Пералівы хлебнай нівы

Сярод удзельнікаў жніва ў СВК «Жарабковічы» старшы камбайнер Сяргей Бурак і камбайнер Аляксандр Мікуліч. Для Сяргея гэта ўжо 23 жніво.

Гонар за маладых! Тых, што апошнімі тыднямі днююць і начуюць у полі. Няхай не літаральна, то ў думках – абавязкова. Ці дасць “дабро” на працу надвор’е, наколькі ўраджайным будзе заўтрашні гектар, як пакажа сябе тэхніка? Тэмы, якія не пакідаюць хлебаробаў і ў кароткія гадзіны адпачынку. Іншага не можа гарантаваць ні працоўны вопыт, ні – наадварот – працоўная маладосць.

Уборачны тандэм СВК “Жарабковічы” ў складзе старшага камбайнера    Андрэя Дзянішчыка і камбайнера Паўла Булатага з ліку апошніх – маладых, працавітых, умелых і смелых, калі таго патрабуе сітуацыя. Упершыню экіпажам зернеўборачнага камбайна яны сталі падчас мінулагодняй кампаніі. Дэбютны сезон атрымаўся на ўра, меў вынік і прынёс хлопцам    рэспект калег па цэху. Яшчэ стаў добрым вопытам, з улікам якога Андрэй і Павел уключыліся ў жніво-2016. Дзень за днём, круг за кругам, гектар за гектарам, і вось ужо тысячнай тонай зерня напоўніўся бункер іх КЗС-1218.
Гэту лічбу маладыя камбайнеры “намалявалі” яшчэ ў пятніцу, каб ужо на наступны дзень прыняць віншаванні. У форме шчырага слова, меладычнай песні, падарункаў. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч пажадаў механізатарам новых рэкордаў і новых удач, ансамбль песні “Крыніца” ГДК даў “канцэрт для дваіх”.
Але ж уборачная пара не для доўгіх песень, не для працяглых урачыстых прамоў. Гэта не ўцячэ, у адрозненне ад зерневага коласа. Ён не любіць маруд, не даруе і секундных страт часу. Таму, не паспеўшы як след пазнаёміцца з атрыманымі падарункамі, экіпаж-тысячнік паспяшаўся паставіць свой камбайн у новую загонку.
Фактычна адначасова з жарабковіцкімі маладымі хлебаробамі віншаванні з  тысячатонным намалотам атрымаў і малады старшы камбайнер ЗТАА “Белдан” Максім Горбік.
Але ж вернемся ў “Жарабковічы”, каб намаляваць свой невялікі фрагмент карціны пад назвай “Жніво-2016. Завяршальны этап”. Намеснік старшыні гаспадаркі Сяргей Каляда звярнуў увагу на сельгасакалічнасці года. Іх дзве, але з адзінай назвай. Дождж. Недахоп апошняга ў перыяд, калі зярняты набіралі шчыльнасць, колас наліваўся вагой, не мог не мець для будучага ўраджаю негатыўных наступстваў. Азімыя названы факт закрануў у меншай ступені – на той момант яны сваё ўжо ўзялі. А вось веснавыя пасевы не “напіліся” і блізка, таму і не дабралі два, а месцамі і тры цэнтнеры да, напрыклад, ураджайнасці мінулага году. І супрацьлеглая сітуацыя з дажджамі ў перыяд уборкі. У некаторыя з ліпеньскіх дзён камбайны выходзілі на лінію ў тры, а то і чатыры гадзіны дня – чакалі, пакуль збожжа абветрае.
Па падліках на пачатак тыдня, у “Жарабковічах” ”на пні” заставалася прыкладна пятая частка зерневых палёў. Лепшая частка. Пра тое, што з падгарэўшых кавалкаў, палегліцы пачыналі ўборку, гаварыў і папярэдні суразмоўца, і старшы камбайнер аднаго з экіпажаў Сяргей Бурак. Размова адбылася там, дзе і павінна, – на полі. На пару з камбайнерам Аляксандрам Мікулічам Сяргей шчыраваў над пшанічкай. Сёлетняя ўборка стала для механізатара дваццаць     трэцяй.
– Як пачаў у 17, так і працягваю год за годам. Гэта жніво мае для мяне яшчэ і, так бы мовіць, сямейную адметнасць. На ўраджай працуюць і жонка – яна загадвае зернятокам у Падлессі, і дачка-студэнтка, якая часова “перакваліфікавалася” ў вагаўшчыцу, – Сяргей завяршыў размову і кінуўся даганяць страчаныя хвіліны, акругляць да прыгожай лічбы паказчык свайго намалоту.
Вадзіцель магутнага МАЗа Аляксандр Грабянко на 1000-тонны рубеж выйшаў па сістэме жніўнай пары дастаткова даўно. Сярод жарабковіцкіх вадзіцеляў-збожжаадвозчыкаў ён у гэтай справе першапраходзец. І тармазіць не збіраецца. Кожны ранак – даабслугоўванне тэхнікі. А яна, як ведаем, любіць ласку, чысціню, змазку. Далей – хуткім хвастом за камбайнамі. Паспець, не дазволіць апошнім правесці ў чаканні разгрузкі ні адной дадатковай хвіліны. Здараюцца ў раскладзе сутак і начныя рэйсы. На элеватар, з зернем у залік дзяржзаказу.
І так з дня ў дзень. І не толькі ў тых удзельнікаў уборкі, з кім атрымалася пагутарыць падчас рэпарцёрскага “жніва”. Падобны рытм адрознівае зараз ці не кожнага аграрыя.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фото аўтара.

Дзе добры хлеб – там песня, словы падзякі і віншавання. Віноўнікі ўрачыстасці Павел Булаты (трэці справа) і Андрэй Дзянішчык (пяты справа).

Андрэй Дзянішчык і Павел Булаты

Вадзіцель МАЗа Аляксандр Грабянко.

One thought on “Пералівы хлебнай нівы

  • 10/08/2016 в 21:42
    Permalink

    Орлы!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *