Падзарабіць і сілы аднавіць

Праграма летняга адпачынку ў кожнага свая: хтосьці прымае водныя працэдуры ці грэецца на сонцы, едзе ў лес, адпраўляецца ў падарожжа, некаторыя аддаюць перавагу размінцы на градках
і г. д. Сёлета гэтыя планы падкарэкціраваны з улікам эпідсітуацыі. Таты і мамы імкнуцца забяспечыць чэрвеньска-жнівеньскае аздараўленне дачкі ці сына. Іх увазе, у залежнасці ад узросту і запытаў, размяшчэння ўстановы адукацыі, – варыяцыі занятасці.

У СШ № 2 з 8 чэрвеня дзесяць школьнікаў залічаны ў лагер працы і адпачынку дзённага знаходжання «Праметэй» (на здымку). На кароткі час шэфства над рабятамі ўзяў камунгас. Праведзены інструктаж па ахове працы, аформлены часовыя дагаворы, запоўнены працоўныя кніжкі – усё ў адпаведнасці з заканадаўствам. Праз 18 дзён школьнікі атрымаюць заробленыя грошы. За вольны час рабят адказваюць настаўнікі, а яны ў гэтай справе профі. Навучэнец СШ Данііл Станіславовіч не хавае задавальнення ад цікавага правядзення канікулаў:
– Наш атрад называецца «Новае пакаленне». Каторы дзень іду ў лагер з радасцю. Тут сябры і тут класна! Працуем на тэрыторыі зоны адпачынку каля Ведзьмы. Час прабягае незаўважна. Затое пасля чакае смачны абед, а кормяць нас тры разы на дзень.
Начальнік лагера працы і адпачынку Вольга Рокач падкрэслівае, што знаходжанне рабят прадумана так, каб было карысна, пазнавальна і запамінальна.
У Крывошынскай СШ імя Г.С. Здановіча рабяты таксама сумяшчаюць працу з адпачынкам. Аб’яднаныя ў атрад «Юнацтва», яны шчыруюць на добраўпарадкаванні Рэпіхаўскага парку, школьнай спартыўнай пляцоўкі.
Атрады другаснай занятасці пачнуць сваю змену трохі пазней. Атрымаць працоўныя навыкі і падзарабіць змогуць рабяты з дзесяці школ: Ліпскай, Начаўскай, Малагарадзішчанскай, гімназіі, СШ №1 і іншых. Хлопчыкі і дзяўчынкі будуць займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі ўстаноў адукацыі. Фінансуе работы ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Школы прадастаўлялі праекты загадзя.
З 8 чэрвеня адчынены дзверы прышкольных лагераў ва ўсіх гарадскіх школах, у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, некаторых вясковых школах. Бацькоўская даплата складае для дзяцей 6-10 гадоў 9 рублёў,
11-13 – крыху больш за
17 рублёў. Акцэнт зроблены на бяспецы і выкананні санэпідэмічных мер. Ну і, канешне, на аздараўляльна-забаўляльным баку.
У СШ №1, напрыклад, кожны дзень тэматычны і напоўнены разнастайнымі праграмамі, віктарынамі, гульнямі, спаборніцтвамі і г. д.
Папулярны ў хлопчыкаў і дзяўчынак летнік «Чайка» адкрывае сезон з 5 ліпеня. Дзве змены плануюцца, як кажуць, звычайныя, па 15 дзён кожная. Тут змогуць аздаравіцца
23 дзіцяці з замяшчальных сем’яў. Пра іх камфортны адпачынак клапоціцца дзяржава.
Спартсмены заедуць з 8 жніў-
ня – для іх на базе азда-раўленчага лагера разгорне на два тыдні работу профільны «Колас» СДЮШАР.
Дарэчы, лета – самы час бацькам нагадаць сынам і дочкам правілы бяспечных паводзін. Таты і мамы абавязаны ведаць пра заняткі і месцазнаходжанне сваіх дзяцей.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.