Бяспека – галоўнае для чалавека

Для кожнай гаспадарчай адзінкі вельмі важна выкананне прагнозных вытворчых паказчыкаў. Як і якасць выпускаемай прадукцыі ці сэрвісу. Асаблівая роля ў гэтым адводзіцца прадукцыйнасці працы. Названыя эканоміка-вытворчыя катэгорыі ў самай значнай ступені фарміруюць матэрыяльны дабрабыт прадпрыемства, арганізацыі, установы, структуры. Адпаведна – і кожнага з работнікаў, стабільнае «фінансавае» здароўе якіх важнае. Аднак пры ўмове, што ў пагоні за ім не было страчана здароўе фізічнае.

Усё гэта да таго, што, націскаючы кнопку «пуск» на панэлі кіравання, напрыклад, дрэваапрацоўчага станка, неабходна не забывацца пра патрабаванні тэхнікі бяспекі. З мэтай недапушчэння няшчасных выпадкаў на вытворчасці у нашым раёне робіцца вельмі многае. Як на ўзроўні адказных за гэта службаў, асобных спецыялістаў, так і ў межах канкрэтных прадпрыемстваў, арганізацый і устаноў незалежна ад іх ведамаснай падпарадкаванасці і формы ўласнасці. Так стаў ужо традыцыяй і ў вядомым сэнсе тэматычным семінарам-практыкумам раённы Дзень аховы працы. Акцыя гэта штогадовая, праводзіцца, як правіла, у чэрвені і збірае кіраўнікоў прадпрыемстваў і інжынераў па АП. Абавязковым пунктам праграмы з’яўляецца наведванне некалькіх арганізацый раёна з маніторынгам асаблівасцяў функцыянавання ў іх сістэмы аховы працы. Што ёсць лепшае, найбольш дзейснае і перадавое становіцца ўсеагульным вопытам.
За пытанні бяспекі на прадпрыемствах непасрэдна адказваюць інжынеры па ахове працы. Такіх спецыялістаў у раёне 25. Запоўнены ўсе вакансіі, акрамя адной: замест двух па штаце ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» працуе толькі адзін профільны работнік.
З кантрольнай і кансультацыйнай мэтай па пытаннях аховы працы створана і працуе раённая мабільная група, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень. Як паведаміў сакратар групы, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць, у мінулым годзе з мэтай праверкі выканання нарматываў, правілаў і патрабаванняў АП на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах раёна праведзена 117 рэйдаў. Увагай групы не быў абдзелены практычна ні адзін з суб’ектаў гаспадарання. Асаблівая ўвага надавалася тым з іх, якія ўваходзяць у спіс так званых арганізацый павышанай ступені рызыкі. Да іх адносяцца сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, лесагаспадарчыя, дрэваапрацоўчыя, прадпрыемствы жыллёва-камунальнай сферы. Вынікам маніторынгу стала выяўленне 1552 парушэнняў правілаў аховы працы, найчасцей – у сельскай гаспадарцы, прамысловасці. У арганізацыях будаўнічага комплексу парушэнні правілаў АП выяўляліся таксама, але ў параўнальна нязначных выпадках. Яшчэ і, трэба разумець, з прычыны таго, што асаблівай будаўнічай актыўнасці ў раёне ў мінулым годзе не назіралася.
Нягледзячы на шматлі-касць і разнастайнасць прафі-лактычных мерапрыемстваў, выпадкаў вытворчага траўматызму ў 2017 у раёне прыбавілася: з трох, меўшых месца ў 2016 годзе, да дзесяці ў мінулым. З іх адзін, які адбыўся ў ЗАТ «Белпрампрыбор», завяршыўся смерцю пацярпелага. Па ступені траўмавання работніка тры выпадкі былі аднесены да катэгорыі цяжкіх. Падобнае мела месца на вытворчых пляцоўках ААТ «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі» і ДП «Нача». Як лёгкія класіфікаваны выпадкі вытворчага траўматызму, атрыманыя работнікамі СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» і ААТ «Жарабковічы», у ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас» і СТАА «Біфкам».
Праведзены спецыялістамі аналіз абставін няшчасных выпадкаў, што адбыліся на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна летась, дазваляе гаварыць пра іх першапрычыны. Банальна, але факт: у большасці выпадкаў віна ляжыць на саміх пацярпелых, якія дапусцілі парушэнне патрабаванняў аховы працы падчас выканання сваіх вытворчых абавязкаў. У шэрагу выпадкаў прычынай траўмаў сталі недахопы ў арганізацыі бяспечнага выканання работ і супрацьпраўныя дзеянні іншых асоб.
Згодна з матэрыяламі расследавання, у пяці з дзесяці выпадкаў вытворчага траўматызму віна наймальніка адсутнічае поўнасцю. Адказныя асобы, якія па выніках расследавання былі прызнаны вінаватымі ў няшчасных выпадках на вытворчасці, прыцягнуты да адказнасці.
А цяпер пра тое ж, але з іншага – станоўчага – полюса гледжання. Штогод у раёне праводзіцца агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Рашэннем райвыканкама па выніках 2017 года такога статуса ўдастоіліся: Ляхавіцкае ПМС – сярод арганізацый вытворчай сферы дзейнасці з колькасцю работнікаў да 150 чалавек, сярод арганізацый гэтай жа сферы, колькасць работнікаў на якіх перавышае 150 чалавек, –  ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», сярод арганізацый невытворчай сферы – цэнтральная раённая бальніца, а сярод суб’ектаў малога прадпрымальніцтва –
ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт». Усе пераможцы адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *