Домік вокнамі ў бур’ян

Старэнькі класічна простай канфігурацыі домік з, як правіла, “голымі”, пачарнелымі ад часу сценамі з бярвення, з дзіравым дахам, а то і зусім толькі яго рэшткамі, са “сляпымі” ці пустымі і забітымі крыжнакрыж вокнамі, зусім не ў сад, як  пяецца  ў песні, а ў гушчу высокага бур’яну. Падобны сюжэт трапляўся на вочы, мабыць, кожнаму.

Сітуацыя з пакінутымі без гаспадарскага вока дамамі ў найбольшай ступені характэрна для сельскай мясцовасці. Але не толькі: 4 дзясяткі пустуючых дамоў выяўлена таксама і ў Ляхавічах.

Недагледжаныя тэрыторыі гэтых домаўладанняў не дабаўляюць эстэтыкі вуліцам і завулкам нашых населеных пунктаў.  Асобныя з дамоў, не выключана, з’яўляюцца прыстанішчам асоб з асацыяльнымі паводзінамі і магчымымі ў такім выпадку негатыўнымі наступствамі. А маглі б выкарыстоўвацца па сваім прамым прызначэнні – для пражывання. У чым, уласна кажучы, і заключаецца асноўная мэта Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2006 года №70 “Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэн-ні колькасці пустуючых і трухлявых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці”.

У адпаведнасці з ім, сектар ЖКГ аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама вядзе рэгістр уліку пустуючых дамоў. Зборам інфармацыі займаецца спецыяльна створаная камісія па абследаванні стану жылых дамоў.

Згодна ўказа, прадугледжаны дзве працэдуры выяўлення, уліку і скарачэння колькасці непрыгодных да выкарыстання будынкаў: адна тычыцца пустуючых дамоў, другая – трухлявых.

Пад пустуючымі маюцца на ўвазе жылыя дамы з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці і ў адносінах якіх, па стану на 1 студзеня 2007 і кожнага наступнага каляндарнага года, маюцца дакладныя звесткі аб тым, што на працягу апошніх трох гадоў запар асобы, што маюць права карыстання дамамі, пражываюць у іх у сукупнасці менш аднаго месяца ў год і ў адносінах якіх не прад’яўлены пісьмовыя ўведамленні аб намерах выкарыстоўваць у якасці жылля.

На даны момант у сельскай мясцовасці нашага раёна  выяўлена 1182 пустуючыя дамы. Найбольшая іх колькасць –  222 – знаходзіцца на тэрыторыі Падлескага сельсавета. Плюс 138 дамоў – у Крывошынскім, 131 – Куршынавіцкім, 126 – Жарабковіцкім, 106 – Начаўскім, 91 – Востраўскім сельсаветах і г. д. А вось у Конькаўскім сельсавеце падобны статус маюць толькі 9 будынкаў, і гэта лічба з’яўляецца самай аптымістычнай сярод усіх 11 сельскіх адміністрацыйных тэрыторый Ляхавіччыны.

У раённым цэнтры, як узгадвалася, зафіксавана 40 пустуючых дамоў. 15 чэрвеня раённай камісіяй было праведзена абследаванне 34 з іх. Як высветлілася, 18 дамоў падпадае пад дзеянне Указа №70. Яны размешчаны па вуліцах Савецкай №№ 30; 32; 32а; 36 кватэра 1; 45, Цітовіча №№ 10 кватэра 2; 27; 31; 32, Лугавая № 4, Першамайская №№ 56; 85, Камсамольская №№ 25; 29; 34: 38, Мінская                     № 31; 49, Куйбышава № 8.

На сённяшні дзень па горадзе Ляхавічы з 34 абследаваных  дамоў па 9 зарэгістраваны ўведамленні аб намеры выкарыстоўваць іх для, як мінімум, месячнага пражывання на працягу года. Уласнікі яшчэ 6 дамоў інфармаваны аб неабходнасці прадстаўлення падобных пісьмовых уведамленняў.

Праводзіцца работа па пошуку асоб, што маюць права карыстацца астатнімі пустуючымі дамамі. Гэта не заўсёды проста, хоць бы таму, што ўласнікі некаторых з іх памерлі, а спадчыннасць ніхто так і не аформіў. Ускладняе пошукі ўласнікаў ці спадчыннікаў і тое, што не на ўсе зямельныя ўчасткі аформлены належныя дакументы. Гэта, у прыватнасці, тычыцца ўчасткаў па вуліцах Савецкай №№ 30; 32; 32а; 36 кватэра 1, Цітовіча № 27, Першамайскай №№ 56; 85.

У выпадку, калі асобамі, якія маюць права на карыстанне пералічанымі дамамі, не будуць пададзены ў Ляхавіцкі райвыканкам пісьмовыя ўведамленні аб намеры выкарыстоўваць дамы для пражывання, камісіі давядзецца складаць  адпаведнае заключэнне. Пасля чаго, не пазней як у трохмесячны тэрмін, прымаецца рашэнне аб уключэнні кожнага канкрэтнага будынка ў рэгістр уліку пустуючых дамоў. За месяц  да таго звесткі аб пустуючых дамах друкуюцца ў сродках масавай інфармацыі. Пасля ўключэння такіх дамоў у рэгістр рыхтуецца пакет дакументаў для падачы заявы ў суд з мэтай прызнання дома безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, а таксама аб забіранні зямельнага ўчастка.

Ёсць яшчэ адна катэгорыя будынкаў, якія ўяўляюць праблему, — трухлявыя дамы. Маюцца на ўвазе жылыя дамы з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці і ў адносінах да якіх па стану на 1 студзеня 2007 і кож-нага наступнага каляндарнага года маюцца дакладныя звесткі аб тым, што ўтрымліваюцца яны безгаспадарча, іх уласнікі на працягу апошняга года тут не пражываюць і не прымаюць мер па прывядзенні гэтых дамоў у належны стан, і якія ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку прызнаны неадпаведнымі санітарна-тэхнічным патрабаванням альбо непрыдатнымі для пражывання.

Каб такі будынак быў прызнаны неадпаведным санітарнатэхнічным патрабаванням альбо непрыдатным для пражывання, ўласнік павінен сам звярнуцца ў пастаянна дзеючую міжведамасную камісію па абследаванні жылых памяшканняў.  У Ляхавічах падобных дамоў няма. У сельскай жа мясцовасці першапачаткова было 183. Іменна было, паколькі 167 з іх на гэты час ужо знесены. Найбольш актыўна ў гэтым накірунку папрацавалі ў Навасёлкаўскім сельсавеце  (27 дамоў), Начаўскім  (25), Крывошынскім  (20) Альхоўскім  (18), Падлескім  (15), Ганчароўскім  (14), Жарабковіцкім  (13). Ва ўсіх і кожным з гэтых выпадкаў “дабро” на знос нерухомасці далі самі яе ўласнікі ці спадчыннікі. Зносу трухлявых дамоў па рашэнні судовых органаў у нашым раёне  не было. Аднак, падобны сцэнарый развіцця падзей зусім не выключаецца, больш таго – верагодны ўжо ў бліжэйшай перспектыве.

Варта адзначыць работу старшыні Свяціцкага сельвыканкама па выяўленні на падпарадкаванай тэрыторыі пустуючых і трухлявых дамоў. Правільна вядзецца неабходная дакументацыя,  своечасова адпраўляюцца  ўведамленні асобам, якія маюць права карыстання пустуючымі дамамі. Увогуле, сельвыканкамам у гэтым плане варта дзей-нічаць больш актыўна, тады і праблем з пустуючымі сельскімі дамамі стане менш. А парадку на зямлі – больш.

Ірына ГРЫНЯЛЕВІЧ, загадчык сектара ЖКГ аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама,
Іван КАВАЛЕНКА, карэспандэнт “ЛВ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *