Каб сітуацыя не стала надзвычайнай

Сапраўдны гаспадар клапоціцца не толькі пра чысціню і парадак у сваім доме, а найперш – пра бяспеку, у тым ліку і не ў апошнюю   чаргу – пажарную.
У Беларусі ў лютым праходзіць пажарна-прафі-лактычная акцыя “Бяспека – у кожны дом!”, якая мае на мэце папярэджанне      вогненных здарэнняў і гібелі на іх людзей. Выратавальнікі зноў і зноў нагадваюць дарослым і дзецям, што прычынамі пажараў па статыстыцы найчасцей становяцца няўважлівасць і невыкананне правілаў бяспекі.
Падчас першага этапу акцыі супрацоўнікі РАНС разам з прадстаўнікамі іншых зацікаўленых службаў пабывалі ў доме сумеснага пражывання ў вёсцы Ганчары, у аддзяленні сястрынскага догляду Крывошынскай участковай бальніцы, сустрэліся з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У сустрэчах таксама прынялі ўдзел медыкі, сацыяльныя работнікі, вяскоўцы.
Гаварылі пра жыццёва важныя рэчы: прычыны ўзнікнення пажараў і тое, як іх пазбегнуць, як правільна дзейнічаць падчас надзвычайных сітуацый. Сярод іншага ішла размова пра тое, наколькі небяспечна карыстацца няспраўнымі бытавымі прыборамі, як пазбегнуць непрыемнасцяў з печкай у ацяпляльны сезон. Вяскоўцаў цікавіла, як правільна спальваць смецце, каб не стаць парушальнікам.
Выратавальнікі нагадвалі, што маленькія ўстройствы – аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі – здольны дапамагчы зрабіць сур’ёзныя крокі на шляху да забеспячэння бяспекі.
Сярод надзённых тэм, што ўздымаліся падчас сустрэч, – бяспечная эксплуатацыя газавага абсталявання.  У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН майстар Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Алег Кабяльчук падзяліўся карыснай інфармацыяй пра тое, як не стаць ахвярай чаднага газу. Пра магчымасці застрахаваць жыццё і маёмасць ад няшчасных выпадкаў і іншых непрыемнасцяў расказала дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Ляхавіцкім раёне Іна Шугаева.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса гаварыў пра найбольш актуальныя накірункі сацыяльнай абароны пажылых людзей і інвалідаў, адказаў на пытанні, якія цікавілі ўдзельнікаў   сустрэч.
Тэматычныя відэафільмы, канцэрты мастацкай самадзейнасці, выстаўкі творчых работ на супрацьпажарную тэматыку – выратавальнікі пры падтрымцы зацікаўленых службаў пастараліся правесці першы этап акцыі змястоўна, ярка і запамінальна.
На гэтым тыдні пачаўся другі этап акцыі “Бяспека – у кожны дом!”. Мерапрыемствы прафілактычнай накіраванасці праходзяць у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы.
Валерый РАВІНСКІ,  начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *