Дзеля хлеба на стале

Жніво — надзвычай гарачая пара, прычым незалежна ад тэмпературнага фону наваколля.

Падчас гэтай адказнейшай кампаніі кожная хвіліна на ўліку. Да фінішу трэба працаваць на поўную магутнасць усім, хто мае любое дачыненне да ўборкі. Як паведаміў галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Каплыноў, сёлета ляхавіцкім хлебаробам неабходна прадаць дзяржаве 13640 тон зерня новага ўраджаю, у тым ліку 2800 тон піваварнага ячменю. У дзяржаўныя засекі ўжо засыпана 4379 тон з мясцовых палеткаў, і такім чынам даведзены план выкананы на 42,4 працэнта. Дарэчы, аналагічны сярэднеабласны паказчык складае 32,2 працэнта.

Адначасова засыпаецца ў дзяржаўныя засекі і рапс. Аграрыям Ляхавіччыны неабходна прадаць 6800 тон алейнага семя гэтай культуры. Па стану на 2 жніўня поўнасцю выканаў план здачы СВК «Шлях новы» (з неабходных 463 тон здадзена крыху больш — 472 тоны). Блізкі да фінішу і СВК «Ляхавіцкі» — здадзена 80,8 працэнта да неабходнага. З патрэбных 1568 тон алейнага семя толькі 879 тон прададзена патэнцыяльна самым буйным яго пастаўшчыком — СВК «Жарабковічы». Праблемы з продажам дзяржаве гэтай запатрабаванай культуры ў некаторых гаспадарках раёна ў невысокай яе ўраджайнасці. Для параўнання — у СВК «Шлях новы» і СВК «Ляхавіцкі» на круг адпаведна выходзіць 29,8 і 28,7 цэнтнера, а ў СВК «Тальмінавічы» і «Востраў-Агра» — 13,4 і 13 цэнтнераў з гектара. Вось такая арыфметыка ставіць задачу на год наступны для агранамічных службаў гаспадарак — павысіць ураджайнасць рапсу.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *