Аўтографы Саладухі

Своеасаблівы знак якасці пастаўлены на будынках райбальніцы, гарадскога Дома культуры, СШ № 1, шматлікіх жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў, аб’ектах сацкультбыту, дзясятках жылых дамоў, у тым ліку ў мікрараёне па вуліцы Інтэрнацыянальнай нашым земляком Уладзімірам Саладухам. Свой шлях у адну з самых мірных прафесій ён пачаў пасля вучобы ў будаўнічым тэхнікуме. Потым быў падрадчыкам, заказчыкам, кіраўніком – гэта старонка яго біяграфіі ўжо звязана з нашым раёнам.
Ляхавіччына стала для Уладзіміра Міхайлавіча не толькі другой радзімай, якую ён палюбіў усім сэрцам, але і месцам, дзе рэалізаваліся яго галоўныя прафесійныя задумкі і праекты, адбылося станаўленне як майстра будаўнічай справы. Тут ён знайшоў і сваю другую палавінку,стварыў сям’ю, нарадзіліся дзеці.
Начальнік ПМК-46, ПМК-17, намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва – прыступкі кар’ернай лесвіцы Уладзіміра Саладухі вельмі выразныя. Будаўнічы стаж Уладзіміра Міхайлавіча – больш за паўстагоддзе. Ён даўно на заслужаным адпачынку, але роля звычайнага пенсіянера, які бавіць час выключна ля тэлевізара ці на лаўцы ля дома, не для яго. Саладуха захапляецца астраноміяй, шмат чытае, займаецца з праўнукамі. З жонкай Ітай Антонаўнай заўсёды рады, калі ў іх утульнай кватэры збіраецца вялікая сям’я – чатыры пакаленні.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *