Як святочныя карцінкі – нашы брэсцкія «Дажынкі»

Фота Аляксандра Нікіфарэнкі, "Савецкае Палессе"

Клопаты застаюцца, іх аб’ёмы і пералік меншымі наўрад ці становяцца. Але ўборка хлеба – не проста клопат, не сельскагаспадарчая кампанія нават. Гэта цэлая эпапея – пасеяць, выпеставаць і, як заключны акорд, хутка і чыста сабраць збожжа.

А хлеб на стале – песня на сяле. І ў горадзе таксама. Сёлета галоўнай сцэнай, з якой на ўсе лады гучала ода хлебаробскай працы,  стаў Давыд-Гарадок Столінскага раёна.
Населены пункт, колькасць жыхароў якога складае амаль 6 тысяч чалавек, адкрыў новы этап гісторыі абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі”.
Нібы яркія карцінкі, адгучалі 2 верасня «Дажынкі-2017». Горад абнавіўся, расквеціўся. Цесната ж людскіх патокаў на дажыначных «праспектах» была такая – яблыку няма дзе ўпасці. Надвор’е, якое на працягу сельскагаспадарчага года не заўсёды радавала працаўнікоў нівы, нібы прасіла прабачэння і з працэнтамі вяртала аграрыям «дэбіторку».
Шматлікія выставы, канцэртныя пляцоўкі, майстар-класы. Гандаль – сапраўднае раздолле не толькі для аматараў шопінгу. А некаторыя прапанаваныя ў якасці тавару вырабы смела можна аднесці да катэгорыі «эксклюзіў». Асаблівы ці, дакладней, татальны эксклюзіў уяўляў сабой горад майстроў. Прыемны і такі родны момант: блізкі «прыгарад» горада майстроў упрыгожвала «Карона Давыда» – кветкавая кампазіцыя аўтарства майстроў-азеляніцеляў Ляхавіцкай ЖКГ.
Дэлегацыі раёнаў вобласці займаюць месцы ў святочнай калоне. У кожнай свая візітоўка, адмысловыя рысы, свой голас. У якасці музычнага голасу дэлегацыі Ляхавіччыны ў Давыд-Гарадку выступіла навасёлкаўская «Вечарніца». Шэсце калоны да галоўнай святочнай пляцоўкі – шлях пераможцаў, канешне, але і парад раёнаў вобласці. На паведамленне дыктара «Мы вітаем дэлегацыю Ляхавіцкага раёна!» жывы калідор рэагуе гучным «ура!». І так 16 разоў – па колькасці адміністрацыйных тэрыторый Брэстчыны.
Урачыстае адкрыццё абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2017» і апафеоз свята – цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю праходзілі на плошчы Давыда, у антуражы высокай сцэны, гучных апладысментаў, з удзелам самых высокіх службовых асоб вобласці.
Са святам «Дажынак» усіх павіншаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс. Ён адзначыў, што хлебаробы Брэстчыны годна справіліся з уборкай зерневых і ўнеслі свой важкі ўклад у рэспубліканскі каравай.
– Дзякуючы вашай працы, цярпенню, майстэрству воб-ласць чарговы раз пацвердзіла статус развітога аграрнага рэгіёна і ўдастоілася высокай ацэнкі Кіраўніка дзяржавы падчас яго наведвання ў жніўні гэтага года нашай вобласці. Нягледзячы на тое, што тэрміны ўборкі змясціліся ў параўнанні з мінулым годам на 10-12 дзён і мы паралельна з уборкай выконвалі іншыя палявыя работы, – збор ураджаю правялі як ніколі арганізавана, – работа аграрыяў заслужыла высокую ацэнку губернатара.
Год складваўся няпроста, і з самага пачатку палявога сезона вяскоўцы былі вымушаны шукаць і знаходзіць часам нетрафарэтныя падыходы ў сваёй рабоце. Выйшлі пераможцамі: валавы збор зерня каласавых склаў больш за 1,2 мільёна тон. Сярэдняя па вобласці ўраджайнасць – 36,7 цэнтнера з гектара.
– Паказчыкі не рэкордныя – наша вобласць атрымлівала і больш важкія ўраджаі, але, разам з тым, дастаткова высокія. Свае асаблівасці ўборкі былі ў кожным з рэгіёнаў. Але ва ўсіх раёнаў нашай вобласці вынікі дастойныя, – канстатаваў Анатолій Ліс.
Пры тым, што ў цэлым па сельскагаспадарчым годзе яны яшчэ далёка не поўныя: не завершана ўборка крупяных культур, у планах аграрыяў вобласці нарыхтаваць больш за 4 мільёны тон кукурузнага сіласу, намалаціць не менш як 200 тысяч тон кукурузнага зерня. Нядрэнную ўраджайную перспектыву абяцаюць плантацыі цукровых буракоў. Па папярэдняй ацэнцы, вал салодкага кораня можа скласці плюс-мінус 900 тысяч тон.
У гэтым годзе на абласны хлебаробскі п’едэстал падняліся 8 аграрыяў нашага раёна. Сярод маладзёжных экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў пераможцам спаборніцтва стаў старшы камбайнер ЗТАА «БелДан» Максім Горбік. Аператар зернесушыльна-ачышчальнага комплексу ААТ «Шлях новы» Васілій Суднік выйграў аблспаборніцтва ў катэгорыі «аператары ЗСК». Гэтых дваіх на дажыначнай сцэне віншаваў і ўручаў узнагароды асабіста губернатар. Аляксандр Шымкевіч з СВК «Ляхавіцкі» заняў другую прыступку п’едэстала ў працоўнай канкурэнцыі сярод галоўных аграномаў сельгаспрадпрыемстваў вобласці. Таксама другімі ў сваіх намінацыях сталі Сяргей Бурак з ААТ «Жарабковічы» (сярод экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў) і Ігар Васілевіч (сярод маладзёжных экіпажаў). З узнагародамі за трэцяе месца ў абласным спаборніцтве хлебаробаў пакідалі Давыд-Гарадок старшы камбайнер ААТ «Жарабковічы» Андрэй Дзянішчык, аператар ЗСК з гэтай жа гаспадаркі Яўгеній Тарабаш, вадзіцель ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» Аляксандр Маляр.
Новы ж этап з гісторыі абласных «Дажынак» заключаецца ў тым, што месцам іх правядзення цяпер стануць не раённыя цэнтры, як было ўсе папярэднія гады, а невялікія населеныя пункты. За Давыд-Гарадком наступным стане  Высокае (Камянецкі раён), пасля –  Ружаны (Пружанскі). Пра гэта са сцэны «Дажынак» паведаміў Анатолій Ліс.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.
БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Дэлегацыя Ляхавіцкага раёна

Інтэрв’ю даюць Андрэй Дзянішчык і Сяргей Бурак.

Васілій Суднік.

Ігар Васілевіч.

Аляксандр Маляр.

Адзін з лепшых аграномаў вобласці Аляксандр Шымкевіч.

На сцэне абласных «Дажынак» Яўгеній Тарабаш.

Максім Горбік (у цэнтры).


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *