Вецер прайшоўся па дахах. На тыдні надвор’е паказала сваю непрадказальнасць

Стыхія 13 ліпеня  абясточыла 1126 населеных пунктаў у Беларусі. Па інфармацыі МНС, парывы ветру дасягалі  21 метра ў секунду. Былі пашкоджаны дахі соцень жылых дамоў, пад “раздачу” трапілі некаторыя аб’екты сацкультбыту, вытворчыя і сельскагаспадарчыя будынкі. Зафіксавана 4250 выпадкаў падзення дрэў,  у тым ліку  на транспартныя сродкі. Стыхія часова спыніла рух паяздоў, прайшлася і па тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту.
Па медыцынскую дапамогу ва ўстановы аховы здароўя звярнуліся 36 чалавек, 7 з іх  былі шпіталізаваны. Да ліквідацыі наступстваў буры без прамаруджвання падключыліся ўсе адказныя службы. Выратавальнікам, энергетыкам, камунальнікам, дарожнікам дапамагалі работнікі іншых арганізацый, сілавікі. Каб аператыўна аднавіць пашкоджаныя будынкі, з дзяржаўнага матэрыяльнага рэзерву вы-дзелены будаўнічыя  матэрыялы (шыфер, руберойд, ацынкаваная бляха) на суму каля 100 тысяч рублёў. Меры па аператыўным аказанні дапамогі пацярпелым грамадзянам і аднаўленні сістэм жыццезабеспячэння насель-ніцтва ў найбольш пацярпелых рэгіёнах выпрацоўваліся на спецыяльных пасяджэннях. Гэтыя пытанні  ўзяў на  кантроль урад.
Не абмінула   стыхія 13 ліпеня і наш  раён. Начальнік РАНС Валерый Равінскі расказаў, што з-за непагадзі на Ляхавіччыне пацярпела 11 населеных пунктаў. У 9 вёсках і аграгарадках  на працягу пэўнага часу адсутнічала электразабеспячэнне.  Дасталося і пабудовам. Так, паўдаху дома па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка ў райцэнтры аказалася раскрытым. Пазрывала  шыфер, металапрофіль і з некаторых дамоў па вуліцы Пушкіна, Пташука, Ерашава. Парывы ветру сарвалі лісты шыферу з аўчарні  СВК “Жарабковічы” ў Канюхах і з  будынка малочнатаварнай фермы “Шлях новы” ў Зубелевічах.
15 дрэваў не вытрымалі напору ветру. Камунальнікі і выратавальнікі аператыўна ліквідавалі  ўсе перашкоды.
У прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Ляхавіцкім раёне звярнуліся за страхавымі выплатамі 11 чалавек. У іх  дамах пашкоджаны дахі, у некаторых  сайдынг.
Наогул, навальнічны фронт прынёс шмат непрыемных сюрпрызаў. У кагосьці  вырвала балконную раму, маскітныя  сеткі,  ад граду пацярпелі сады-агароды.
Па інфармацыі РАНС,  у райбальніцу за меддапамогай  нашы землякі не звярталіся.
На ліквідацыі наступстваў стыхіі была задзейнічана тэхніка, работнікі ЖКХ аказвалі па заяўках дапамогу насельніцтву.  Узаемадзеянне паміж службамі дазволіла трымаць  пад пастаянным кантролем аператыўную сітуацыю ў раёне.  Маецца ўсё для таго, каб хутка ўхіліць любую няспраўнасць.
І на наступны дзень непагадзь нагадала пра сябе. А  палове дванаццатай ночы з-за падзення дрэў на правады ліній электраперадач часова былі абясточаны 31 трансфарматарная падстанцыя, 9 населеных  пунктаў, 4 малочнатаварныя фермы. Прыкладна  праз 20 мінут электразабеспячэнне трох МТФ і  вёсак Гаслаўшчына, Рачканы, Ганчары, Мыслабаж, аграгарадка Русінавічы  было адноўлена. Раніцай  у пятніцу святло, па інфармацыі  энергетыкаў,  з’явілася ў астатніх спажыўцоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Вецер прайшоўся па дахах. На тыдні надвор’е паказала сваю непрадказальнасць

  • 18/07/2016 в 22:58
    Permalink

    Погода показала свой нелёгкий характер и в очередной раз напомнила о том, что надо всем от мала до велика надо знать правила поведения в чрезвычайных ситуациях, уметь быстро реагировать.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *