Курс першы. Яркая восень. «Студэнцкая восень» ЛДАКа раскрывае таленты

Штогод  фестываль творчасці “Студэнцкая восень” раскрывае  таленты многіх  юнакоў і дзяўчат. Сёлетняя “Восень” у ЛДАКу была асабліва багатай на эмоцыі, якія атрымлівалі ўдзельнікі і гледачы падчас яркіх шоу-прэзентацый.
Адразу пасля заняткаў у мінулы чацвер навучэнцы і выкладчыкі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа спяшаліся ў актавую залу, каб  паглядзець і ацаніць: якое яно, сёлетняе папаўненне. Паклапаціліся каляджане і пра прафарыентацыю: запрасілі   на фестываль старшакласнікаў школ раёна.
І ўсё ж галоўныя дзеючыя асобы –  навучэнцы набору-2016, 6 груп, якія прадстаўляюць усе аддзяленні: заатэхнічнае, агранамічнае і ветэрынарнай медыцыны: 11”А” (куратар Валянціна Траяноўская), 12 “А” (Валянціна Кірмель), 21 “П” (Ірына Бурвель), 11 “В” (Таццяна Галіцкая),  22 “В” (Таццяна Гуліцкая),              22 “З” (Вольга Сакун).
З прывітальным словам звярнулася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Прыступа-Юнік.  І пачалося дзейства. У зале панавалі цудоўны настрой, драйв. Каляджане ”запальвалі” на ўсе сто працэнтаў. За 15-мінутную прэзентацыю кожная група-навічок творча, крэатыўна, з гумарам і з дапамогай сучасных камп’ютарных тэхналогій  расказала не толькі пра абраную спецыяльнасць, першыя месяцы вучобы, але і пра адпачынак, захапленні і інтарэсы кожнага, жыццё ў інтэрнаце і ўвогуле – пра першыя самастойныя крокі без бацькоўскага нагляду. Жартам і ўсур’ёз разважалі пра праблемы, якія хвалююць не толькі маладых.
А яшчэ былі песні, танцы, імправізацыі, тэатралізаваныя пастаноўкі – студэнты на выдумку багатыя! Навічкі не  падвялі сваіх старэйшых таварышаў: артыстызму, іскрамётнага гумару ім не займаць. Рабяты разам з выкладчыкамі аказаліся здатнымі на многае, што не магло не спадабацца і гледачам, і журы. Таму на працягу ўсяго фестывалю было цікава, весела і захапляюча.
Пераможцам “Студэнцкай восені” прызнана 11-я група агранамічнага аддзялення. Лепшыя вызначаны  ў розных  намінацыях. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і падарункі.
Як заўсёды, запомніліся выступленні ўдзельнікаў клуба “Юнацтва”.
У гэты дзень кожны жадаючы мог паўдзельнічаць у бясплатнай бяспройгрышнай латарэі, падрыхтаванай райкамам  БРСМ: дастаткова было прад’явіць членскі білет.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *