але асаблівай часткай яго жыцця стала   СШ № 1 г. Ляхавічы.

Яшчэ адно захапленне Івана Фаміча, якое дапаўняе яго вобраз як інтэлектуала і творчай асобы, – шахматы. Пасля выхаду на пенсію яго педагагічна-разумовы патэнцыял увасабляецца ў трэнерскай працы: інструктар-метадыст фізкультурна-спартыўнага клуба, Купрык разыгрывае са сваімі выхаванцамі шахматныя баталіі, у якіх кожная партыя – не проста гульня, а ўрок мыслення. Магчыма, у тым ліку і гэта дазваляе яму не паддавацца часу, быць у тонусе, нераўнадушным, уважлівым да людзей і заўсёды – філосафам.

Дарэчы, аўтарства філасофіі Івана Фаміча па праве можа раздзяліць і яго “палавінка”: Вера Іосіфаўна поруч з мужам ідзе па жыцці прыгожа і годна. Праўда, не толькі ідзе, але (ляхавічане гэту карціну бачылі не аднойчы) садзіцца на раму веласіпеда, якім кіруе яе надзейны Іван Фаміч. І – паехалі! Не ведаю, як у каго, а ў мяне на сэрцы ад гэтага вельмі цёпла і светла. Як светла робіцца на душы ў маіх аднакласнікаў выпуску 1971 года, калі яны гавораць пра любімых настаўнікаў.

Валянціна Жарабцова: “У маіх школьных успамінах Іван Фаміч і строгі, і вельмі добры. На ўроках фізікі, дзякуючы яму, мы былі не проста вучнямі, але і даследчыкамі”.

Леанід Цупрык: “З бязмернай   удзячнасцю і цеплынёй успамінаю ўсіх сваіх настаўнікаў і, канешне, Івана Фаміча Купрыка. Я быў не толькі ягоным вучнем, але і калегам: пасля заканчэння школы працаваў у СШ № 1.  Ды і захапленне фізікай з’явілася не без уплыву гэтага цудоўнага педагога”.

Ірына Найда: “Здаецца, і сёння чую тую цішыню ў класе, калі чакалі, каго выкліча Іван Фаміч да дошкі рашаць задачу… А як ганарыліся тыя, каго ён хваліў за кемлівасць! Дзякуй за школьную навуку, паважаны настаўнік!”.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “Фізіка і лірыка Івана Купрыка

  • 15/04/2016 в 23:00
    Permalink

    Удивительно, я до сих пор помню Ивана Фомича. При моих ярко выраженных гуманитарных наклонностях у меня была «5» по физике и даже в олимпиаде я участвовала.

  • 18/04/2016 в 17:45
    Permalink

    Есть люди, которые западают в душу на всю жизнь и воспоминания о них остаются навсегда. К таким относится Иван Фомич Куприк. Давно не ученица, но перед Иваном Фомичом робею, как школьница. Настоящий Педагог, замечательный человек и семьянин.Ваши ученики помнят Вас, Иван Фомич!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *