Горш леташняга, але лепш, чым чакалі. Напярэдадні прафесійнага свята сельскіх працаўнікоў «Ляхавіцкі веснік» пагутарыў з галоўным аграрыем раёна

Напярэдадні прафесійнага свята сельскіх працаўнікоў «Ляхавіцкі веснік» пагутарыў з галоўным аграрыем раёна – першым намеснікам старшыні райвыканкама і начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васіліем Пыжыкам. Размова тычылася вынікаў раслінаводчага сезона, які можа ўжо лічыцца завершаным, азімай сяўбы, як першага кроку на шляху да новага ўраджаю, стану жывёлагадоўлі, корманарыхтоўкі і іншага.

– Раслінаводчы сезон 2022/2023 гадоў складваўся няпроста, атрымаўся неадназначным. Горш папярэдняга, але лепш, чым чакалі –
гэта, у першую чаргу, пра год хлебаробчы. Гектары збожжавых каласавых не падняліся да ўзроўню рэкорднага папярэдняга года.
Сухая – у пыл, па сутнасці, – азімая сяўба, працяглая халодная вясна, летні дэфіцыт вільгаці не дазволілі як трэба «разагнаць» зерневую масу коласа. А гектар фарміруе вал, які ў гэтым сезоне некалькі адстаў ад лічбаў мінулага года.
З другога боку – своечасовасць выканання ўсіх этапаў работ, дакладная агратэхніка, граматнае, з улікам умоў надвор’я правядзенне ахоўных аперацый, мінімальная адпаведнасць з унясеннем пад культуры ўдабрэнняў не маглі быць дарэмнымі. Ураджайнасць гектара і агульны збор хлеба атрымаліся нават больш высокімі, чым чакалася. Сёлета з палёў Ляхавіцкага раёна сабрана амаль 81 тысяча тон збожжа, зерня кукурузы, грэчкі і проса. І гэта без уліку рапсу, раённы вал якога выражаецца таксама дастойнай лічбай.
Звычайна ў сярэдзіне лістапада сезон нарыхтоўкі травяністых кармоў лічыцца завершаным. Зараз не так: дзякуючы надвор’ю і таму, што некалькі гадоў назад у раёне звярнулі асаблівую ўвагу, зрабілі ўпор на вырошчванне люцэрны, некаторыя сельгаспрадпрыемствы сёння працягваюць пятую ўборку гэтай высокабялковай кармавой культуры. Лічу люцэрну самай эфектыўнай кармавой культурай. І не толькі з-за таго, што высокапратэінавая, за сезон здольна даць некалькі паўнацэнных ураджаяў. Люцэрна з’яўляецца раслінай, даволі ўстойлівай да недахопу вільгаці, нядрэнна сябе паказвае ў заслушлівых умовах.
Як, напрыклад, у сёлетнім сезоне, калі недахоп ападкаў адбіўся на люцэрне значна менш, чым на тых жа злакавых. Пацярпелі толькі найбольш высокія палі з пераважна лёгкім складам глебы. Сукупна плошчы люцэрны ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна складаюць каля чатырох з паловай тысяч гектараў. Упэўнены, пасевы неабходна пашыраць.
У гэтым аграрным годзе сур’ёзныя планы рабіліся на кукурузу. І яны ў значнай частцы спраўдзіліся. Гаспадаркі раёна намалацілі 13,5 тысячы тон кукурузнага зерня, чым значна дапоўнілі раённы валавы збор хлеба. Ураджайнасць сярэдняга гектара паднялася да 80 цэнтнераў і, у параўнанні з мінулым годам, вырасла прыкладна на тры дзясяткі цэнтнераў. Асобныя сельгасарганізацыі (ААТ «Шлях новы», напрыклад) дзясяткі тон кукурузнага зерня нарыхтавалі ў поліэтыленавыя рукавы, папярэдне ажыццявіўшы пры гэтым аперацыю плюшчэння. Гэта вельмі добры корм, пажыўная дабаўка ў рацыён буйной рагатай жывёлы.
Паказаная ўраджайнасць – восем дзясяткаў цэнтнераў – не з’яўляецца для Ляхавіччыны нечым асабліва адметным. Хацелася б і можам збіраць адчувальна больш. На гэта і разлік, арыенцір на бліжэйшую перспектыву.
З перавышэннем паказчыкаў выніковасці папярэдняга года спрацавалі аграрыі Ляхавіччыны і на корманарыхтоўках. Сёлетнія запасы травяністых кармоў, у тым ліку і кукурузнага сіласу, выгадна адрозніваюцца ад аналагічных леташніх. Як у плане аб’ёмаў, так і па паказчыках якасці. Апошняе з’яўляецца ключавым фактарам, радуе, дае надзею на рост прадукцыйнасці ў жывёлагадоўлі. Якасць травяністых кармоў уласнай вытворчасці – кампанент, які на працягу шэрага гадоў выклікаў заклапочанасць, патрабаваў вырашэння. Не скажу, што сёлета з гэтым удалося канчаткова справіцца. Аднак крок ў накірунку якасці зроблены даволі сур’ёзны. Усім кіруе тэхналогія, яе дакладнасць і ашчаднае выкананне на кожным з этапаў нарыхтоўкі і захоўвання травяністай масы гарантуюць вынік. Фазы касьбы, ступень здрабнення зялёнай масы, падрыхтоўка кармавых траншэй перад іх запаўненнем, дасканаласць трамбоўкі, тэрміны закладкі і правільнасць укрыцця – дробязяў у справе корманарыхтоўкі не бывае. Лічу, што ў гэтым сезоне пытанням тэхналогіі гаспадаркамі раёна ўдзялялася павышаная ўвага. Як вынік, ужо зараз можна сцвярджаць,
што кармавыя нарыхтоўкі гэтага года адрозніваюцца лепшай
якасцю. Вельмі добра, у прыватнасці, па кукурузе спрацавала
ААТ «Жарабковічы». Таксама можна і хочацца адзначыць ЗАТ «Белпрампрыбор», СВК «Ляхавіцкі» ды і некаторых іншых нашых гаспадарнікаў.
Для раённага сельскагаспадарчага комплексу, як, бадай, і эканомікі ў цэлым, 2023 год быў адметным у плане будаўніцтва вытворчых жывёлагадоўчых аб’ектаў. Сёлета, пачынаючы з красавіка і далей, у шэрагу нашых сельгасарганізацый былі ўведзены ў вытворчасць новыя малочнатаварныя комплексы: «Ліпск» у СУП «Ліпнянка», «Падлессе» ў ААТ «Жарабковічы», «Літва» ў ААТ «Шлях новы». Нягледзячы на параўнальна нядаўні факт адкрыцця, МТК «Літва» сёння ўжо цалкам запоўнены жывёлай. На аб’екце, разлічаным на ўтрыманне 640 галоў БРЖ, зараз утрымліваецца больш за 430 кароў. Пераведзены з іншых фермаў гаспадаркі, дзе і ўмовы ўтрымання, і даенне былі горшымі, іх прадукцыйнасць сёння павялічылася. «Ліпск» і «Падлессе» таксама дэманструюць дынаміку ў рабоце. А з мэтай стаць у перспектыве тэхналагічна «замкнутымі» вытворчымі комплексамі будуць прырастаць новымі памяшканнямі.
Пра нядаўнюю азімую сяўбу скажу коратка: аграрыі правялі яе ў рамках адведзенага нашымі тэхналогіямі тэрміну. Гэта адносна і рапсу, і азімых збожжавых. Пасевы пайшлі ўжо ў рост, і, гледзячы на азімыя палеткі, хочацца і ёсць падставы спадзявацца на будучы добры ўраджай.
Адметнасцю азімай кампаніі – 2023 можна лічыць той факт, што раён некалькі павялічыў пасяўныя плошчы азімага ячменю. Даволі высокая ўраджайнасць гэтай культуры, першачарговая яе ўборка і, адпаведна, магчымасць мець ранняе збожжа, салому надаюць ёй дадатковую сельскагаспадарчую важнасць. І вартасць.
З прафесійным святам, калегі!

Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.