Язмін навеяў

Спакусліва, галавакружна пахне язмін. Ні адзін чалавек не пройдзе міма дома Розы Сулейманаўны па Цітовіча, каб не прыпыніць крок, не ўдыхнуць гэты чароўны водар, не «сфатаграфаваць» поглядам казачную карціну, аднойчы вершавана намаляваную і нават пакладзеную на музыку – «у белай квецені язмін…».
А да гэтага аўтарам парфумна-эстэтычнай кампазіцыі і адначасова вулічным дызайнерам выступаў бэз – белы, ліловы, блакітны, персідскі, пушысты, «гладзенькі», у якім дзяўчаты ва ўсе часы шукаюць пяціпялёсткавае «шчасце». Лёгкая гарчынка ў непаўторным водарным цудзе – усе разам узятыя «ніны рычы», «дзіёры», «дольчы і габана» адпачываюць, таму што яны могуць толькі наблізіцца да ідэала. А сам ідэал – на бэзавым, ці язмінавым, ці ружовым кусце, ці півоняй альбо касачом, ці фіялкай альбо флёксамі раскрываецца сонцу і месяцу-зоркам, разносіцца ветрыкам, і злавіць яго немагчыма – можна толькі адчуць, і толькі, што называецца, у жывой прыродзе.
Мілую воку і сэрцу квецень добра было б бачыць не толькі  за плотам агародчыкаў ці дач. Не сапсавала б яна нашы паркі, скверы, газоны, ох, не сапсавала б. Уявіце, напрыклад, пешаходную частку вуліцы 17 Верасня, дзе на клумбе прапісаўся б куст шыпшыны. Прыгожа? Вельмі! Люба? Усім сэрцам! І як жа сугучна пранікнёным радкам, якім ужо амаль стагоддзе:
Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
Нельга сказаць, што наш гарадок не зялёны. Ёсць дзе схавацца ў спёку – у засені, ёсць чым палюбавацца ў час прагулак. Адна маладзенькая ліпавая алея (уздоўж аграрнага каледжа, насупраць стадыёна) чаго вартая – такая аптымістычная і такая кранальная!
Але, здаецца, можна было б прадумаць і ўнесці сваю непаўторнасць, іскрынку ў аблічча маладога і стыльнага ў свае 525 гадоў горада, і скарыстацца для гэтага, скажам так, традыцыйным матэрыялам. А што больш традыцыйнае і сімвалічнае, лірычнае і патэтычнае, звычайнае і святочнае для гарадскога летняга пейзажу, чым  квітнеючыя бэз, язмін, чым прыгажуні шыпшына, каліна, рабіна…
Вось і на беразе Ведзьмы, там, дзе  журчыць крынічка, можна было б стварыць сапраўдны цуд, «напісаны» ўсім зразумелай мовай флоры. У Брэсцкай крэпасці, напрыклад, подзвіг абаронцаў зямлі беларускай услаўляе, у тым ліку, і бэзавая алея. І як жа шчымліва, як пранікнёна гучаць яе  маўклівыя словы, калі ўвесну-ўлетку яна ў  квецені.  А кусты шыпшыны даўно «прапісаліся» ў Мінску, пасуюць яны сталічным газонам і скверам, нават Нацыянальнай бібліятэцы.
Аднойчы, у верасні 2010 года, «веснікаўцы» прапанавалі пасадзіць дуброву ў Флер’янове ля былой сядзібы Бохвіцаў, дзе ўжо больш за стагоддзе цягнецца да сонца дуб, пасаджаны гасцяваўшай тут польскай пісьменніцай Элізай Ажэшка. Гэта ідэя была падтрымана нашымі землякамі і ўвасоблена ў жыццё: сёння дрэўцы набіраюцца сілы, кучаравяцца кронай, радуюць сваёй жыццесцвярджальнай  прысутнасцю побач з няхай дагледжанай, але даволі саліднай па ўзросце сядзібай.
Магчыма, у сённяшніх разважаннях, навеяных  квітнеючым язмінам, землякі пачуюць  тое, што даўно гучала і ў іх душах. І мы разам працягнем шчыраваць над удзячнай справай, каб «самы лепшы горад той, дзе ты жывеш», стаў яшчэ прыгажэйшым, яшчэ мілейшым і больш прывабным. Каб рабінава-шыпшынавыя аўтографы нашай любві краскамі самых высокіх і шчырых пачуццяў аздобілі яго вулачкі і завулкі. Вобразна кажучы, архідэі, эдэльвейсы і іншая экзотыка, якая залётна «прызямлілася» на нашых падаконніках, клумбах, шыльдах, не так саграе душу і не такая мілая воку, як «цвяток радзімы васілька».
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *