Па главах школьнага рамана. 144 школьнікі Ляхавіччыны атрымалі атэстаты аб заканчэнні агульнай сярэдняй адукацыі, з іх 12 – з адзнакай

144 школьнікі Ляхавіччыны атрымалі атэстаты аб заканчэнні агульнай сярэдняй адукацыі, з іх 12 – з адзнакай.
28 навучэнцаў атрымалі статус выпускнікоў профільных аграрных класаў, 17 педагагічных класаў.

Атэстат атрыманы! 10 чэрвеня 2020 года ў памяці выпускнікоў занатуецца шчымлівымі, радаснымі і прыгожымі пачуццямі. Момант развітання са школай урачыста-ўзнёслы: 144 юным землякам уручаны дакументы аб заканчэнні агульнай сярэдняй адукацыі, з іх 12 удастоены адзнакі самай высокай вартасці – медалёў.
Узначальвае залаты парад гімназія. Каштоўных узнагарод за выдатную вучобу тут заслужылі пяць выпускнікоў: Аліна Аліноўская, Анастасія Богдан, Анастасія Бузук, Кірыл Лапцеў, Кацярына Асіповіч. Медалісты СШ №1:
Ксенія Граблюк, Алег Маневіч, Глеб Сідор, Аляксандр Пінчук. У Жарабковіцкай СШ імя М.Г. Мінкевіча лепшы Аляксандр Русакевіч, у Крывошынскай СШ імя Г.С. Здановіча – Анатолій Бобка. У Конькаўскім вучэбна-педагагічным комплексе «дзіцячы сад – сярэдняя школа» выдатніца Анастасія Іваноўская.
Вучыліся, пакаралі школьныя вяршыні, атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды. Сярод апошніх вучэбных дасягненняў медалістаў – адзнакі не толькі раённага ўзроўню.
Гімназістка Аліна Аліноўская на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры заваявала дыплом
III ступені і была вызвалена ад здачы выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце. Анастасія Богдан у 2019 годзе ўзнагароджана дыпломам III ступені рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, за што і атрымала матэрыяльнае заахвочванне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Не раз яна станавілася героем публікацый «ЛВ». Як і Аляксандр Русакевіч з Жарабковіцкай СШ – пераможца
V адкрытай рэспубліканскай алімпіяды навучэнцаў «Крок да інавацый», уладальнік «бронзавай» адзнакі на абласной навукова-практычнай канферэнцыі. Напрыканцы мінулага года Саша атрымаў матэрыяльнае заахвочванне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Глеб Сідор з СШ №1 – дыпламант II ступені ў завочнай абласной алімпіядзе па беларускай мове. Ксенія Граблюк з гэтай жа ўстановы адукацыі летась стала фіналісткай рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіяды па школьных прадметах.
Усе юнакі і дзяўчаты дастойны пахвалы, захаплення і гонару.
Сёлета сярод тых, хто развітаўся са школай, 28 выпускнікоў профільных аграрных (16 – у СШ № 1, 12 – у СШ № 2 )
і 17 педагагічных класаў (СШ № 2). Яны маюць ільготы пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны.
…Словы прызнання, удзячнасці настаўнікам і бацькам, віншаванні выпускнікам гучалі ва ўсіх школах раёна. Свята хоць і прайшло ў вузкім фармаце, (з улікам рэкамендацый медыкаў), але з асаблівай нотай сардэчнасці.
Скончаны школьны раман у 11-класнікаў СШ № 1. Тут уручэнне атэстатаў стылізавалі пад главы кнігі, дзе адлюстравалі самыя адметныя, непаўторныя, шчаслівыя вучэбныя дні. Выпускнікі, бы знакамітыя зоркі, крочылі па чырвонай дарожцы. А пасля садзілі магнолію. У Год малой радзімы падарунак сімвалічны – гэта і асэнсаванне важнасці ў лёсе роднага краю, педагогаў, бацькоў і родных, любоў да горада, дзе нарадзіліся, выраслі. Адным словам, пакінулі альма-матар такі напамін пра сябе, які будзе набірацца сілы і радаваць цудоўнымі кветкамі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы скарэкціраваны 5 чэрвеня указам Прэзідэнта. Так, выпускнікі профільных аграрных класаў пры паступленні на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці будуць залічвацца па выніках гутаркі без уступных выпрабаванняў. Пры гэтым у іх школьны бал па профільных прадметах павінен быць не ніжэй сямі.

СШ №1

На здымку 11 «А» СШ №1. Пра свайго класнага кіраўніка
Лілію Мечыславаўну Маслоўскую выпускнікі гавораць,
што ім вельмі з ёй пашанцавала
11 «Б» СШ № 1  і яго  самая класная «класная» Іна Данілаўна Бортнік.
Залатыя медалісты СШ №1

СШ №2

Гимназия

Подлесский ВПК детский сад-школа