10 гадоў без Пташука

26 красавіка споўнілася 10 гадоў з той трагічнай аварыі, што абарвала жыццё Міхаіла Пташука — сусветна вядомага кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі, нашага земляка.

З яго імем звязана цэлая эпоха ў беларускім кіно. Менавіта ён экранізаваў «Знак бяды» Васіля Быкава, «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча, «Вазьму твой боль» Івана Шамякіна. Гучны поспех мела яго кінастужка «У жніўні 44-га». Апошні свой фільм «Песня Розы» Пташук здымаў па заказе амерыканскай кінакампаніі.

У многіх яго карцінах пазнаюцца пейзажы малой радзімы: большасць фільмаў Міхаіл Пташук здымаў у Ляхавіцкім, Баранавіцкім, Слонімскім раёнах.

За апошнія гады зроблена шмат для ўшанавання яго памяці. У вёсцы Федзюкі адрамантаваны дом, дзе нарадзіўся, правёў дзіцячыя і юнацкія гады будучы кінарэжысёр. Усталяваны мемарыяльная дошка і Паклонны крыж. Імем Міхаіла Пташука названы вуліцы ў Ляхавічах і Баранавічах.

Творчасць Пташука шырока вядома за межамі Беларусі. І, напэўна, многім расіянам, украінцам і жыхарам іншых краін цікава было б пабываць на радзіме кінарэжысёра. А малая радзіма можа і павінна стаць адным з цікавых турыстычных аб’ектаў Ляхавіччыны.

У сваёй «Споведзі кінарэжысёра» Міхаіл Пташук пісаў: «Як ні дзіўна, усё, што я бачыў у жыцці, у якой бы краіне свету ні даводзілася быць, усё параўноўваў са сваімі Федзюкамі. Нічога не магу з сабой зрабіць: іду па Пекіне, еду ў метро ў Лондане, хаджу па вулачках Венецыі, лячу ў самалёце над Альпамі, гуляю па набярэжнай у далёкай Шатландыі — бачу свае Федзюкі…»

Генадзій АЖАЛЬ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *