Не печка ”крайняя”. На мінулым тыдні ў рэйд разам з інспектарам нагляду і прафілактыкі РАНС адправіўся і карэспандэнт “ЛВ”

Так падрыхтаваліся да зімы на вуліцы Южакова, 43 у райцэнтры.

Рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам” праходзіць па ўсёй краіне. У нашым раёне супрацоўнікі РАНС, РАУС, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, іншыя службы наведваюць па месцы жыхарства адзінокіх і адзінока пражываючых састарэлых, інвалідаў, грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, мнагадзетныя і неўладкаваныя сем’і. Праводзяцца рэйды па праверцы супрацьпажарнага стану, у час якіх даюцца растлумачэнні і рэкамендацыі домаўладальнікам, і, канешне ж, правяраецца стан крыніц ацяплення. Па інфармацыі РАНС, за 9 месяцаў гэтага года праверана 5342 домаўладанні і кватэры, рэкамендавана 1058 супрацьпажарных мерапрыемстваў, 179 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў супрацьпажарнай бяспекі.

На мінулым тыдні ў рэйд разам з інспектарам нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксеем Клетаніцай адправіўся і карэспандэнт “ЛВ”.

Райцэнтр, вуліца Южакова,43. Гэты дом даўно на ўліку не толькі ў РАНС, але і ў РАУС. Тут жывуць два браты, адзін з іх інвалід ІІ групы. На падворку беспарадак і антысанітарыя: кучы смецця, рэшткі будаўнічых матэрыялаў і іншага бруду. У такім вэрхале непатушаны недакурак можа стаць прычынай пажару. І хаця ў дом на гэты раз няпрошаных гасцей не пусцілі, сітуацыю інспектар РАНС добра ведае. Па яго словах, праблемы ў гаспадароў унушальныя: печ няспраўная, са шчылінамі. Папярэджваліся неаднойчы, у адказ – абяцанні адрамантаваць. Але чамусьці гаспадары, дарэчы, нестарога ўзросту, не спяшаюцца падмацоўваць словы справай.

На вуліцы Цітовіча ўвагу прыцягнуў не зусім акуратны комін, які ўзвышаўся над дахам дома 18. Вырашылі праверыць, як з пячным ацяпленнем у доме. Гаспадыня запэўніла, што ўсё ў парадку, і запрасіла паглядзець уласнымі вачыма. Печка, якая, дарэчы, якраз была распалена, сапраўды заўваг у спецыяліста РАНС не выклікала: пафарбавана, няма шчылін, перад топкай на падлозе прыбіты ліст бляхі. Выдадзена прадпісанне да наступнага ацяпляльнага сезона адрамантаваць комін.

На месцы дома 23 па гэтай вуліцы – папялішча. Побач узвялі цагляныя сцены новабудоўлі. Вакол горы рэшткаў былых драўляных будынкаў, будаўнічыя адходы і іншае смецце. Суседзям пагарэльцаў неспакойна: хто ведае, якія кампаніі збіраюцца побач і што могуць утварыць, каб сагрэцца ў халады. Уласнікі ўчастка зусім забыліся, што падтрыманне парадку – не іх жаданне, а абавязак.

Яўна не адзін год ”назапашваўся” беспарадак каля кватэры  № 3 дома 31 па вуліцы Савецкай. Але не толькі антысанітарыя не лепшым чынам характарызуе гаспадара. Аляксей Клетаніца тлумачыць, што выклікае занепакоенасць стан печкі, яе рамонт неабходны, прычым неадкладна – да бяды недалёка. Прафілактычныя размовы супрацоўнікаў РАНС і прадпісанні гаспадара не палохаюць. Як адзначыў інспектар, давядзецца прыйсці сюды яшчэ не раз, і цяпер гаспадару пагражае штраф. Чаму б яму не ўзяць прыклад з суседа: тэрыторыя вакол добраўпарадкаваная, няма праблем і з захаваннем правілаў супрацьпажарнай бяспекі, печка поўнасцю падрыхтавана да ацяпляльнага сезона.

Кватэру № 2 дома 16 па вуліцы Чкалава “чырвоны певень” наведваў ужо двойчы. І ў абодвух выпадках прычына пажару –   курэнне гаспадара ў ложку. Маці, інвалід ІІ групы, шкадуе 38-гадовага сына, апраўдвае, расказвае, што ён прыходзіць з работы стомлены і часта засынае з непатушанай цыгарэтай, таму ёй даводзіцца пільнаваць сына. Частыя тут і кампаніі з прыхільнікаў далёка не здаровага ладу жыцця. Хаця, наўрад ці прыемна адпачываць у антысанітарных умовах. Страшна і за гаспадароў, і за гасцей: вогненная стыхія ў такіх спрыяльных умовах можа разбушавацца ў лічаныя хвіліны. Супрацоўнікі РАНС неаднойчы гутарылі з аматарам пакурыць у ложку на супрацьпажарныя тэмы. Але, напэўна, больш дзейсным будзе пакаранне рублём.

Сёлета ў раёне за 9 месяцаў зарэгістравана 16 пажараў (летась 26), з якіх 3 – з-за няспраўнага пячнога ацяплення, 6 – з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, 5 – з-за няспраўнасці электраправодкі і электрапрыбораў. Як адзначаюць у РАНС, галоўная прычына бадай усіх пажараў –  абыякавасць людзей, якіх не асабліва хвалююць бытавыя ўмовы, маўляў, як ёсць, так і добра. А калі яшчэ і злоўжываюць алкаголем, і любяць у нецвярозым стане пакурыць, то і наогул да бяды – адзін крок. Іншы раз здараецца бяда і ў дбайных гаспадароў: не дагледзелі, не адрамантавалі своечасова. Некаторых, дарэчы, выратавалі пажарныя апавяшчальнікі, устаноўку якіх настойліва прапагандуюць работнікі РАНС.

Рэйд з інспектарамі РАНС Кірылам Красоўскім і Марынай Касаковіч прадоўжыўся ў Конькаўскім сельсавеце. Падчас сустрэчы з супрацоўнікамі сельвыканкама, работнікамі гандлю, сацыяльнай сферы аграгарадка Конькі інспектары расказалі пра пажарную сітуацыю ў раёне, нагадалі правілы бяспекі і адказалі на шматлікія пытанні. Сустрэчы ў працоўных калектывах, сельскія сходы даўно сталі часткай інфармацыйна-прапагандысцкай работы выратавальнікаў.

Разам з выконваючай абавязкі старшыні Конькаўскага сельвыканкама Анастасіяй Рабцэвіч наведалі і некаторыя адрасы.

У двары дома 8 па вуліцы Чыгуначнай у Федзюках поўны парадак. Тым больш здзівіла ўнутранае “аздабленне”: па пакоі раскіданы недакуркі, смецце. Месца каля печкі – не выключэнне сярод агульнага беспарадку. Жывуць тут два браты, якія нідзе не працуюць, у гэты дзень абодва былі нецвярозыя. Кірыл Красоўскі адразу ўказвае на парушэнне правілаў супрацьпажарнай бяспекі: каля печкі не прыбіта бляха, а вядро са смеццем знаходзіцца побач з топкай. На першы раз гаспадароў папярэдзілі, калі не выправяць становішча – чакае штраф.

У доме 15 па гэтай жа вуліцы прыбрана, печка акуратная, падфарбаваная, на ёй сушацца яблыкі –  карціна радасная і аптымістычная. 81-гадовая гаспадыня пасля аперацыі пакуль у дачкі, за домам прыглядаюць сыны. Дзеці клапоцяцца, каб маці жыла ў камфортных і бяспечных умовах.   Па словах кіраўніка сельвыканкама, пад пільнай увагай адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне. Менавіта да іх часцей наведваюцца і прадстаўнікі мясцовай улады, і сацыяльная служба.

Ацяпляльны сезон толькі пачаўся. Тым, хто па розных прычынах не паспеў давесці да парадку ацяпляльную сістэму ў доме ці кватэры, –  варта паспяшацца. Гэта якраз той выпадак, калі наша бяспека – у нашых руках. Па словах начальніка РАНС Валерыя Равінскага, падчас правядзення акцыі кожны грамадзянін можа звярнуцца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях для правядзення абследавання супрацьпажарнага стану свайго жылля. Ён таксама нагадаў, што, у адпаведнасці з заканадаўствам, адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў жылых дамах ускладзена на іх уласнікаў.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

У інспектара РАНС Кірыла Красоўскага няма прэтэнзій да гаспадароў дома 15 па вуліцы Чыгуначнай у Федзюках.

Патэнцыяльна небяспечны ”парадак” у доме 8 па вуліцы Чыгуначнай ў Федзюках.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *