«МАБІЛЬНЫ» панядзелак

Паколькі мерапрыемства насіла выязны характар, яго ўдзельнікі мелі магчымасць убачыць, скласці для сябе аб’ектыўную карціну становішча спраў у плане добраўпарадкаванасці і сацыяльна-бытавой уладкаванасці населеных пунктаў названых адміністрацыйных тэрыторый.

З не самага лепшага пачалося, калі ўдзельнікі нарады – старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі некаторых арганізацый і ўстаноў раёна, намеснікі старшыні і начальнікі аддзелаў райвыканкама  – “спешыліся” адразу пры ўездзе ў вёску Шчэрбава Крывошынскага сельсавета. Старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч звярнуў увагу на пакінутую сядзібу. Некалі жылы дом з комплексам гаспадарчых пабудоў зараз пустуе, прыходзіць у заняпад, тэрыторыя вакол, мякка кажучы, не з’яўляецца дагледжанай. “Неабходна заняцца больш шчыльна”, – прыкладна так прагучала рэзюмэ. Між іншым, сказанае можна аднесці не  толькі да аднаго канкрэтнага будынка: пустуючых і старых дамоў – тых, што трапляюць пад дзеянне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 70, – у раёне не адзін дзясятак.

Пакінуць па-за ўвагай кацельні нарада, канешне ж, не магла. Падобнага прызначэння аб’ект у вёсцы Галаўнінцы да зімы падрыхтаваны поўнасцю. Праведзены ўсе неабходныя рэгламентныя работы і рамонт у самой кацельні, укамплектаваны штат работнікаў, заменена цеплатраса. Доўгі навес выглядае акуратна, сведчыць аб дастатковасці запасаў паліва. Але ж і не без заўваг: неўпарадкавана  сумежная тэрыторыя. Дарэчы,  і ўсе іншыя наведаныя падчас “мабільнага” панядзелка кацельні нараканняў не мелі. У тым ліку і яшчэ летась праблемная, што на тэрыторыі бальнічнага комплексу ў вёсцы Крывошын. Галоўны ўрач абласной псіханеўралагічнай бальніцы Юрый Наўроцкі мяркуе, што сёлетні ацяпляльны сезон будзе ў гэтым сэнсе намнога лепшым за леташні”.

Але ж – пра Галаўнінцы. Гандлёвы абарот  крамы “Верас” СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” ці не ўдвая перавышае аналагічны паказчык магазіна райпо. СДК у чаканні капітальнага рамонту, пэўныя функцыі выконвае толькі адно, па сутнасці, памяшканне. Працуе лазня і … даўно не працуе размешчаны побач былы кансервавы цэх гаспадаркі, ад якога засталіся толькі “грубыя” формы і канструкцыі.

Першым аб’ектам “маніторынгу” ў Крывошыне аказалася школа. Між іншым, па колькасці вучняў ёй няма роўных сярод сельскіх школ раёна. За партай тут  177 чалавек. Установа вядомая поспехамі сваіх выхаванцаў у вучобе, спартыўнымі дасягненнямі. Як расказаў дырэктар, у школе “прыжыліся” дадатковыя платныя заняткі па некаторых  прадметах, а атрыманы такім чынам “па-за бюджэт” ідзе, у тым ліку, і на правядзенне рамонтаў. Яшчэ  Крывошынская СШ ганарыцца наяўнасцю двух музеяў: гісторыка-краязнаўчага і літаратурна-этнаграфічнага. З экспазіцыямі першага ўдзельнікі дня Савета з цікавасцю азнаёміліся.

Тэма Крывошынскага медыцынскага комплексу ўжо гучала: кропкава, паколькі не ўяўляецца магчымым удзяліць хоць бы мінімум увагі ўсяму ўбачанаму і пачутаму падчас нарады.  Сітуацыя, на якую звярнулі ўвагу удзельнікі нарады і, у першую чаргу, яе кіраўнік Яўгеній Юрлевіч: будынак участковай бальніцы зда-дзены ў эксплуатацыю не так даўно, аднак, тынкоўка на некаторых фасадах месцамі абвалілася ці адслаілася і “абяцае” абваліцца.

Пераехалі ў Ліпск, дзе таксама наведалі шэраг сацыяльна значных аб’ектаў. У тым ліку школу, урачэбную амбулаторыю, выдатную, па меркаванні аднаго з мясцовых аматараў пары, лазню. А вось Ліпская УА зноў засталася без урача. Доктар будзе працаваць у раёне, аднак, ужо не ў Ліпску і па іншай спецыялізацыі…

Тухавічы – тэрыторыя  Востраўскага сельсавета. Наяўнасць  багатых тарфяных залежаў абумовіла ў свой час будаўніцтва тут торфабрыкетнага завода. Адпаведна ТБЗ стаў лакаматывам узвядзення пасёлка “торфабрыкетчыкаў”: жылых дамоў, СДК, магазінаў, урачэбнай амбулаторыі, школы, дзе зараз спасцігаюць навуку 103 вучні, дзіцячага садка. Апошні, дарэчы, мае невялічкі басейн. Як засведчыла загадчык установы, дзеткі з задавальненнем яго наведваюць. І не толькі садкоўцы, але і малодшыя школьнікі таксама.

Непасрэдна ці апасродкавана, але ўсё завязана на ТБЗ “Ляхавіцкі”, з умовамі працы і быту на якім азнаёміліся ўдзельнікі дня Савета. Работа на прадпрыемстве, будзем шчырымі, пыльная. І ў брыкетным цэху яна такая, і на здабычы сыравіны, якой з’яўляецца фрэзерны торф. Без душа ў канцы працоўнай змены не абыходзіцца і не выходзіць на ву-ліцу ні адна “торфабрыкетная” душа. Усё ў гэтым сэнсе арганізавана.

У заводскіх планах гэтага года значыцца выпуск 130 тысяч тон брыкетаў. Разыходзіцца ён па 13 раёнах Брэстчыны, трапляе на Магілёўшчыну і Гомельшчыну, “грэе” Швецыю, Польшчу.

Фінішным пунктам знахо-джання раённай выязной нарады стаў Востраў. За дастаткова кароткі апошні час населены пункт заметна змяніўся. Яркасцю фарбаў радуюць ву-ліцы аграгарадка. Прыгожы і, трэба думаць, якасны рамонт атрымалі будынак мясцовай адміністрацыі, сярэдняя школа. Яшчэ два гады таму “халодная”, мінулай зімой, па словах дырэктара, школьныя заняткі праходзілі ў атмасферы поўнага тэмпературнага камфорту. Чаго жадаць? Ну хіба-што павелічэння колькасці вучняў. На сёння іх 6 дзясяткаў: з аграгарадка і пяці навакольных вёсак.

“Мабільны” панядзелак завяршыўся пленарным пася-джэннем тут жа, у Востраве, у будынку мясцовай адміністрацыі.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *