Любоў да музыкі Эдуарду Сіліцкаму перадалася ў спадчыну ад маці

Словы з песні пра гармонік — бы лейтматыў творчасці нашага земляка, музыканта-прафесіянала, кіраўніка народнага ансамбля народнай музыкі «Народныя музыкі» Эдуарда Сіліцкага.
На колькіх канцэртных пляцоўках нашай краіны доўга не змаўкалі апладысменты ад удзячных слухачоў пасля таго, як гучалі яго творы! Па прафесіі дырыжор (закончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры), Эдуард Сіліцкі — аўтар многіх твораў з рэпертуару «Народных музыкаў». Ён выдатна ведае дыяпазон і магчымасці кожнага інструмента і выканаўцы, таму аранжыроўкі ў выкананні калектыву атрымліваюцца арыгінальнымі і цікавымі. Іх гучанне заўсёды пазнаеш. Адсюль і поспех у слухачоў і заслужаная адзнака прафесіяналаў.
Сумесна з ансамблем народнай песні «Крыніца» «Народныя музыкі» сталі пераможцам 5-га і 7-га міжнародных фестываляў «Надбужскія фальклорныя сустрэчы» ў Польшчы, лаўрэатам фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (Віцебская вобласць), іншых музычных конкурсаў і фестываляў.
Любоў да музыкі Эдуарду Сіліцкаму перадалася ў спадчыну ад маці, якая не адно пакаленне юных ляхавічан вучыла іграць на мандаліне, а потым і на гітары.
Эдуард Вікенцьевіч у пастаянным творчым пошуку. Як кампазітар піша музыку, як аранжыроўшчык апрацоўвае беларускія песні, не парушаючы іх першапачатковага гучання, як патрыёт і мастацтвазнаўца шмат увагі надае адраджэнню нацыянальнай культуры. Апошнім часам выйшлі ў свет яго зборнікі музычных твораў «Крыніца душы», «Спадчына», «Музычны падарунак». А зайграе на беларускай дудцы, баяне ці гармоніку — ногі так і просяцца танчыць, душа радуецца і самому хочацца заспяваць. Такога рознабаковага таленту не заўважыць нельга. І чарговая перамога не прымусіла сябе чакаць. Сёлета Эдуард Сіліцкі прызнаны пераможцам раённага конкурсу «Чалавек года» ў галіне культуры.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *