Махляры шукаюць даверлівых


У апошні час пачасціліся выпадкі падману грамадзян нядобрасумленнымі фірмамі, якія прапануюць аказанне такіх паслуг, як замеры напружання ў электрычнай сетцы, праверка правільнасці работы лічыльніка, замена аўтаматычных выключальнікаў, праверка пластыкавых вокнаў. Набірае абароты новая «прапанова»: правядзенне сантэхнічных работ (ачыстка труб, апрацоўка зліваў ванны, кухонных ракавін і г. д.).

Звычайна ад такіх дзеянняў церпяць пенсіянеры з-за сваёй даверлівасці. Рознымі спосабамі (тэлефонныя званкі, пакватэрныя абходы) фірмы прапануюць свае паслугі. Злоўжываючы даверам грамадзян, заключаюць з імі дагаворы на выкананне работ, у якіх указваюць значна завышаны кошт паслуг.
Перш чым падпісаць дагавор, трэба ўважліва азнаёміцца з яго зместам, у тым ліку з коштам паслуг, і толькі потым прымаць канчатковае рашэнне. Калі вы ставіце свой подпіс у дагаворы, тым самым згаджаецеся з усімі яго ўмовамі і цэнамі на паслугі і тавары. Дакументы ў такіх фірмаў складзены граматна, і аспрэчыць іх пасля падпісання складана. Лепш за ўсё не пускайце махляроў у свае дамы і кватэры. Работнікі домакіраўніцтваў, ЖКГ і іншых камунальных службаў прыйдуць да вас па вашым выкліку.
Галоўнае ўпраўленне гандлю і паслуг аблвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *