Эксклюзіў ад каляджан

17  кастрычніка  ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце прайшоў фінал XIV фестывалю-конкурсу #ТалентыБарДУ-2017. На заключным этапе самыя таленавітыя, творчыя і крэатыўныя студэнты спаборнічалі за права называцца лепшымі ў розных намінацыях. Прыняць удзел у фестывалі запрасілі і навучэнцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа.
Зачараваў журы і гледачоў сваім майстэрствам хіп-хопу навучэнец агранамічнага аддзялення Павел Сой. Манера выканання, арыгінальны падыход, эксклюзіўнасць жанру на конкурсе прынеслі юнаку дыплом лаўрэата ў намінацыі «інструментальная творчасць».
– Акрамя магчымасці заявіць пра сябе, паказаць свой талент, такія праекты дазваляюць студэнтам і навучэнцам пазнаёміцца, магчыма, супрацоўнічаць у будучым. Напрыклад, я ўсур’ёз задумваюся стварыць рок-групу, – дзеліцца Павел. Дарэчы, яго ўжо запрасілі прыняць удзел у фестывалі творчасці беларускіх і замежных студэнтаў БарДУ.
З дыпломамі пераможцаў вярнуліся навучэнкі ветэрынарнага і агранамічнага аддзяленняў Аліна Гатоўчыц (сола на саксафоне) і Ганна Старажук (вакальная творчасць).
Усе ўдзельнікі конкурсу займаюцца ў клубе мастацкай самадзейнасці «Юнацтва» пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Уладзіміра Равінскага.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *