Good morning з ляхавіцкім акцэнтам. У Ляхавічах Клаўдзію Самсонаўну ведаюць як педагога-прафесіянала СШ №2

Кожны вучань – талент. Настаўніцкі абавязак – падабраць ключык да яго здольнасцяў. Чым раней бацькі пачнуць знаёміць дзіця з рознымі мовамі, тым прасцей яму будзе разабрацца ў іх асаблівасцях, лічыць ветэран педагагічнай працы Клаўдзія Станкевіч

Пэўна, каб не дзіцячая цікаўнасць і заўсёднае жаданне дабрацца да сутнасці, дасягнуць пастаўленай мэты, то не мела б СШ № 2 цудоўнага педагога, жыццярадаснага і нераўнадушнага чалавека – Клаўдзію Станкевіч. Чаму? Таму што лёсавызначальнае значэнне адыграў выпадак.
Было гэта ў гады вайны, калі немцы адступалі, спыніліся каля лугу, недалёка ад вёскі. Пасля рабяты шмат рэчаў там знайшлі, а дзяўчынка Клава – дзве кнігі на замежнай мове. За лета перачытала на нямецкай – у час акупацыі на ёй вялі ўрокі ў школе. Другая кніжка была на невядомай тады для яе мове – англійскай. Зацікавіла, вырашыла і яе вывучыць.
Малая радзіма Клаўдзіі Самсонаўны – Навагрудчына, дзе жыў бацька і родныя. Акупацыя, фашысцкія выхадкі не перакрэслілі веру дзяўчынкі ў заўтрашні дзень, які абавязкова лепшы за папярэдні. Школьную навуку схоплівала, што кажуць, на ляту. Любіла фізіку, але знойдзеныя аднойчы кніжкі і парада бацькі выбраць прафесію, звязаную з вывучэннем замежнай мовы, накіравалі выпускніцу ў Гродзенскі педінстытут. Дзесяцікласніцы на той момант было 20 гадоў.
Пасля заканчэння ВНУ па накіраванні адправілася ў абласны аддзел народнай адукацыі ў Брэст. Выбірала населены пункт, каб бліжэй да бацькі. Так апынулася ў Ляхавічах. Першым працоўным месцам стала СШ №1. Настаўніцу адразу «ўкамплектавалі» пятым, шостым, восьмым і дзявятым класамі. Рабят вучыла англійскай і нямецкай мовам. Аб’ёмная нагрузка не спалохала, наадварот – цвёрда ўпэўніла ў правільнасці прафесійнага выбару. Інтэлігентную і патрабавальную настаўніцу запрашалі ў райкам партыі – засталася вернай школе, дзе займала пасаду завуча. Калі пабудавалі
СШ №2, перайшла туды, як і частка калег. І сваіх дзвюх дочак Ірыну з Ленай і сына Валерыя перавяла.
… Як навучыць дзіця размаўляць на замежнай мове? Сёння ў дапамогу інтэрнэт, розныя праграмы і трэнажоры. А тады, у 60 – 80-я гады чужыя словы даваліся школьнікам са скрыпам. Клаўдзія Самсонаўна за ўрок прысаджвалася толькі для запісу тэмы ў журнале. Яе good morning, good afternoon гучалі жыццярадасна, задавалі рабочы тон урока.
– Настаўнік павінен добра ведаць, што хоча данесці да вучня. Быць асобай, рабіць па сумленні. Каб праводзіць цікавыя ўрокі, даводзілася шмат чытаць пазакласнай літаратуры на замежнай мове, – дзеліцца сакрэтамі настаўніцкага майстэрства педагог з салідным педстажам.
Нават тыя рабяты, якія маглі прапусціць урок па ўважлівай ці не вельмі прычыне, не дазвалялі сабе гэтага ў адносінах да англійскага. Праз колькі гадоў яны дзякавалі Клаўдзіі Самсонаўне за якасць атрыманых ведаў. І ў дарослым жыцці яе вучні ў поўнай меры ацанілі настаўленні педагога.
Многія выпускнікі Клаўдзіі Станкевіч таксама сталі настаўнікамі. Прафесійны шлях, звязаны з замежнымі мовамі, выбрала і дачка Ірына – свабодна валодае англійскай і французскай, дадаткова вывучала нямецкую. Унучка таксама паліглот.
– Без мовы няма сувязі са светам, – падкрэслівае Клаўдзія Станкевіч. І яна ведае, пра што гаворыць: шмат у якіх краінах пабывала, мела магчымасць гутарыць з мясцовым насельніцтвам.  І зараз заўсёды анлайн са сваімі роднымі і сябрамі, якія жывуць у розных кутках свету.
10 чэрвеня Клаўдзія Самсонаўна адзначыла дзень нараджэння – 90-годдзе. Тэлефанаванняў, паведамленняў, сардэчных віншаванняў і кветак было шмат. За дабрыню, шчырасць і мудрасць –
дзякуй!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.