17 асобны батальён сувязі прайшоў баявое хрышчэнне

Ва ўсе часы гэта высакародная місія — пераважна мужчынская: стаяць на варце міру. Сёння ў армейскім страі ўнукі-праўнукі пакалення пераможцаў — тых, хто ў грозныя, апаленыя Вялікай Айчыннай саракавыя, выстаяў, праз усе выпрабаванні прайшоў годна і пераможна, хто адстаяў свабоду роднай зямлі і стаў аўтарам велічнага 9 Мая 1945 года.
Над незалежнай Рэспублікай Беларусь мірнае неба, пад якім так радасна, утульна жыць, працаваць, ствараць. Нізкі паклон тым, хто здабыў гэту галоўную ўмову шчасця, правільней, само шчасце — быць свабодным грамадзянінам свабоднай краіны. Бязмежная павага і пашана ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і сённяшнім абаронцам Айчыны, якія дастойна працягваюць традыцыі старэйшых пакаленняў .
Субота 13 і панядзелак 15 лютага 2010 года ў памяці маладых воінаў застануцца назаўсёды. У мінулым застаўся курс маладога байца, знаёмства і авалоданне першапачатковымі армейскімі навыкамі. І вось – баявое падраздзяленне: 17 асобны батальён сувязі. Першае знаёмства з казармай, бытам, тэхнікай, прызначэнне на пасады і адзін з самых запамінальна-ўрачыстых момантаў воінскай службы – рытуал уручэння маладым салдатам баявой зброі.
Як адраджэнне праваслаўнай традыцыі, на рытуале ўручэння зброі ў нашай часці прысутнічаў свяшчэннік прыходу храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца, што ў вёсцы Дарава, іерэй Андрэй Абрамовіч. Быў адслужаны малебен, праведзена асвячэнне зброі.
Наперадзе хлопцаў чакаюць нялёгкія салдацкія будні: асваенне воінскай спецыяльнасці, нясенне баявых дзяжурстваў, служба ў сутачным нарадзе, вучэнні, разнастайныя трэніроўкі і шмат іншага.
У кожнага ў вачах нямое пытанне: “Ці пад сілу мне гэта?” Так, на гэта здольны кожны салдат, калі вакол яго знаходзяцца клапатлівыя камандзіры, верныя сябры. Вельмі хочацца, каб наш калектыў быў іменна такім. І каб воіны, якія да яго толькі што далучыліся, ганарыліся службай у нашым батальёне, службай на зямлі Ляхавіччыны.
Вадзім ГУРЭЦКІ, камандзір часці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *