Разам

Снежань не надта снежыў, студзень не студзіў. Навагоддзе атрымалася па стандарце еўразімы: ні катання на тройцы, ні пякучага марозу. Але міжсезонная карціна ніколькі не прыменшыла чароўнасці галоўнай ночы года. Запаветныя жаданні загаданы, для надзейнасці запіты шампанскім, шматлікія салаты і салодкасці ў неверагоднай колькасці з’едзены. А бенгальскія агні і феерверкі штовечар засведчваюць: любімае свята працягваецца. І па негалосным законе – па традыцыі так будзе да той пары, пакуль красуецца ёлка. Дзеці ў захапленні. Дзяды Маразы і Снягуркі ў запарцы: іх хуткаплынны зорны   час – цяпер і тут. Дарослыя ў мітусні паміж ”асаблівымі” выхаднымі і  працай. У кухнях можна прытомнасць страціць ад апетытных пахаў, а каэфіцыент карыснага дзеяння плітаў,  варачных панэляў, мікрахвалёвак зашкальвае.
У сукупнасці ўсё гэта і многае іншае і ёсць навагодне-калядны расклад, у якім акрамя феерычнасці дзейства прысутнічае звычайнае, прывычнае, будзённае, без чаго немагчыма, – работа. Для некаторых –   і пад бой курантаў, для большасці –    пасля законных выхадных.
Канвеер спраў, блаславенны канвеер. Канвеер не таму што штампуе, а па прычыне сваёй бесперапыннасці. У выніку: курсіруе грамадскі транспарт, адкрыты магазіны і аптэкі, у кватэрах цёплыя батарэі, у паліклініках вядуць прыём урачы, у бальнічных стацыянарах і наогул кругласутачнае лячэнне хворых.
Раніцою мінулага панядзелка спяшалася на працу. На вуліцах гарэлі ліхтары, цёмныя вокны дамоў сведчылі пра тое,  што людзі яшчэ спяць. Газетчыкі працавалі: трэба было падрыхтаваць нумар, які сёння трапіў да падпісчыка, – 12399-ты ад нараджэння газеты і першы ў гэтым годзе. Расказаць сваім дарагім землякам, што ўмясціў у сябе, з аднаго боку, такі кароткі, з другога, – маштабны  адрэзак часу паміж снежнем і студзенем. І пачаць рэпартаж з месца падзеі – з нашага жыцця-быцця – у новым годзе. Ці скажам інакш: працягваць наш даўні, спадзяюся, узаемназацікаўлены дыялог з чытачамі “ЛВ”.
“Веснікаўцы” шчыра вітаюць і чытача са стажам, і таго прыхільніка раёнкі, хто аформіў падпісны абанемент на яе ўпершыню. Студзеньскі    тыраж нашага выдання складае   больш за 5500  экзэмпляраў, абсалютная большасць яго – падпісная. Гэта значыць, што ў раёне з 26-тысячным насельніцтвам газету  прачытаюць як мінімум 15  тысяч землякоў (кожны экзэмпляр чытаюць два-тры чалавекі). Да таго ж штодня сайт раёнкі наведваюць каля 250 чалавек, прычым гэта жыхары не толькі Беларусі, але і далёкага замежжа, нават іншых кантынентаў. Дзякуй усім, у чыім раскладзе жыцця знаходзіцца час, месца, жаданне для  “Ляхавіцкага весніка”. Гэта і ёсць непарыўная сувязь чытач – газета – чытач. Нашы агульныя справа, інтарэс, творчасць.
…З чыстага ліста паперы, з першага радка на ім пачынаецца любая новая публікацыя. Дакладней, пачынаецца яна з цікавай сустрэчы, пісьма чытача, званка на гарачую лінію “ЛВ”, нейкай падзеі, агучаных навін, выяўленых праблем. Працягваецца роздумам, эмоцыямі і жаданнем ухваліць добрае, расказаць пра справы і здабыткі землякоў, паспрыяць-дапамагчы ў складанай сітуацыі, выявіць тое, што можа і абавязана стаць лепшым.
Які ўсё ж глыбінны, абнадзейваючы сэнс, якая сіла ў кароценькім слове – “разам”.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *