Матросаўскае скрыжаванне. Кропка на карце: ПЕРАХРЭСЦЕ

Стараста Алена Мурочак.

Наша жыццё – бясконцая чарада скрыжаванняў, мноства дарог, па якіх крочым па свеце. Сустракаем людзей, і яны невыпадковыя, не проста так ідуць побач з намі, не проста так перасякаюцца нашы шляхі. І як важна тое месца, што здолела аб’яднаць розныя лёсы.
Шмат гадоў назад адна дарога з Начы на Ляхавічы, другая ў накірунку Зубелевіч перакрыжаваліся, і пачалася вёска Перахрэсце. На яе адзінай вуліцы Матросава, якую так і хочацца перайменаваць у Бэзавую, адзін за адным раслі дамы, а ў іх навасельнічалі шчаслівыя вяскоўцы са сваімі марамі, планамі, надзеямі. З гэтай невялікай кропкай на карце звязана столькі падзей, шчаслівых імгненняў, пяшчотных успамінаў яе жыхароў. Назва вёскі сцвярджае: тут скрыжаванне. У гэтым месцы скрыжаваліся не толькі дарогі – жыццё цікавых, творчых, гаспадарлівых, працавітых, добрых людзей.

Сям’і Пятроўскіх – 58 гадоў.

Унікальныя вырабы ад Зінаіды Ксёнжык.

Знаёмства з вёскай варта пачынаць са знаёмства са старастай. Яшчэ па тэлефоне Алена Мурочак шчыра запрасіла «ЛВ» у Перахрэсце і, як сама прызнаецца, з нецярпеннем чакала гасцей. У гэты дзень яна – наш вясковы гід, дарэчы, цудоўны: Алена Паўлаўна ведае літаральна ўсё і ўсіх, як, між іншым, і землякі пра яе. Адным словам – заўсёды на сувязі са сваімі вяскоўцамі. Ёй давяраюць, і гэта было відавочна.
– Амаль 30 гадоў назад параднілася з гэтымі мясцінамі. Цяпер невялікая вёсачка з філасофскай назвай стала самым родным, прыгожым і любым куточкам на планеце. Ні пры якой умове не прамяняла б свой дом, утульны дворык, агародныя соткі, гэтых неверагодных людзей на гарадское быццё. А яшчэ і сын вырашыў застацца тут – цяпер мы суседзі. Летась яго сям’я справіла наваселле, і зараз мы дапамагаем дзецям абжывацца, – расказвае Алена Паўлаўна.
Некалі, успамінае, тут у кожнай хаце ўвечары запальвалася святло, на кожнай лавачцы гаманілі суседзі, ды і моладзі было больш. Па вёсцы збіралася дзве калейкі кароў. І школа была тут, і магазін працаваў. Цяпер сюды чатыры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. А жыве тут крыху больш за 30 чалавек, якія лічаць сябе блізкімі людзьмі, бо яны –
аднавяскоўцы.
Ідзём па перахрэсцкай вуліцы, мінаем рознакаляровыя домікі, агароджаныя яркімі платамі. У адным з дамоў за справамі завіхалася Зінаіда Іосіфаўна Ксёнжык. Як жа яна радавалася прыходу нечаканых гасцей:
– Заходзьце, адчувайце сябе як дома, – запрашае гаспадыня і праводзіць у пакой з самым унікальным, неверагодным дызайнам, які мне толькі даводзілася бачыць. У бялюткіх вышытых гладдзю ручніках застыла прыгажосць. У кожнага свой узор, непаўторны. Як, без перабольшання, сучасна, модна выглядае вышыты абрус, а якія далікатныя сурвэткі.
– Некалі ўсёй вёсцы вышывала ручнікі на вяселлі, можа, яны былі шчаслівыя, – жартуе Зінаіда Іосіфаўна. – І гладдзю вышывала, і крыжыкам карціны «пісала». Адным пальцам вышываю, другім есці вару.
Уміг заліваецца шчырым смехам, а разам з ёй і мы. Сёння, у свае 89 гадоў, яна па-ранейшаму галасіста можа зацягнуць любую песню, пажартаваць, і з ёй так проста, душэўна. А пра вёску Перахрэсце гатова расказваць бяс-конца: як ладзіліся тут танцавальныя вечарыны, як пазнаёмілася з будучым мужам, як спраўляліся з гаспадаркай, будавалі дом, выхоўвалі дзяцей. Яна называе сябе самай шчаслівай бабуляй і прабабуляй – у яе 7 унукаў і столькі ж праўнукаў. Вось і нядаўна прыехала з Мінску, гасцявала ў дачкі, і вельмі рада, што сустрэлася з унукам Лёшкам, які служыць у арміі.
Наступны адрас – сям’я Пятроўскіх. Канстанцін Іосіфавіч і Яніна Іосіфаўна абодва мясцовыя. У Перахрэсці іх жыццёвыя шляхі сышліся, тут яны сталі шчаслівымі мужам і жонкай, і разам ужо 58 гадоў. Канстанцін Іосіфавіч працаваў на начаўскай свінаферме, Яніна Іосіфаўна – у мясцовым аддзяленні сувязі, пасля ў племзаводзе малаказборшчыцай. Сёння спраўляюцца са сваёй невялікай гаспадаркай – у іх ручныя трусы, агародныя соткі, шыкоўныя кветнікі.
– Унук з сям’ёй прыязджае кожны дзень – галоўныя памочнікі па гаспадарцы. Яны, хоць і жывуць у райцэнтры, але без нашай вёсачкі не могуць, –  расказвае Яніна Пятроўская. – Добра нам тут жывецца: рэйсавы не мінае, аўталаўка прыязджае, і прэса да нас даходзіць своечасова.
Так, па гэтым адрасе жывуць даўнія сябры раёнкі. Як падпісаліся шмат дзесяцігоддзяў назад на «Совецкі патрыёт», да сённяшняга дня з задавальненнем чытаюць «Ляхавіцкі веснік».
кожнай вёскі свае традыцыі, святы. Вось ужо некалькі гадоў запар на купалле вяскоўцы збіраюцца ля азярца, якое прыгожа ўпісалася ў мясцовы пейзаж. Яго стваральнік – чалавек вядомы ў нашым раёне,  дырэктар ТАА «Трансэлектракамплект» Генадзій Сакуць. Яго малая радзіма –  гэтае цудоўнае Перахрэсце.
На жаль, многія рознакаляровыя домікі сёння пустуюць. Іншыя, скажам, атрымалі другое жыццё. З пачаткам сезона сюды прыязджаюць дачнікі. Родныя сёстры Галіна Ксёнжык і Ала Хімарода жывуць у Мінску, але родам адсюль. У мінчаніна Васілія Панцялейкі тут раней жыла цешча. Яны ў адзін голас прызнаюцца, што ў Перахрэсці можна выдатна адпачыць ад гарадской мітусні ў прыгажосці і цішыні. Летам у грыбы і па ягады ходзяць, ды і на сваіх агародах працаваць – адно задавальненне. Прыемна пасля зімой паласавацца смачнымі агурочкамі і памідорчыкамі.
А двор наступнай гаспадыні трэба разглядаць дэталёва – трапляеш нібы ў казку.
– Паглядзіце, вас сустракае калабок, а тут плаваюць лебедзі, побач застыў бусел, – паказвае Галіна Валасевіч. Але сапраўдная экскурсія пачалася, калі мы трапілі на «экспазіцыю» старых бытавых прылад.
– Такія рэчы не павінны пыліцца, падумалася, і я сабрала гэту калекцыю: маслабойка, сячкарня, серп, пральнік, жорны, маслянка. Многае засталося яшчэ ад бацькоў, – расказвае Галіна Пятроўна.
…Вось пачнецца лета, і вёска зашчабеча. Прыедуць да бабуляў і дзядуляў унукі-праўнукі. А ў планах Галіны Валасевіч стварыць для дзетак спартыўную пляцоўку. Цудоўна!
У кожнага жыхара тут свая гісторыя, свая справа, свае мары. Але ў кожнага шлях праз скрыжаванне Перахрэсця.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Вольга Пятроўская «на гаспадарцы».

Галіна Валасевіч і яе арыгінальная калекцыя.

Дачнікі Галіна Ксёнжык, Ала Хімарода, Васілій Панцялейка ў Перахрэсці свае.

Матросаўскае скрыжаванне. Кропка на карце: ПЕРАХРЭСЦЕ: 1 комментарий

  • 22/05/2018 в 22:40
    Permalink

    Спасибо большое автору за красивый рассказ и потрясающие фото! Моя родная вёсочка! Родные мне люди! Жду с нетерпением,когда снова туда приеду!На фотографиях родные и близкие мне люди.Подружка с кроликами,мама и тётя,моя бабушка Зина с вышиванками,озеро,которое выкопал мой дядя! Эмоции переполняют! Ещё раз спасибо!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *