А мы з табой, брат, з пяхоты

Гадоў 30 ужо, як Іван Занько “кінуў якар” у Ляхавічах. Аднак, перш чым прычаліць у нашым горадзе, за плячамі ўдзельніка Вялікай Айчыннай засталася, сярод іншага, і не адна марская міля шляху.
…Праводзіны былі – калі былі – нядоўгімі і здарыліся ў ліпені 1944 года, адразу пасля вызвалення Капыльшчыны, дзе ў вёсцы Малая Раёўка нарадзіўся і жыў Іван Занько. У той год ён дасягнуў паўналецця, прыняў першы бой, быў моцна паранены.
Паскораныя курсы баявой падрыхтоўкі ў складзе запаснога стралковага палка “зрабілі” з юнака кулямётчыка станкавога кулямёта. Дарэчы, у рознай якасці, на іншых пасадах але нязменна на пару з вядомым кожнаму “максімам” Іван Вікенцьевіч прайшоў да канца вайны. Перапынкі здараліся, аднак, па выключна паважлівых прычынах: калі пасля раненняў знаходзіўся ў медсанбатах і шпіталях. У пяхоты свой рахунак на вайне. Тыдзень на пярэднім краі для байца стралковага падраздзялення ўжо шмат. Асабліва ў наступленні. Ды і раненне – далёка не самы сумны зыход. Іван Вікенцьевіч некалькі губляецца ў дакладнасці ўспамінаў: “Здарылася гэта дзесьці непадалёку граніцы, у адным з першых баёў…” Разрыў артылерыйскага снарада і – доўгае забыццё. Да сябе прыйшоў на шпітальным ложку, у Чувашыі. Акрамя асколка ў грудзі, у тым баі кулямётчык Занько атрымаў і цяжкую кантузію.
Пасля лячэння зноў фронт: гэтак жа ў складзе “царыцы палёў”, аднак, з павышэннем у званні да сяржанта і на пасадзе камандзіра кулямётнага аддзялення. І доўгія вёрсты вайны. Дзе на брані Т-34 у складзе танкавага дэсанта, дзе па-пластунску да зямлі прыпадаючы, а па-большасці – пехатой. У Польшчы быў зноў паранены: на гэты раз дасталося нагам. Перамозе ж Іван Вікенцьевіч з аднапалчанамі салютавалі ўжо на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Перад тым, аднак, у адным з баявых кантактаў зноў не размінуўся з варожай куляй, што, на шчасце, неглыбока зачапіла руку.
Вайна з Японіяй, куды пасля разгрому фашысцкіх захопнікаў у складзе аднаго з падраздзяленняў быў накіраваны і старшы сяржант Занько, завяршылася для яго так і не пачаўшыся. Пакуль ехалі, з японскімі мілітарыстамі было скончана.
Мірны тэрмін вайсковай службы Івана Вікенцьевіча працягваўся да канца 1947 года. Пасля – праца, пераважна на Поўначы, непадалёку горада Нар’ян-Мар Архангельскай вобласці. Пра тыя часы ў доме Івана Вікенцьевіча нагадвае шмат што.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *