Кармавая кухня

Брыгадзір СВК «Ляхавіцкі» Генадзій Козел (справа) і механізатар Павел Вінель.

Трава з’яўляецца галоўным і адзіным інгрэдыентам гэтай кухні. Выбар “страў” на выхадзе таксама колькасна не багаты, абмяжоўваецца сенам і прыгатаваным па некалькіх рэцэптурах сенажом. Але іншага і не патрабуецца, важна падняць аб’ёмы і не згубіць якасць. Іменна ў гэтым багацце.

Корманарыхтоўчы кацёл раёна часткова ўжо выпусціў пару, зусім крыху – і з першым укосам будзе завершана. На пачатак бягучага тыдня ад 10,5 тысячы стартавых гектараў “чубатымі” заставаліся ўсяго некалькі соцень. Астатнія, як мінімум, скошаны, як максімум, убраны, прыбраны, упарадкаваны. І, верагодна, радуюць гаспадароў ужо набраўшай рост атавай. У засекі сельгаспрадпрыемстваў пакладзена каля 900 тон сена і больш за 30 тысяч тон сенажу.
Апошні від корму дзеліцца на некалькі падвідаў. Траншэйная класіка ў якасці спосаба кансервавання падвяленай травы працягвае заставацца ў прыярытэце. Але і герметычна запакаваныя ў поліэтылен цюкі-рулоны зусім ужо не навіна для раённых аграрыяў. Амаль   7 тысяч тон прадукта нарыхтавалі такім чынам нашы сельгасвытворцы. Па гэтым шляху пайшлі “Шлях новы”, “Нача”, “Белпрампрыбор”, райаграсэрвіс і “Ляхавіцкі”, дзе надоечы і пабывалі карэспандэнты “ЛВ”.
Паглядзелі, паслухалі, зрабілі выснову пра паспяховасць першай корманарыхтоўчай эпапеі. Прыкладна 3,5 тысячы тон сенажу пакла-дзена ў траншэі, больш за 2 тысячы закансервавана рулонна-плёначным спосабам. Што ў суме складае практычна палову ад планавага задання.
Навацыя, магчыма, вельмі гучнае ў гэтым кантэксце слова, але ж момант адметнасці несумненна прысутнічае. Асобныя – эксперыментальныя – сянажныя траншэі ў “Ляхавіцкім” закрываюць асаблівым жа метадам. Поліэтылен, салома і ў якасці фінішнага пласта тыя ж запакаваныя ў плёнку рулоны. Як альтэрнатыва фрэзторфу.
Дзень прыезду карэспандэнтаў “ЛВ”, верагодна, быў адным з завяршальных першакасавічных дзён СВК “Ляхавіцкі”. Касілка “дабівала” апошнія квадраты 27-гектарнага палетка з люцэрнай. Адбывалася ўсё на фоне чырвоных грушаўскіх муроў. Зладжана, спорна, немітусліва. З некаторым адставаннем па часе за касілкай адпраўляўся варушыльны агрэгат. Дастаткова шчыльны, трохвугольнага профілю пракос прыходзіў у рух, атрымліваў форму разварушанага роўнага дывана. Што і з’яўляецца ўмовай раўнамерна-аднастайнага падвяльвання сянажнай масы. А, значыць, у далейшым якаснага, жаданага для жывёлы корму.
Касавіца выйшла на завяршальны этап. І ў параўнанні з кампаніяй мінулага года выглядае яна больш паспяхова. Усе гаспадаркі раёна ідуць з апяраджэннем сваіх леташніх графікаў. У пераразліку на тоны кармавых адзінак, некаторыя з іх у разы апярэдзілі сябе леташніх на гэты час.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА.

«Касец» Сяргей Алейнікаў.

Навацыі ад «Ляхавіцкага».

Птушыны кантроль за ходам работ.

One thought on “Кармавая кухня

  • 08/06/2016 в 22:10
    Permalink

    Процветает хозяйство, потому что не стоит на месте, а ищет, развивается и работает.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *