Каля Шчары-ракі

24 чэрвеня 1941 г. падраздзяленні 111-га стралковага палка, 129-ы асобны знішчальна-супрацьтанкавы дывізіён і адзін дывізіён 141-га гаўбічнага артылерыйскага палка спыніліся на прывал каля вёскі Завінне, на 191-м кіламетры шашы Брэст – Слуцк. Сюды прыбыў і штаб 55-й стралковай імя К. Я. Варашылава дывізіі. Каля дзесяці гадзін раніцы за далёкім лесам прагрымелі артылерыйскія выстралы, прагучалі доўгія кулямётныя чэргі. Неўзабаве ў размяшчэнне штаба дывізіі вярнуліся разведчыкі. На тварах сляды парахавога дыму, поту і пылу. Камандзір бронеаўтамабіля падбег да начальніка штаба дывізіі  Г. А. Тэр-Гаспарана.
–Таварыш падпалкоўнік, рота трапіла ў засаду…– і асекся, не знаходзячы слоў, каб коратка, па ўставу далажыць пра самае галоўнае.
–Страты?
–Нашы – чатыры танкі і два бронеаўтамабілі.
–Нямецкія?
–Тры танкі і два артылерыйскія разлікі.
Праз некалькі хвілін паступіла каманда: падрыхтавацца да бою. Ад падраздзялення да падраз-дзялення пераходзіў батальённы камісар І. В. Опытаў, бальшавіцкім словам натхняў людзей перад іх першым боем.
Тут жа, у стралковых ячэйках і на артылерыйскіх агнявых пазіцыях, многія воіны напісалі заявы з просьбай аб прыёме ў партыю.
Пераадолеўшы ўзгорак, гітлераўскія бронетранспарцёры набліжаліся да пазіцый дывізіі. За імі з грукатам выпаўзалі танкі. Тэр-Гаспаран прыняў рашэнне ўдарыць па фашыстах з самай кароткай дыстанцыі. Вялікія надзеі ўскладаліся на артылерыстаў. Яны добра замаскіравалі свае пазіцыі, і праціўнік не заўважыў іх. На батарэях камандзіры аддавалі апошнія распараджэнні.
–Біць у барты, па гусеніцах, па маторнай групе, – камандаваў артылерыстам лейтэнант С. П. Уцешаў. – Фашысцкія танкі не павінны прайсці, пакуль будзе жывы хоць адзін артылерыст.
З кожнай секундай адлегласць скарачалася. Трыста, дзвесце, сто метраў… Напружанне нарастала. Кожны гарматны разлік ужо выбраў сабе цэль. Лейтэнант рэзка ўзмахнуў рукой. Словы каман-ды прывялі ў рух усю батарэю.
Ударылі па ворагу і батарэі 111-га  стралковага і 141-га гаўбічнага артылерыйскага палкоў. Стралкі адкрылі ружэйна-кулямётны агонь па варожых бронетранспарцёрах. З іх выскаквалі гітлераўскія салдаты, але тут жа траплялі пад меткі агонь нашых воінаў.
Вораг, відаць, не чакаў такога супраціўлення. Некаторыя танкі падаліся назад, схаваліся за ўзгоркам. Першы націск быў адбіты. Гітлераўцы, перастроіўшы баявыя парадкі, зноў рушылі на пазіцыі стралкоў і артылерыстаў. Танкі з ходу і з кароткіх прыпынкаў вялі агонь. За імі беглі аўтаматчыкі. Байцы дывізіі не адступілі. Прапусціўшы танкі, яны дружным і меткім агнём адсеклі ад іх аўтаматчыкаў і прымусілі залегчы на роўным полі. Па варожай пяхоце шрапнеллю ўдарылі артылерысты. Гітлераўцы неслі вялікія страты, але не адыходзілі. Іхнія танкі, шалёна прасуючы акопы стралкоў, рынуліся на пазіцыі артылерыстаў. Асабліва горача было на батарэі лейтэнанта Уцешава. Тут у драбналессі, бліжэй за ўсіх да шашы, яна прыняла на сябе асноўны ўдар нямецкіх танкаў.
Першая варожая атака захлынулася. Аўтаматчыкі пачалі адыходзіць. Павярнулі назад і танкі, пакінуўшы на полі бою шэсць падбітых машын. Над полем загрымела чырвонаармейскае “ўра!”. Гэта ў контратаку падняліся байцы 111-га стралковага палка.
А потым настала зацішша. Тэр-Гаспаран выклікаў да сябе начальніка артылерыі дывізіі палкоўніка С. І. Сямёнава.
–Дзе зараз знаходзяцца 141-ы гаўбічны і 84-ы лёгкі артылерыйскія палкі?
–141-ы падыходзіць да ракі Шчара, а 84-ы накіроўваецца да Баранавіч па распараджэнні штаба фронту.
–Тут нам гітлераўцаў не спыніць, –  сказаў яму начальнік штаба, –  вельмі няроўныя сілы. Едзь,  Сяргей Іванавіч, да моста цераз Шчару. Затрымай там 141-ы гаўбічны, 228-ы стралковы палкі і іншыя часці і падраздзяленні. Тэрмінова рыхтуйце абарону каля пераправы. Вораг не пакіне нас у спакоі. Пастараемся затрымаць яго тут, каб даць вам магчымасць замацавацца каля пераправы.
Не прайшло і гадзіны, як праціўнік пачаў новую атаку. У небе паявіліся фашысцкія самалёты і абрушылі на пазіцыі 55-й стралковай дывізіі свой смяротны груз.
Злева ад шашы з невялікага ўзвышша, засеянага азімым жытам, ударылі па фашысцкіх бронетранспарцёрах і аўтамашынах з пяхотай байцы кулямётнай роты 111-га стралковага палка. Побач заняла абарону вучэбная рота капітана Аляксеенкі таго ж палка. Калі дружны залп артылерыстаў абвясціў пра пачатак бою, адкрылі агонь і стралкі. Кожны з іх: і Косця Ганчаў, і Валодзя Жыдкоў, і Серафім Аляксееў – усе з казацкага хутара Сакалоўка – стараліся біць метка, беручы на мушку чарговага гітлераўца.
Не асела яшчэ ўзнятая выбухамі бомбаў зямля, як ударылі варожыя гарматы і мінамёты. Над галовамі нашых воінаў завіс самалёт-разведчык, які карэкціраваў агонь сваіх батарэй. Па фашысцкім сцярвятніку адкрыла агонь зенітная кулямётная ўстаноўка пад камандаваннем яфрэйтара Спірыдонава. Гітлераўскі лётчык заўважыў яе і пачаў біць па зенітчыках доўгімі  кулямётнымі чэргамі. Баявы разлік устаноўкі загінуў. Яфрэйтар Спірыдонаў атрымаў некалькі раненняў, але страляць не пераставаў. Вось самалёт-разведчык зноў паявіўся над ім. Вогненныя трасы панесліся на лапік зямлі, дзе размяшчалася зенітная ўстаноўка, а насустрач ім, да самалёта, працягнуліся распаленыя струмені з кулямёта Спірыдонава. На нейкае імгненне яны сустрэліся, як бы перапляліся паміж сабой, а потым кожная ўпілася ў сваю цэль. Левы матор самалёта задыміў, але апошняя чарга фашысцкага лётчыка зрашэціла воіна-зенітчыка.
Небывалую стойкасць у гэтым баі праявілі артылерысты. З першых жа выстралаў батарэя лейтэнанта С. П. Уцешава падпаліла танк, другому перабіла гусеніцы. Неўзабаве клубы дыму ахуталі яшчэ адну машыну. Уцалелыя браніраваныя пачвары рушылі на батарэю, імкнучыся акружыць яе. На дапамогу Уцешаву прыйшлі разлікі дзвюх гармат 141-га гаўбічнага артылерыйскага палка. Яны падпалілі тры танкі ворага. Яшчэ два танкі задыміліся ад меткіх выстралаў Уцешава, які стаў да гарматы замест наводчыка. Артылерысты ва ўпор расстрэльвалі гітлераўскія танкі, але і самі гінулі ў няроўным баі…
Падмінаючы кусты, бесперапынна страляючы, на гармату лейтэнанта Уцешава напаўзае танк з чорнымі крыжамі. Хвіліна-другая і гармата разам з лейтэнантам будзе раздушана. Але батарэю выратоўвае ўзгорак. Узбіраючыся на яго, танк на нейкае імгненне паказаў сваё слабое месца – днішча. Гэтага моманту і чакаў лейтэнант Уцешаў. Рэзка прагучаў гарматны выстрал, і сталёвая машына, здрыгануўшыся, застыла на месцы. Тады на адважнага лейтэнанта рынуліся адразу некалькі танкаў. На дапамогу камандзіру батарэі прыйшоў малодшы лейтэнант Брыкля. Калі гітлераўскі танк павярнуўся да яго бортам, Брыкля выстраліў бранябойным – яшчэ адна браніраваная махіна запалала. Аднак фашысты засеклі агнявы рубеж Брыклі і адкрылі па ім бесперапынны агонь. Прыцэл быў разбіты ўшчэнт асколкам снарада. Вопытны артылерыст не разгубіўся. “Будзем страляць без прыцэла”, – вырашыў ён. Малодшаму лейтэнанту дапамагаў вадзіцель цягача камсамолец Іван Сільчанка, які замяніў    Брыклю ўвесь гарматны разлік. Неўзабаве Сільчанка з трывогай у голасе далажыў: засталіся толькі два снарады. А да агнявой на вялікай хуткасці імчаўся танк. Першы снарад, пасланы Брыкляй, зрыкашэціў, другі – заклініў вежу. У гэты час варожы снарад трапіў у шчыт гарматы. Абодва воіны былі кантужаны.
Апрытомнеўшы, Брыкля і Сільчанка пачалі аглядаць мясцовасць. Справа, у кустах, стаяла ўцалелая гармата. Падпаўзлі да яе. Гармата была не па-шкоджаная, але без прыцэльнага прыстасавання і без адзінага снарада. Сільчанка абшнарыў пазіцыю і прыцягнуў тры снарады. Адчыніўшы затвор, Брыкля праз канал ствала навёў гармату на бліжэйшы танк. Выстрал – і машына, ахопленая полымем, застывае на месцы. Фашысты заўважылі ажыўшую гармату і кінулі супраць яе тры танкі. Выстрал, яшчэ выстрал – і гармата змоўкла. Яшчэ адзін танк задыміў, але астатніх спыніць было нечым. Брыкля ад злосці сціснуў кулакі.
–Танк! – крыкнуў Сільчанка і імгненна адштурхнуў лейтэнанта ўбок. У той жа момант пачуўся скрыгат, і іх саракапятка апынулася пад гусеніцамі фашысцкага танка…
На правым флангу ўпартае супраціўленне ворагу аказала батарэя Вараб’ёва з 111-га стралковага палка. Нават калі ад яе засталася толькі адна гармата, артылерысты не адступілі. Старшы сяржант Васіль Расказаў, які з усяго разліку толькі адзін яшчэ мог стаяць на нагах, прамой наводкай вёў агонь па варожых танках. Канчаліся бранябойныя снарады –   у справу пайшлі асколачныя. Тры  фашысцкія танкі падбіў у гэтым няроўным баі Расказаў.
Каля дзвюх гадзін працягваўся жорсткі бой. 24 чэрвеня 1941 года пад вёскай Завінне на 191-м кіламетры шашы Брэст – Слуцк цяжкія страты панеслі 129-ы асобны знішчальна-супрацьтанкавы дывізіён, якім камандаваў Пётр Асташчанка, і 111-ы стралковы полк.
Ва ўзнагародным лісце, падпісаным часова выконваючым абавязкі начальніка штаба 55-й стралковай дывізіі капітанам Зуевым 9 ліпеня 1941 года, гаварылася, што ў першым баі 24 чэрвеня 1941 года дывізіён капітана Асташчанкі  сумесна з воінамі 111-га стралковага палка знішчыў 20 танкаў ворага. У другім баі  ў гэты ж дзень артылерысты капітана Асташчанкі ўжо разам  з воінамі 228-га стралковага палка падпалкоўніка Рыгора Чаганавы  на беразе ракі Шчара падбілі яшчэ 18 фашысцкіх танкаў. Капітан П. П. Асташчанка за асабістую мужнасць і ўмелае кіраўніцтва дывізіёнам у баі з танкамі прадстаўляўся да ордэна Чырвонага Сцяга. Толькі праз многа часу камандзіры і байцы, што засталіся ў жывых, даведаліся: яны і іх аднапалчане, якія загінулі героямі ў той дзень, затрымалі прасоўванне да Бабруйска і Мінска галоўнай ударнай групоўкі гітлераўскіх армій “Цэнтр” –   2-ю танкавую групу Гудэрыяна.
Бой каля пераправы цераз Шчару працягваўся да позняй ночы. Вораг атакаваў бесперастанку. Апрацоўка нашых пазіцый  авіяцыяй змянялася артылерыйска-мінамётным агнём. Нямецкія аўтаматчыкі спрабавалі пад прыкрыццём танкаў фарсіраваць Шчару, але зноў і зноў адкочваліся назад.
У ноч з 24 на 25 чэрвеня паступіў загад: дывізіі адысці на новы рубеж – Русінавічы – Тальмінавічы. Стралковыя падраздзяленні зняліся ноччу і адступілі. Прыкрываць адыход асноўных сіл дывізіі было даручана  зводнаму атраду з байцоў 228-га стралковага палка. Для іх падтрымкі выдзелілі  некалькі гармат з 141-га гаўбічнага артылерыйскага палка, сярод якіх быў і разлік мінчаніна старшага сяржанта Якава Рыгоравіча Рыбака.
На досвітку 25 чэрвеня гітлераўцы адкрылі ўраганны агонь па абароне нашых войск  на ўсходнім беразе Шчары. А потым аўтаматчыкі  пачалі фарсіраваць раку. Пакінуты для прыкрыцця зводны атрад стойка ўтрымліваў левы бераг і зрываў атакі немцаў. Але слабелі і рады абаронцаў. Каля гармат заставалася па 2-3 чалавекі. Канчаліся снарады. Вось атрымаў кантузію наводчык Фатых Кадраліеў, асколкамі снарада паранены Якаў Рыбак. Перасільваючы боль, артылерысты працягвалі весці агонь па ворагу. Але чарговы снарад разарваўся каля гарматы… Адступаўшыя стралкі натрапілі на паўзасыпаных зямлёй акрываўленых артылерыстаў і вынеслі іх у тыл.
Каля пераправы на ўсходнім беразе ракі Шчара займаў абарону кулямётны ўзвод 228-га стралковага палка пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Васіля Іванавіча Радзівонава. Не адну атаку гітлераўцаў адбілі воіны  24 чэрвеня. Шчыльным кулямётным агнём яны не далі магчымасці фашыстам нават наблізіцца да ўсходняга берага. У час аднаго з артылерыйскіх налётаў быў выведзены са строю ўвесь разлік 122-міліметровай гаўбіцы. Тады В. І. Радзівонаў стаў за гармату і некалькімі меткімі выстраламі падбіў тры танкі ворага.
А калі полк у ноч на 25 чэрвеня адышоў на новы рубеж, кулямётны ўзвод Радзівонава быў пакінуты для прыкрыцця. Раніцой фашысты паспрабавалі фарсіраваць раку, аднак кулямётчыкі адагналі іх з берага. Гітлераўцы адкрылі ўраганны агонь па пазіцыях савецкіх воінаў і пад яго прыкрыццём пачалі наводзіць мост цераз раку. Радзівонаў некалькімі выстраламі з гаўбіцы знішчыў яго. Узводны адвёў з берага сваіх кулямётчыкаў толькі тады, калі была разбіта гаўбіца і выведзены са строю ўсе кулямёты.
За мужнасць і гераізм пры адбіцці танкавых атак у раёне ракі Шчара 24-25 чэрвеня 1941 года вялікая група воінаў 55-й стралковай імя К. Я. Варашылава дывізіі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 ліпеня 1941 года была ўзнагароджана высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Ордэнам Чырвонага Сцяга былі адзначаны подзвігі камандзіра гарматы сяржанта Васіля Мікалаевіча Расказава, камандзіра агнявога ўзвода малодшага лейтэнанта Рыгора Піліпавіча Брыклі, наводчыка гарматы сяржанта Фатыха Хусаінавіча Кадраліева і іншых байцоў і камандзіраў дывізіі. Многія воіны былі ўзнагароджаны пасмяротна.

Мікалай Акаловіч.
(Кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён»).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *