Бібліятэка Русінавіцкага аграгарадка налічвае больш як 14 тысяч кніг

Стэлажы, застаўленыя кнігамі, на паліцах — разнастайныя часопісы і газеты, паўсюдна – атмасфера ўтульнасці і чысціня. Так сустракае штодня наведвальнікаў сельская бібліятэка аграгарадка Русінавіцкага. 20 гадоў гаспадарыць у ёй бібліятэкар з вышэйшай адукацыяй, шчырая і спагадлівая жанчына, вялікі аматар беларускай кнігі, цудоўны арганізатар і цікавы суразмоўца Іна Калядзіч.
470 жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак – пастаянныя наведвальнікі кніжнага дома. Пераважная большасць аматараў чытання – жанчыны, прычым розных узростаў (паспяваюць на рабоце ўвіхацца, хатнія справы зрабіць і знайсці свабодную хвіліну, каб перачытаць у чарговы раз любімы твор класіка ці пазнаёміцца з кніжнай навінкай). Сярод абанентаў і 120 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў.
Па словах Іны Францаўны, цяпер у бібліятэчным фондзе налічваецца больш як 14000 экзэмпляраў кніг і перыядычных выданняў. Найбольшай папулярнасцю сярод вяскоўцаў карыстаюцца беларускія часопісы “Гаспадыня” і “Алеся”, а таксама выданні для адпачынку. Нямала прыхільнікаў і ў раёнкі.
Бібліятэчны фонд пастаянна папаўняецца і абнаўляецца. Толькі ў мінулым годзе з’явілася больш як 100 экзэмпляраў новых кніг. Русінавіцкая бібліятэка штогод выконвае план па аказанні платных паслуг насельніцтву, што дазваляе набываць дадаткова кнігі і часопісы, каб задаволіць попыт чытачоў.
Сапраўднымі сябрамі друкаванага слова з’яўляюцца чытачы Лідзія Толкач, Валянціна Жарская, Клаўдзія Толкач, Людміла Сідор, Наталля Вітко.
Пры бібліятэцы дзейнічае і дзіцячы аматарскі клуб “Расінка”, які аб’ядноўвае 15 зацікаўленых і няўрымслівых рабят. Разам з настаўнікамі Русінавіцкай пачатковай школы Іна Францаўна арганізоўвае пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *