Востраўскі колас пацяжэў

Вось яны, удзельнікі жніва з «Вострава-Агра».

Жніўны настрой у працаўнікоў КСУП “Востраў-Агра”. Надае энтузіязму тое, што сёлета ўраджайнасць збожжа на тутэйшых палетках намнога перавышае мінулагоднюю: з кожнага гектара намалочваюць па 26,4 цэнтнера (летась – 17,1).

Да ўборкі падрыхтавалі 4 камбайны, даверылі іх надзейным механізатарам. Віктар Зубік і Юрый Папчэня тутэйшыя, працуюць разам не першы год. Сёлета, як і летась, яны ў лідарах. А Мікалай Сокал і Дзмітрый Саган, як тут кажуць, “прыезджыя”, з суседняга Крывошынскага сельсавета, але працуюць з душой.

Каля 60 працэнтаў хлебнай востраўскай нівы ўбрана, намалочана больш за 720 тон збожжа, якое беражліва дастаўляюць з поля на зерняток вадзіцелі Міхаіл Зубік і Мікалай Гаўдзіс.

Няўстойлівае надвор’е перапыняе работу хлебаробаў. Але пасля кароткачасовага дажджу наступае гарачыня, якая хутка падсушвае каласы, і камбайны зноў становяцца ў загонку. А вось зерне сёлета даводзіцца дасушваць: працэнт вільготнасці высокі. Каб не траціць каштоўнае паліва, 2 сушылкі – КЗС-10 і КЗС-25 – перавялі на дровы. Многае залежыць ад Мікалая Сельмановіча і Анатолія Лешыка, Уладзіміра Ламаноса і Яўгенія Дзянішчыка, якія абслугоўваюць сушыльныя агрэгаты і адказваюць за падрыхтоўку збожжа да захоўвання. Гэтымі днямі яны даводзяць да вызначанага стандарту 50 тон харчовага ячменю, які сельгаспрадпрыемства збіраецца паставіць у лік дзяржзаказу.

У час уборачнай кампаніі лішніх рук не бывае: вельмі дарэчы прыйшлася дапамога механізатараў-пенсіянераў. Павел Здановіч і Аляксандр Петрашэвіч прасуюць салому, Анатолій Арцём – на пагрузчыку. Дзякуючы іх старанням адразу пасля жніва ржышча вызваляецца ад саломы.

У такія адказныя дні асобыя адносіны да повараў, якія гатуюць абеды жняцам. У “Востраве” на гэты час перакваліфікавалі Жанну Сельмановіч і Марыю Горбік у дапамогу прафесійнаму повару Наталлі Дуброўка. Жанчыны шчыруюць-чаруюць над каструлямі – двойчы на дзень кормяць усіх удзельнікаў жніва. Незадаволеных няма.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *