Гаечны ключ да поспеху

Токар-віртуоз Вацлаў Гаўдзіс.

Свой пасяўны агрэгат механізатар Генадзій Граблюк даўно паставіў на лінейку гатоўнасці.

Усё новае прыцягвае вока, нібы магніт. Дом, свежапафарбаваная агароджа, аўтамабіль… У нашым выпадку ролю магніту сыграў трактар. Нават два, што ва ўсім бляску застылі пры ўездзе на мехдвор СВК «Ляхавіцкі». Відавочна, у чаканні вясны, калі кожная конская сіла набывае на вёсцы асабліва важнае значэнне.Галоўны інжынер Андрэй Новік не толькі пацвердзіў здагадку, але і пашырыў спіс тэхнікі, купленай гаспадаркай за апошні час: тры, а не два трактары, трактарны прычэп, раздатчык кармоў, пара раскідвальнікаў арганікі, «Газель» для камфортнай і хуткай перавозкі людзей да месца работы. Заплачаны грошы за грузавы МАЗ, які, умоўна кажучы, ужо недзе на паўдарозе да Русінавіч.
А ў памяшканнях і цэхах майстэрні працягваецца давядзенне да ладу механізмаў, агрэгатаў і машын, што маюць ужо вопыт палявой работы. У рознай ступені «стаміліся» за напружаны мінулы сельскагаспадарчы сезон і патрабуюць рэабілітацыі. Найбольш пільная ўвага, канешне, тэхніцы першага выхаду. Той, з якой пачынаецца сельскагаспадарчая вясна: плугі, не асабліва актуальныя апошнімі гадамі сеялкі, камбінаваныя пасяўныя агрэгаты, агрэгаты для ўнясення мінеральных удабрэнняў і арганікі, вядома, энерганасычаныя трактары ды і іншае «жалеза».
За пару-тройку дзён да калядаў «Ляхавіцкім», як высветлілася, усё, што належала, было адрамантавана. Галоўны інжынер расказаў: старт рамонтнага перыяду фактычна супадае з фінішам сезона асенніх палявых работ. Адразу пасля завяршэння азімай сяўбы, ворыўных работ выведзеная з палетка тэхніка трапляе на дыягностыку. Мэта – вызначыцца наконт дэфектыўнасці агрэгата ў цэлым і асобных яго дэталяў, механізмаў, вузлоў. Усё вельмі індывідуальна: для пастаноўкі дыягназу і прызначэння машыне схемы «лячэння» ў шэрагу выпадкаў дастаткова прафесійнага агляду. У іншых – патрабуецца яго рознаглыбокая разборка. У адпаведнасці з вынікамі дэфектоўкі фарміруецца ўяўленне пра неабходнасць запасных частак. Бываюць сітуацыі, што ад моманту заказу той ці іншай запчасткі да яе паступлення праходзіць немалы час. Ёсць запчасткі, «дакупіцца» якіх асабліва няпроста. Таму ў кожнага дбайнага гаспадара ёсць свой склад, дзе сабраны і сістэматызаваны рознага роду расходнікі, дэталі, якія найбольш часта прыходзяць у непрыгоднасць, і іншае.
Неаднолькава шчыльна, аднак аднолькава адказна і зацікаўлена ў якасці арганізацыі рамонтных работ задзейнічана бадай усё кіраўніцтва гаспадаркі – пачынаючы ад старшыні і ўніз па вертыкалі. Непасрэднымі ж выканаўцамі з’яўляюцца механізатары, у дапамогу якім у «Ляхавіцкім» прыдаецца спецыялізаванае звяно ў скла-дзе майстроў газаэлектразваркі і такарнай справы.
Андрэй Новік падкрэслівае: рамонт вядзецца па графіку ці з яго апераджэннем.
Усе 4 камбінаваныя пасяўныя агрэгаты «Ляхавіцкага» ўжо занялі сваё месца на імправізаванай лінейцы гатоўнасці. Найбольш проста было з адным, дзе абы-шлося малым рамонтам. А вось кожная з тройкі астатніх пасяўных машын запатрабавала ад рамонтнікаў адчувальна больш клопатаў і ўкладанняў. Але яны ўжо засталіся ў мінулым годзе. У тым ліку і свежая афарбоўка ў якасці заключнага штрыха.
Сваё ворыўнае пытанне «Ляхавіцкі» фактычна вырашыў з восені. Але ёсць агратэхналагічныя нюансы, вырашэнне якіх адкладваецца на вясну. Для гэтай мэты ў арсенале гаспадаркі неабходны парк плугоў рознай корпуснасці – хоць сёння ў баразну.
Тое ж наконт трактароў, сярод якіх і энерганасычаныя, якія «хоць у плуг запрагай», хоць з камбінаваным пасяўным агрэгатам пускай.
На момант рэдакцыйнай «інспекцыі» майстэрняў СВК «Ляхавіцкі» з тэхнікі першага выхаду лёгкага ўмяшання рамонтнікаў патрабавалі адзін з раскідвальнікаў тукаў і адзін з дзясятка прычэпаў для ўнясення арганікі. Але ў любым выпадку ўся глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка, па словах галоўнага інжынера сельгаскааператыва, да 15 студзеня прыведзена ў поўную гатоўнасць.
Чарговы штогадовы водпуск для механізатараў «Ляхавіцкага» непасрэдна звязаны з тэрмінам завяршэння сезоннага рамонту замацаванай за кожным тэхнікі. Прыкладна трэць з іх сваё ўжо адгуляла, для асобных іншых гэты прыемны час працягваецца, для некаторых толькі пачынаецца.
Але ж не толькі механізатары. Як было ўжо адзначана, на роўных з апошнімі за якасць рамонтных работ адказваюць і зваршчыкі, і токары, і спецыялісты асобных іншых прафесій. Аляксандр Ходар – адзін з іх. Кваліфікаваны газаэлектразваршчык у выпадку вытворчай неабходнасці адкладвае ў бок газавую гарэлку і бярэцца за кавальскі молат. І першая, і другі ва ўмелых руках майстра вядуць сябе аднолькава паслухмяна.
А Вацлаў Гаўдзіс – токар самага высокага кваліфікацыйнага разраду. Не будзе перабольшваннем сказаць, што яму падуладна любая профільная і не надта, самая тонкая і самая складаная работа. Абмежаваннем можа служыць хіба толькі недастатковасць функцыяналу станка, станочнай аснасткі. Безумоўнай павагі заслугоўвае адданасць чалавека сваёй справе. Толькі ў «Ляхавіцкім» Вацлаў Пятровіч такарыць больш за 4 дзясяткі гадоў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *