Узрост мудрасці

У шчырасці, узаемных клопатах, павазе, любві ідуць па жыцці поруч Мяфодзій і Валянціна Пабягайлы.

Калі прыходзіць пенсійны ўзрост, многія лічаць, што самае важнае, лепшае, прыгожае ўжо мінула, маўляў, як у прыродзе, так і ў жыцці, наступае восень. Зусім забываюцца, што ў гэтай пары бывае яшчэ і бабіна лета – час светлы і радасны. Пацвярджэнне гэтаму – жыццё многіх нашых землякоў, тых, каму за…, іх добрыя справы “для сябе і для іншых”, учынкі, памкненні, вартыя ўвагі і пераймання.

Валянціна Паўлоўская, Галіна Багушэвіч, Святлана Куркач, Ніна Палівода – пенсіянеркі. Гэтых вельмі розных людзей звязалі актыўная жыццёвая пазіцыя і перакананне, што пенсійны ўзрост не прычына, каб сядзець без справы. Пры раённым таварыстве Чырвонага Крыжа створана аб’яднанне з прыгожай і, галоўнае, дакладнай назвай “Залаты ўзрост”, і яны – актывісткі гэтага аб’яднання. Сёння ў “Залатым узросце” дзейнічаюць розныя гурткі. Напрыклад, літаратурны, дзе збіраюцца нераўнадушныя да паэзіі і прозы асобы, ладзяць чытанні, за кубачкам чаю дзеляцца меркаваннямі. Аматараў музыкі і спеваў сабрала “Рабінушка”. Сапраўдныя смачныя шэдэўры гатуюць жанчыны ў кулінарным гуртку. Адзін дзень тыдня – аўторак – спартыўны. Дарэчы, напярэдадні Дня пажылых людзей арганізуецца турнір, на які чакаецца прыезд каманды з Баранавічаў.

Сёння нашы землякі шаноўнага ўзросту адпраўляюцца на экскурсіі, займаюцца валанцёрскімі справамі, творчасцю. Пенсіянерак-актывістак з Ляхавіч запрасілі на рэспубліканскі форум пажылых людзей, на якім яны таксама вызначыліся: іх падзелкі, а таксама валанцёрскі вопыт прыцягнулі ўвагу журы. Дадому прывезлі дыплом і падарункі.

Шчырую павагу заслугоўваюць людзі творчыя і нераўнадушныя. Такія, як былы лётчык, жыхар вёскі Набярэжная Мікалай Страмавус. Здаецца, няма такой справы, у якой ён

недасведчаны. З камп’ютарам на “ты”, пра зоркі на небе можа расказваць гадзінамі, складае карты руху нябесных свяціл, апісаў тапонімы роднай вёскі, у хвіліну натхнення піша вершы, спявае ў хоры ветэранаў, любіць пасядзець з вудай на беразе Шчары. А ля бацькоўскай хаты, якую аднавіў і добраўпарадкаваў, Мікалай Сямёнавіч пасадзіў сад. Вяскоўцы паважаюць свайго земляка, таму і выбралі яго старастам. Ён паспявае выслухаць іх праблемы і прапановы, пасадзейнічаць у вырашэнні, клапоціцца пра добраўпарадкаванне вёскі і марыць пасадзіць малады парк…

Трымаю ў руках зборнічак вершаў Валянціны Пабягайла. Нават каб не ведала гэтую жанчыну, то па вершаваных радках, што ўмясцілі ў сябе радасць, сум, роспач, прыгажосць чалавечых адносін, высновы з жыццёвых супярэчнасцяў, няцяжка здагадацца, наколькі ў яе светлая душа, чулае і трапяткое сэрца. Валянціна Іванаўна – энергічная, неабыякавая, дабразычлівая, імклівая, прыгожая. Цудоўная жонка, клапатлівая матуля і бабуля, мудрая цешча, добрая сястра – у адной асобе. А яшчэ выдатная гаспадыня, у яе доме заўсёды парадак і смачна пахне свежы абед, а ў двары цвітуць кветкі. Жыццё з усімі яго праяўленнямі – тэма для вершаў, якія нараджаюцца самі сабой…

Калі бываю ў роднай вёсцы, заўсёды рада спатканню з былой настаўніцай Аленай   Таранда. Шчырая размова з ёй – нібы масток у мінулае, далёкае і блізкае, незабыўнае. Алена Іванаўна ўсё такая ж маладая душой і памкненнямі, як і тады, калі атрымала званне Заслужанай настаўніцы БССР, і мы ганарыліся ёю. І цяпер яна спявае ў фальклорным калектыве Жарабковіцкага СДК, з задавальненнем удзельнічае ў святочных абрадах, напрыклад, у “Зажынках” і “Дажынках”. На сустрэчах з выпускнікамі школы з цеплынёй успамінае сваіх вучняў. Інтэлігентная, прыветная, тактоўная і вельмі маладая ў сваіх разважаннях наконт сучаснасці. Што такое старасць? На яе думку, гэта мудрасць, дзяліцца якой з маладымі яна лічыць сваім абавязкам, як і раней.

Жыццё пражыць – не поле перайсці. Можна толькі ўявіць, колькі выпала выпрабаванняў на долю тых, каму сёння 100 і больш гадоў. Жывая гісторыя – Алена Адаська з вёскі Літва, якой споўнілася 105 гадоў, Станіслава Бубен з Дарава, Разалія Гаўдзіс з Русінавіч. Стогадовы юбілей сёлета адсвяткаваў Станіслаў Макарэвіч з Задвор’я. Ён ветэран Вялікай Айчыннай вайны, з баямі салдат-вызваліцель дайшоў да Берліна.

Кожнаму чалавеку наканаваны свой лёс, свая жыццёвая дарога. А як прайсці па ёй, які выбраць накірунак, знае толькі сам чалавек – каваль свайго шчасця.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Іх узрост залаты: Валянціна Паўлоўская, Галіна Багушэвіч, Ірэна Касьянік, Мікалай Міхайленя, Святлана Куркач.

У «авіяцыйнай» калекцыі Мікалая Страмавуса самалёты самых розных мадэляў.

Алена Таранда – педагог па жыцці.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Станіслаў Макарэвіч з Задвор’я.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *