Пра галоўнае, ці Расклад для раёна

Першы квартал – не разбежка года, а ўжо спраўджаная, паўнавартасная яго чвэрць. Якім ён стаў, што здзейснена, што не атрымалася, якія планы ў працяг? Пра галоўнае – чым жыве Ляхавіччына, наколькі вынікова працуе народная гаспадарка рэгіёна, з якім настроем ідзе да майскіх святаў – размова са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Вячаславам Сельмановічам.

Эканамічная першааснова

– Вячаслаў Лукіч, і ўсё ж спачатку пра тое, які вытворча-эканамічны падмурак для жыццядзейнасці раёна быў закладзены летась? Якія арганізацыйна-вытворчыя інавацыі найбольш рэзанансныя і які іх патэнцыял?

– Вядучае месца ў вытворча-эканамічнай дзейнасці раёна належыць аграрнаму сектару. І хаця летась тэмпы росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі некалькі знізіліся  з-за яе недабору ў раслінаводстве, усё ж зернебабовы намалот склаў без малога 60 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 36,6 цэнтнера з гектара, дарэчы, гэта чацвёрты паказчык у вобласці. Другія на Брэстчыне мы па ўраджайнасці цукровых буракоў, як і СВК “Ляхавіцкі” – па ўраджайнасці бульбы. На 322 кілаграмы – да 5114 – прырос сярэдні надой малака ад кожнай каровы, а ў ДП “Ліпнянка” – на 743, “Тальмінавічы” – 692, “Востраў-Агра” – 474 кілаграмы. Гэтыя плюсы, асабліва ў дачыненні не надта трывалых у эканамічным плане гаспадарак, дарагога вартыя і ўказваюць і на станоўчую дынаміку вытворчасці, і не ў меншай меры – на чалавечы фактар, дакладней, сумленнае стаўленне працаўнікоў да сваіх абавязкаў. Сельгаспрадпрыемствы сумесна з тэхналагічнай групай, створанай у раёне, правялі значную работу па паляпшэнні якасці рэалізуемага малака: гатункам экстра і вышэйшым прададзена больш за 81 працэнт прадукцыі, не менш за 90 працэнтаў ад агульнай рэалізацыі – у СВК “Ляхавіцкі”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, аграрным каледжы, ДП “Нача” і “Востраў-Агра”.

А дастаткова спакойнай зімоўцы статка садзейнічала яго забяспечанасць кармамі: на зімова-стойлавы перыяд у раёне іх нарыхтавалі па 30,8 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву.

Канешне, нельга заплючшваць вочы на нявыкарыстаныя рэзервы росту вытворчасці. Работу над памылкамі належыць зрабіць сёлета. Мяркую, што пры граматным падыходзе, высокай выканальніцкай дысцыпліне, захаванні тэхналагічных параметраў у стане паправіць сітуацыю і райаграсэрвіс, і  іншыя эканамічна нетрывалыя гаспадаркі, а моцныя – яшчэ нарасціць плюсы.

Ферма – сутнасць трываласці, устойлівасці сельгаспрадпрыемства. Кіраўніку перш за ўсё належыць накіроўваць малочнае рэчышча ў патрэбным напрамку, а не “плыць” па цячэнні, тады гарантавана будуць грошы ў гаспадарцы. Лічу, што ферма – гэта выпрабаванне кіраўніка на кампетэнтнасць. У цэлым, вытворчасць малака – сістэма, якая складаецца з элементаў, таму і падыход да справы павінен быць выключна комплексным.

А ў раслінаводстве неабходна здзейсніць “бабовую” рэвалюцыю, іншымі словамі, перагледзець падыходы ў лугавой і пашавай кормавытворчасці з арыенцірам на бабовыя культуры – не менш як паўгектара бабовых траў на карову.

Адзначу  важную арганізацыйную акалічнасць: летась практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна рэфармаваны ў камунальныя сельскагаспадарчыя ўнітарныя прадпрыемствы або акцыянаваліся ў адкрытыя акцыянерныя таварыствы.У мінулым годзе сярод галоўных задач былі развіццё эканомікі ва ўсіх сферах дзейнасці, нарошчванне экспарту тавараў і паслуг, стымуляванне прытоку інвестыцый у эканоміку і іншыя.  У малым прадпрымальніцтве створана 200 новых рабочых месцаў і 6 новых прадпрыемстваў. На зноў створаныя рабочыя месцы працаўладкавана 104 чалавекі.І новыя замежныя рынкі збыту з’явіліся ў прадпрыемстваў раёна ў мінулым годзе: Фінляндыя, Арменія, Чэшская Рэспубліка, Славакія, што садзейнічае росту экспарту тавараў і паслуг.

– Сацыяльная накіраванасць бюджэту – імпульс для развіцця эканомікі і, з другога боку, залежны ад яе аспект. Як у нашым раёне захоўваецца гэты баланс?

–Расходы на сацыяльную сферу ў першым квартале складаюць амаль 75,4 працэнта бюджэту. Відавочна: чым больш трывалай будзе эканоміка раёна, тым мацней дабрабыт і раёна, і яго жыхароў. Па выніках работы за мінулы год чысты прыбытак у эканоміцы павялічыўся ў параўнанні з пазалеташнім паказчыкам на 21,1 працэнта. Тэмп выручкі ад рэалізацыі прадукцыі апераджаў тэмп росту сабекошту. Рэнтабельнасць продажу склала 9,2 працэнта, павялічылася ва ўсіх галінах эканомікі. На развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы выкарыстана 21,7 мільёна рублёў інвестыцый. Асноўная крыніца іх фінансавання – уласныя сродкі прадпрыемстваў і арганізацый, чыя доля летась склала без малога 60 працэнтаў у агульным аб’ёме інвестыцый.

Працягваецца работа па прыцягненні замежнага капіталу ў раён. Напрыклад, летась прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове склалі 1,9 мільёна долараў ЗША. Укладваюць інвестыцыі ў вытворчую дзейнасць і суб’екты малога прадпрымальніцтва: ТАА “Ляхавічыдрэў”, “Трансэлектракамплект”, “Мясакамбінат “Ляхавічы”, “Інтэрлак”, аўтацэнтр “Вікторыя”. Сёлета інвестыцыі будуць выкарыстоўвацца пераважна для стварэння новых і мадэрнізацыі  існуючых рабочых месцаў, развіцця эфектыўных і экспартаарыентаваных вытворчасцяў. Умацаванне эканомікі, развіццё вытворчасці немагчымы без мадэрнізацыі, тэхнічнай перааснашчанасці прадпрыемстваў, стварэння новых вытворчасцяў, расшырэння асартыменту выпускаемай прадукцыі.

Ілюстрацыяй у тэму з’яўляецца СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” – валаўтваральнае прамысловае прадпрыемства раёна, на якое прыпадае каля 40 працэнтаў аб’ёмаў прамысловай вытворчасці Ляхавіччыны. Завод пастаянна мадэрнізуецца і тэхнічна перааснашчаецца. Летась на гэтыя мэты затрачана больш як 2100 тысяч рублёў. Тут плануецца ўвядзенне ў строй новага маслацэха, частковая замена абсталявання ў цэху цэльнамалочнай прадукцыі і іншыя інавацыі.  Сёлета ў сумесным адкрытым акцыянерным таварыстве “Ляхавіцкі малочны завод” змяніўся ўласнік: ім стаў адзін з сусветных лідараў малочнай галіны. Мяркую, што гэта пацягне за сабой новыя пазітыўныя змяненні, самы сучасны падыход да  перапрацоўкі сыравіны.

У 2014 годзе на ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” адбылася, можна сказаць, тэхнічная рэвалюцыя – рэканструкцыя з устаноўкай высокапрадукцыйнай лініі па выпрацоўцы льновалакна, што дазволіла істотна павысіць паказчыкі прадпрыемства. У мінулым годзе яно занесена на рэспубліканскую Дошку гонару. А сёння  працягвае працаваць над выхадам на максімальныя магчымасці абсталявання і прадукцыйнасці працы, па стварэнні трывалай сыравіннай базы, зніжэнні затрат вытворчасці. Каля 600 тысяч рублёў затраціў летась на гэтыя ж мэты і ААТ “ТБЗ Ляхавіцкі”. А яшчэ ўкараніў вытворчасць “сушонкі” з торфу, якая рэалізуецца “Краснасельскбудматэрыялам”. Прадпрыемства плануе мадэрнізацыю сістэмы абяспыльвання сушылкі.Адзначу, што ў мінулым годзе ў цэлым па раёне забяспечаны апераджальны рост прадукцыйнасці працы над ростам намінальнай зарплаты. Мы павінны імкнуцца, каб да канца года сярэдняя зарплата дасягнула ў эквіваленце 500 долараў. Гэта патрабаванне Кіраўніка дзяржавы.

Пад асобай увагай


– Сферы аховы здароўя і адукацыі заўсёды пад асобай увагай улады. Яны ўплываюць на якасць жыцця літаральна ўсіх нашых землякоў. І менавіта гэтыя сферы вельмі дынамічна развіваюцца. А ў дачыненні нашага раёна?

–У ахове здароўя раёна, як і наогул у краіны, асноўным прыярытэтам з’яўляецца развіццё амбулаторна-паліклінічнай дапамогі. Магутнасць медустаноў Ляхавіччыны складае 820 наведванняў у змену. На фоне паэтапнай аптымізацыі медустаноў забяспечанасць стацыянарнымі ложкамі ў раёне застаецца высокай і складае з улікам усіх узроўняў шпіталізацыі 11,5 на 1000 жыхароў (пры нарматыве сацыяльнага стандарту – 9). Паляпшэнне якасці меддапамогі напрамую звязана з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы аховы здароўя. Кожны можа пераканацца наколькі камфортныя ўмовы і для пацыентаў, і для медработнікаў створаны ў паліклініцы, райбальніцы, ва ўрачэбных амбулаторыях, на ФАПах. Набываецца новае дыягнастычнае абсталяванне, укараняюцца ў практыку высокатэхналагічныя метады лячэння. Ва ўсіх амбулаторыях і паліклініцы функцыянуе дзённы стацыянар, стацыянары на даму, пры хірургічным аддзяленні адкрыта “хірургія аднаго дня”.

Для жыхароў раёна расшыраецца даступнасць спецыялізаванай меддапамогі і высока-тэхналагічных аператыўных умяшальніцтваў. Адкрыццё Баранавіцкага міжраённага кардыялагічнага цэнтра, напрыклад, палепшыла даступнасць кардыялагічнай і кардыяхірургічнай дапамогі ляхавічанам. За мінулы год нашым землякам у Брэсце і Баранавічах правялі 57 аперацый на сэрца, столькі ж каранараангіяграфій.

На васьмі траўматалагічных ложках у хірургічным аддзяленні ЦРБ за год іх функцыянавання пралячылася мноства пацыентаў. Адзначу ўкараненне самых сучасных метадаў аператыўнага лячэння траўматалагічных хворых, у тым ліку пратэзаванне буйных суставаў.

Заканчваецца капітальны рамонт рэнтгенкабінета паліклінікі, дзе будзе ўстаноўлена сучаснае флюараграфічнае абсталяванне “Пульмаскан-760”. Пачаўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй харчаблока цэнтральнай раённай бальніцы. Будзе працягвацца  далейшая інфарматызацыя медыцынскіх устаноў раёна, укараняцца тэхналогія выпіскі электроннага рэцэпта, стварацца база для пераходу на электронную медкартку пацыента. Дарэчы, за кошт міжнароднай тэхнічнай дапамогі будзе набыта неабходная аргтэхніка для камп’ютарызацыі райбальніцы – у рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, у якім перамагла ў тым ліку і ініцыятыва ляхавіцкіх медыкаў. Бясплатная для насельніцтва медыцынская дапамога бюджэту каштуе нятанна. Паўтару, што, напрыклад, выклік хуткай дапамогі ў сярэднім абыходзіцца амаль у 46 рублёў, дзень знаходжання ў хірургічным аддзяленні – каля 45,5, тэрапеўтычным – 31,5, інфекцыйным – за 74, рэанімацыйным – 152 рублі, прыём урача ў паліклініцы – 8,7, выклік на дом – 7,5 рубля. Дыягностыка, лячэбныя працэдуры, за якія пацыент не плаціць, фінансуюцца таксама з бюджэту.

Клопатам улады пра ўдасканаленне меддапамогі з’яўляецца і вырашэнне кадравага пытання ва ўстановах аховы здароўя. Замацаванню спецыялістаў у раёне спрыяе іх забяспечанасць жыллём. Летась маладому папаўненню ў белых халатах прадастаўлены тры добраўпарадкаваныя кватэры, дзесяці спецыялістам  дадзены месцы ў інтэрнаце раённай бальніцы, які адкрыты ў жніўні мінулага года на плошчах былога гінекалагічнага аддзялення. Работа гэта будзе працягвацца.Адным са складнікаў сістэмы сацыяльнага развіцця раёна з’яўляецца сфера адукацыі і спорту. У мінулым годзе ў раёне функцыянавалі 40 такіх  устаноў. На пачатак бягучага навучальнага ў працэсе аптымізацыі сеткі закрыты Свяціцкая і Мядзведзіцкая СШ, Зубелевіцкі дзіцячы сад. Усе арганізацыйныя пытанні ў сувязі з гэтым вырашаны. Але па-ранейшаму ў нашым раёне ўтрыманне ў садку аднаго дашкольніка абыходзіцца бюджэту ў год у 2907 рублёў пры нарматыве 1170, а вучня школы – 2850 рублёў пры нарматыве 950. У раёне арганізаваны бясплатны праезд рабят да школ, калі тыя знаходзяцца ў іншых населеных пунктах, бясплатнае харчаванне для вучняў сельскіх устаноў адукацыі і гарадскіх пачаткоўцаў. За кошт бюджэту харчуюцца навучэнцы, якія маюць ільготы, устаноўленыя заканадаўствам.

Такая вось істотная дзяржаўная падтрымка. Яна яшчэ больш важкая, калі дадаць частковую аплату за дзіцячыя пуцёўкі ў летніках. А камфортныя ўмовы знаходжання ў дзіцячых садах, вучобы ў школах, адрамантаваныя класы, наяўнасць электронных сродкаў навучання… На Ляхавіччыне перавыконваецца сацыяльны стандарт па забяспечанасці вучняў камп’ютарнай тэхнікай.

У раённы банк даных адоранай моладзі ўключаны 162 нашы вучні. Летась яны былі заахвочаны прэміямі райвыканкама.

Значная ўвага ўдзяляецца прыцягненню дзяцей да здаровага ладу жыцця, заняткаў фізкультурай і спортам. Выхаванцы ДЮСШ летась на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах заваявалі 2 медалі, на рэспубліканскіх – 15, на абласных – 85. У нацыянальную зборную каманду па відах спорту ўваходзяць 12 выхаванцаў нашай ДЮСШ.

Асаблівы клопат – аб дзецях з неўладкаваных сем’яў, ухіленне прычын гэтай неўладкаванасці, стварэнне неабходных умоў для жыцця і выхавання такіх хлопчыкаў і дзяўчынак, перавыхаванне іх бацькоў, спагнанне расходаў на ўтрыманне дзяцей, калі тыя знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

Мы жывём  у грамадстве, дзе нераўнадушнасць, дабрачыннасць – не рэдкасць. Многія працоўныя калектывы падтрымліваюць школы і дзіцячыя садкі, і гэта правільна. Сродкі, укладзеныя ў адукацыю, у дзяцей, патрачаны не дарма. За сённяшнімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі –  будучыня.

Ну, а ў сістэме сацыяльнай абароны пажылых і непрацаздольных грамадзян сярод галоўных напрамкаў назаву пенсійнае забеспячэнне. Амаль 8800 жыхароў раёна (33,6 працэнта ўсяго насельніцтва Ляхавіччыны) атрымліваюць розныя віды пенсій, сярэдні памер якіх 281 рубель. Летась на пенсійныя выплаты пайшло 29,7 мільёна рублёў. Пад патранатам сацыяльнай службы – адзінокія састарэлыя людзі, інваліды. Дом сумеснага пражывання ў Ганчарах, аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, ложкі сястрынскага догляду ў Крывошынскай участковай бальніцы, 594 землякі з 75 населеных пунктаў раёна знаходзяцца на надомным абслугоўванні ў сацыяльных работнікаў. І ўсё гэта – аб’екты дапамогі, падтрымкі, клопату дзяржавы.

Дарэчы, у конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта ЕС ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца праграмай развіцця ААН, вызначаны чатыры пераможцы з Ляхавіцкага раёна.

Настрой залежыць  ад камфорту

–  Самымі рэйтынгавымі, часам спрэч-нымі для насельніцтва з’яўляюцца пытанні камунальнага і гандлёвага абслугоўвання, добраўпарадкавання, стану дарог, культуры землекарыстання. І не толькі для насельніцтва – улада заклапочана паспяховым вырашэннем гэтых задач…

– Чалавек так устроены, што ён заўсёды імкнецца да лепшага. І гэта правільна. Кожны год нешта ўдасканальваецца  ў добраўпарадкаванні, з’яўляюцца новыя камунальныя паслугі, адкрываюцца гандлёвыя кропкі. Але, мяркую, што зрабіць у гэтым плане належыць значна больш.  Гэта датычыць і мясцовага жылкамунгаса, які пры відавочных станоўчых момантах абавязаны ў поўнай меры выкарыстоўваць нішу свайго, скажам так, “паслужнога спісу” для забеспячэння камфорту насельніцтва – па ўсіх напрамках камунальнага абслугоўвання: ад паслуг бытоўкі да гасцінічнай запатрабаванасці, ад добраўпарадкавання і навядзення парадку да комплексных рамонтных прапаноў. Усё гэта ўплывае на якасць жыцця людзей, як, дарэчы, і гандлёвае абслугоўванне.

У раёне функцыянуе 166 магазінаў і павільёнаў фірменнага, райпоўскага, прыватнага гандлю, 36 аб’ектаў грамадскага харчавання, рынак, 6 аўтамагазінаў райпо, працуюць 2 гандлёвыя сеткі харчовых і нехарчовых тавараў “Еўраопт” і “Востраў чысціні”. Асобна закрану сістэму спажыўкааперацыі: рэзервы для паляпшэння абслугоўвання насельніцтва ў яе вялікія. Неабходна пашыраць асартымент тавараў у гандлі, працаваць над выпускам запатрабаванай і якаснай прадукцыі ўласнай вытворчасці, забяспечыць нармальны мікраклімат і для работнікаў прылаўка, і для пакупнікоў у любую пару года, асаблівую ўвагу ўдзяліць прафесіяналізму кадраў.

На парадку дня – паляпшэнне стану дарог, іх добраўпарадкаванне. Ужо сёлета, напрыклад, якасна новай стане траса, якая звязвае райцэнтр і аграгарадок Падлессе. А ў перспектыве асфальтавае пакрыццё з’явіцца на дарозе, якая  злучае вёску Альхоўцы і аграгарадок Малое Гарадзішча. Патрабуюць увагі гарадскія вуліцы, што знаходзяцца на балансе жылкамунгаса, і не толькі цэнтральныя. У раёне рэалізуецца вялікая праграма па капітальным рамонце вулічнага фонду. У Ляхавічах сёлета будзе адрамантавана вуліца Камсамольская (з уладкаваннем тратуараў), працягнецца рамонт вуліцы Янкі Купалы, асфальтавага пакрыцця – на Савецкай, Чкалава і па іншых адрасах.  Пачалі вырабляць праектна-каштарысную дакументацыю на рамонт вуліц Клецкай, Мінскай, Першамайскай. Не застануцца без увагі сельскія населеныя пункты.

Ёсць прэтэнзіі да ДРБУ № 200 па якасці і своечасовасці дарожнага рамонту,  які часта зацягваецца ці адкладваецца.  Усё гэта і многае іншае – пад кантролем раённай улады.

Наогул, навядзенне парадку – не разавая акцыя, а сістэмная работа і адпаведных службаў, і ўсіх землякоў. У дзень рэспубліканскага суботніка – 22 красавіка – усе разам мы можам вельмі многае зрабіць у гэтым плане. Можам, абавязаны і зробім.

– Барометрам настрою грамадства ў пэўнай ступені можна лічыць звароты грамадзян. Тым больш, што сёння органы ўлады максімальна адкрытыя ў гэтым плане. Вячаслаў Лукіч, з чым найчасцей звяртаюцца грамадзяне да кіраўніка раёна, і наколькі абгрунтаваныя гэтыя звароты?

– Работу са зваротамі грамадзян лічу штодзённай і да яе адношу не толькі прыёмы па асабістых пытаннях, прамыя тэлефонныя лініі, але і  сустрэчы ў працоўных калектывах, размовы з землякамі на палях, фермах, у цэхах прадпрыемстваў, офісах, зрэшты, на гарадскіх і вясковых вуліцах, у магазінах, на рынку… Да таго ж, шмат пытанняў, просьб, заўваг, пажаданняў прыходзіць на мой асабісты электронны адрас, які перыядычна змяшчаецца ў раённай газеце.

Калі абагуліць тэматыку зваротаў, то адзначу: абсалютная большасць іх датычыць пытанняў добраўпарадкавання і рамонту дарог, вуліц, дваровых тэрыторый, усяго таго, што знаходзіцца ў кампетэнцыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі (абслугоўванне і рамонт жылых дамоў, якасць камунальных паслуг, сістэма аплаты за іх). Даволі часта ўзнімаюцца жыллёвыя пытанні, пытанні крэдытавання, выдачы субсідый, будаўніцтва, а таксама працоўных адносін (працаўладкаванне, аплата працы, заключэнне кантрактаў) і многія іншыя.

Кожнаму звароту – максімум увагі. Аднак, як правіла, значная частка іх магла і павінна была вырашацца не ў райвыканкаме, а ў сельвыканкаме ці ў службе , у чыёй кампетэнцыі знаходзіцца ўзнятая праблема. Бываюць выпадкі, і не адзінкавыя, калі ў райвыканкам звяртаецца чалавек, пакрыўджаны безадказнасцю службовых асоб. Адзін з працаўнікоў райаграсэрвіса летась паскардзіўся, што з кастрычніка 2015 па чэрвень 2016 яму няправільна налічвалі зарплату, а пераразлік зрабіць адмовіліся. Факт пацвердзіўся, і зварот заяўніка, пасля ўмяшальніцтва раённай улады, быў задаволены. Станоўча вырашылі і сітуацыю, пра якую паведаміла жыхарка аграгарадка Ліпск: у населеным пункце на працягу месяца не працавала лазня, зварот да кіраўніцтва  жылкамунгаса вынікаў не даў. Як рэкламацыя на такую няўвагу з боку службовай асобы прадпрыемства праблема была агучана ў райвыканкаме і вырашана на карысць заяўніцы.

Не ўсе звароты абгрунтаваныя. Напрыклад, у мінулым годзе больш чым па палове паступіўшых у райвыканкам былі дадзены тлумачэнні. Бывае, чалавек не прымае тлумачэнняў, што ўсё рэгламентуецца заканадаўствам і ягоны выпадак па ягоным жа сцэнарыі вырашыць немагчыма. Ён працягвае хадзіць па інстанцыях, дарэмна траціць час уласны і іншых людзей. Такія прыклады, на жаль, не адзінкавыя таксама.

Хацелася б падкрэсліць, што і насельніцтву нашага горада і раёна неабходна больш актыўна прыкладваць уласныя намаганні па падтрыманні належнага санітарнага парадку на сваіх тэрыторыях, клапаціцца пра сябе, сваіх родных і блізкіх, працаваць, каб ствараць і дастойна жыць. Толькі разважанняў пра добрае жыццё мала – для гэтага  і дзеля гэтага трэба папрацаваць і самому.

Праца і вакансіі

– Вячаслаў Лукіч, даволі вострае пытанне сёння звязана з працаўладкаваннем. Наколькі эфектыўна яно вырашаецца ў раёне? Якія сёлетнія перспектывы?

– Узровень беспрацоўя ў раёне складае 1,1 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Падыходзім з таго, што за лічбай стаяць канкрэтныя людзі, якія не маюць работы, а, значыць, і зарплаты. Наогул жа, па стане на пачатак красавіка ў службе занятасці знаходзіліся 126 беспрацоўных. І гэта пры тым, што ў раёне маецца 88 вакансій (абсалютная большасць іх (50) – па рабочых прафесіях, астатнія – для спецыялістаў).

Сёлета ў раёне будуць працаўладкаваны на новыя створаныя рабочыя месцы 80 чалавек. У першую чаргу гэта мяркуецца выканаць з дапамогай малога бізнесу, але і кіраўнікам прадпрыемстваў з доляй дзяржаўнай уласнасці неабходна думаць пра развіццё і стварэнне новых і эфектыўных вытворчасцяў, адпаведна – і новых працоўных месцаў.

У працаўладкаванні маюць патрэбу 330 нашых землякоў. Плануем прапаноўваць удзел у сезонных работах (больш за 60 чалавек), аплачваемых работах праз фонд сацыяльнай абароны (больш за 30 чалавек), аплачваемыя грамадскія работы за кошт сродкаў наймальнікаў і мясцовага бюджэту (113 чалавек), накіроўваць на навучанне і перанавучанне і г.д.

Навука, турызм і жыццё

– Год навукі ў Беларусі – расклад не толькі для буйных гарадоў, але і для такіх невялікіх адміністрацыйных адзінак, як Ляхавіччына. Гэта магчымасць, “падрасці” – мадэрнізавацца, укараніць новыя тэхналогіі, падыходы і  г.д.  Адным словам, палепшыць узровень і якасць жыцця ў рэгіёне. Хацелася б пачуць  ваша меркаванне – не толькі як кіраўніка раёна, але і чалавека, які мае навуковую ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук і званне дацэнта.

– Жыццё ў нашай краіне ўжо даўно  ідзе ўпоравень з навукай: новая тэхніка, новыя тэхналогіі, новыя магчымасці і, адпаведна, патрабаванні, прычым ва ўсіх сферах. У раёне будзе працягвацца мадэрнізацыя вытворчасцяў, асаблівая ўвага – развіццю інавацыйных. Плануецца рэалізацыя чатырох новых праектаў на двух прадпрыемствах.

Сёння знаёмства з навукай адбываецца з дзяцінства. Асабліва адзначу ў гэтым сэнсе намаганні ўстаноў адукацыі. Апагеем  дзейнасці ў азначаным напрамку з’яўляюцца штогадовыя навукова-практычныя канферэнцыі. Пераможцаў раённых, абласных, рэспубліканскіх канферэнцый, конкурсаў, алімпіяд мы абавязкова ўшаноўваем дома.

У навуковым накірунку плённа працуе і Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, што не дзіўна: сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова рыхтуе сучасных спецыялістаў-аграрыяў. Гэта адзіна правільны падыход. Важкасць гектараў, прадукцыйнасць ферм у многім залежыць ад навуковага складніка.

Сёлета плануем павялічыць выпуск інавацыйнай прадукцыі, правядзенне сумесна з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам і навукова-практычным цэнтрам земляробства навукова-вытворчых даследаванняў па ўкараненні ў сельскагаспадарчую вытворчасць новых зерневых культур на базе гаспадарак раёна. Неабходна працаваць над укараненнем навуковых распрацовак і дасягненняў у вытворчую і сацыяльную сферу і зрабіць гэта ключавым фактарам эканамічнага росту на Ляхавіччыне.

– Вытворча-эканамічны патэнцыял раёна толькі ўмацуецца, калі больш поўна будзе выкарыстоўвацца патэнцыял прывабнасці, у тым ліку, турыстычнай. Вячаслаў Лукіч, якія канкрэтныя крокі ў даным накірунку плануюцца на бліжэйшы час? Якія – на больш аддаленую перспектыву?

– Ляхавіцкая зямля, яе гісторыя, культура, людзі – бы песня. Маленькая па плошчы тэрыторыя, але колькі звязана з ёй у мінулым, якімі прыемнымі і прыгожымі здабыткамі вызначаецца сёння. Нам ёсць што паказаць і пра што расказаць і сваім землякам, і гасцям. Відавочныя вынікі намаганняў па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку. І хаця зрабіць належыць значна больш, чым зроблена, аднак, грэе сэрца тое, што наш маленькі гарадок двойчы за апошнія гады  адзначаўся як лепшы ў рэспубліцы па добраўпарадкаванні. Папрыгажэлі цэнтральныя сядзібы гаспадарак, заслужана атрымалі аграгарадскі статус.

Што датычыць турыстычнай прывабнасці Ляхавіччыны, то візітоўкай раёна могуць стаць маршруты краязнаўчага, археалагічнага, культурнага, гістарычнага, прамысловага, спартыўнага, аграрнага турызму.

Непадалёк ад месца, дзе пачынаецца Аўгустоўскі канал – ля вёскі Свяціца, вяліся раскопкі стаянак старажытных людзей эпохі мезаліту. Унікальныя рэпіхаўскія, звязаныя з Янам Чачотам, мясціны. Савейкаўскі палацава-паркавы комплекс, Свята-Духаўская царква і святы Серафім Жыровіцкі з Падлесся, былы маёнтак Бохвіцаў у Флер’янове… Можна пералічваць гістарычныя славутасці раёна, але спынюся на адной з іх – Грушаўцы, дзе знаходзіцца былая сядзіба Рэйтанаў. Спадзяюся, што атрымаецца стварыць на гэтай базе турыстычны комплекс. Плануецца, што ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна” зможам аднавіць і выканаць рэстаўрацыю сядзібнага дома і стварыць там раённы краязнаўчы музей. Менавіта ў Грушаўцы на працягу некалькіх апошніх гадоў прапісаўся прыгожы фэст “З крыніц спрадвечных”, які ў перспектыве можа пашырыць свой маштаб. Як, дарэчы, і ўпершыню праведзеныя летась “Флер’яноўскія чытанні”. Думаю, яны зацікавяць паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў не толькі з нашага раёна. На месцы колішняй магутнай фартэцыі на беразе Ведзьмы плануецца, скажам так, стварэнне прывабнага ў турыстычным плане аб’екта. Цікавасць выклікаюць і маршруты па месцах ваенных падзей.

На турыстычны імідж раёна паўплывае развіццё народных промыслаў і адкрыццё магазіна-салона па продажы работ народных майстроў Ляхавіччыны. Дарэчы, гэтыя работы можна і трэба прапаноўваць і гасцям горада, якія спыняюцца ў гасцініцы.

Многае належыць зрабіць, па сутнасці, пачаць спачатку па арганізацыі прыдарожнага сэрвісу, размяшчэнні ўказальнікаў адрасоў турыстычных аб’ектаў, месцаў пражывання, харчавання, продажу сувенірнай прадукцыі, экскурсійнага абслугоўвання. Тыя 14 турмаршрутаў, якія распрацаваны аддзелам адукацыі спорту і турызму, канешне ж, патрабуюць удасканалення і папулярызацыі.

Дарэчы ўспомніць словы нашага земляка, пісьменніка Алеся Бадака: “Вельмі шкада, што ты ні разу не пабываў у гэтым ціхім куточку беларускай зямлі. А ты абавязкова  палюбіў бы яго. Палюбіў бы задумлівы гарадок з нягучнаю назваю Ляхавічы. Палюбіў бы сціплыя, мудрыя вёсачкі з тутэйшымі шчодрымі і працавітымі людзьмі. Бо шчодрасць і працавітасць на гэтай зямлі перадаюцца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне.

І так, напэўна, было заўсёды.

І вельмі хочацца верыць, што так будзе і надалей, пакуль не перавядзецца апошні род маіх гасцінных і шчырых землякоў”.

Нам усім выпаў гонар і адказнасць быць гэтымі землякамі.

– Дзякуй за размову, Вячаслаў Лукіч.

Гутарыла Вольга БАРАДЗІНА.

Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Пра галоўнае, ці Расклад для раёна: 3 комментария

  • 19/04/2017 в 23:03
    Permalink

    Пачытала і ўразілася. Сапраўды, колькі ўсяго робіцца, каб нам было зручна, каб прыгажэлі вуліцы і двары. А мы часам не заўважаем, прымаем як само сабой зразумелае. Не задумваемся, адкуль яно бярэцца. А гэта і ёсць штодзённы клопат дзяржавы, улады пра людзей.

  • 20/04/2017 в 11:16
    Permalink

    Да, много различных сложностей, проблем, но больше всё таки хорошего. Просто один искренне радуется каждому посаженному цветку, дереву, сделанному ремонту улицы. А другой везде ищет подводные камни. Впереди республиканский субботник- и это действительно, как отмечает руководитель района, прекрасная возможность показать кто на что способен.

  • 21/04/2017 в 15:42
    Permalink

    То, что сегодня происходит в районе, это действительно огромная работа людей руководителей, тех, кто делает добросовестно и порядочно свою работу и мы горожане должны и обязаны это уважать, ценить и сохранять!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *