«Будаўніцтва пачынаецца з нас». На многіх будынках раёна стаіць аўтограф Ляхавіцкай архітэктуры

Стыльныя шматпавярховікі, цікавы дызайн прыватных дамоў, гарманічнае каляровае рашэнне адміністрацыйных будынкаў, магазінаў – усё гэта толькі на плюс эстэтычнаму складніку райцэнтра. Але мала хто задумваецца, што за кожным такім збудаваннем, акрамя працы будаўнікоў, стаіць ідэя, якая і дала пачатак архітэктурным здзяйсненням. Так, менавіта тут у камунальным унітарным праектна-вытворчым архітэктурна-планіровачным прадпрыемстве «Ляхавіцкая архітэктура» і пачынаецца, па сутнасці, мясцовае будаўніцтва. З ідэі, што пасля ўвасобіцца ў нешта доўгачаканае, неабходнае наведвальнікам, пакупнікам, школьнікам, выхаванцам, пацыентам…
У Ляхавічах гэту структуру ўзначальвае Наталля Несцяровіч. Абаяльная жанчына з прыгожай мілай усмешкай, выразнымі рысамі твару раскладвае на рабочым стале макет-план будучай пабудовы і тут жа ператвараецца ў сур’ёзнага кіраўніка. Абмяркоўвае змяненні, якія трэба ўнесці ў праект будаўніцтва дома, разважае наконт размяшчэння апорных сцен, выбару тынкавальнай сістэмы фасада, пакрыцця даху. У такіх, здаецца, не жаночых тэмах, яна адчувае сябе ўпэўнена, кампетэнтна. Усё проста, але пра ўсё па парадку.

Жыццёвы  праект

Наталля Несцяровіч можа расказваць пра калектыў, цікавыя праекты, наогул, пра сваю работу бясконца. Не дзіўна, яна ў архітэктуры – 35 гадоў. Студэнткай Мінскага архітэктурнага каледжа размеркавалася ў групу па адводзе зямельных участкаў пры архітэктары Ляхавіцкага раёна. Была магчымасць трапіць у суседнія Ганцавічы, але выбрала наш райцэнтр. Прызнаецца, што ўлюбілася ў гэты ўтульны гарадок, тут і засталася. Магчыма, з планамі зрабіць яго прыгажэйшым.
З гадамі мянялася пасада – тэхнік-будаўнік, інжынер-будаўнік, пасля старшы інжынер, вядучы спецыяліст і апошнія 20 гадоў начальнік – месца работы застаецца нязменным – Ляхавіцкая архітэктура.
Дарэчы, з будучым мужам таксама пазнаёмілася на працы. Уладзімір тады быў у штаце ўпраўлення капітальнага будаўніцтва – на адным паверсе з Наталляй. Так і стварылі сям’ю, выхавалі дачку і сына, цяпер песцяць унучку. І, канешне, пабудавалі дом – гэта мара з маладосці.
Асабістае адчуванне прыгожага, гарманічнага, незвычайнага разам з разуменнем пра рацыянальнае, тэхнічна-выверанае і канструкцыйна-правільнае гаворыць пра Наталлю Мікалаеўну не проста як пра чалавека творчага, які ўмее марыць і ўвасобіць ідэі ў жыццё, але яшчэ і як пра выдатнага кіраўніка, што натхняе калег уласным прыкладам апантанасці справаю – справаю жыцця.

Ідэйныя людзі

Галоўнае, на чым спецыялізуецца гэта структура, – распрацоўка праектнай дакументацыі для аб’ектаў будавання. Але гэта, калі вельмі коратка. Бо праекты патрабуюцца не толькі, каб пабудаваць дом, магазін ці школу, – без гэтага немагчыма ўявіць ні адну рэканструкцыю, мадэрнізацыю і нават капітальны рамонт.
Калектыў, якім кіруе Наталля Несцяровіч, за любое заданне па праектаванні бярэцца з радасцю і жаданнем убачыць чарцёж, увасобленым у завершаны аб’ект. Але да аб’екта не на паперы, а на зямельным участку шмат работы – і яны, іх задумкі, ідэі, што пасля ўвасобяцца ў жыццё, задаюць тон усяму працэсу будаўніцтва.
Наталля Мікалаеўна расказвае, што прадумваюць літаральна кожную дэталь, усе нюансы будучай пабудовы, каб па магчымасці максімальна задаволіць запыты заказчыкаў, якія часам любяць нафантазіраваць немагчымае. Тады на першы план выходзяць прафесійныя прапановы інжынераў Ляха-віцкай архітэктуры: яны наблізяць мары да рэальнага, але з папраўкай згодна патрабаванняў заканадаўства.
Мясцоваму праектнаму прадпрыемству выдадзены атэстат трэцяй катэгорыі (усяго іх пяць), што дазваляе ўзводзіць вялікую групу збудаванняў. Па іх распрацоўках зроблены рамонт будынка раённай адміністрацыі, пракуратуры, аграпрамбанка, многіх шматкватэрнікаў. Магазін «Родны кут» у мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай будаваўся таксама па іх праекце. Дарэчы, работнікі прадпрыемства не абмяжоўваюцца «папяровай» работай – і на будаўніча-рамонтных участках сочаць, каб усё ішло па плане.

Работа камандай

Галоўны інжынер праекта Валянцін Сяргей кіруе непасрэдна ўсім творча-тэхнічным працэсам. Ён размяркоўвае праектнае заданне па раздзелах. Калі вы думаеце, што пасля кожны паасобку працуе ў сваім накірунку, памыляецеся. Канструктары займаюцца распрацоўкай архітэктурна-будаўнічых рашэнняў – а гэта планіроўка будынка, разлік канструкцыі даху, вокнаў, перамычак. Асаблівая ўвага каляровай мадэлі аб’екта, яго планіроўцы – гэту частку працэсу кантралюе архітэктар. Супрацоўнікі спецраздзелаў працуюць над праектамі ўнутранага інжынернага абсталявання, унутраных сетак і сістэм (водазабеспячэнне, каналізацыя, электразабеспячэнне, ацяпленне, вентыляцыя і г.д.). Раздзел генеральнага плана і добраўпарадкавання тэрыторыі «разбіраецца» з тым, што знаходзіцца вакол пабудовы – праектуе дарожкі, праезды, аб’екты азелянення.
Цікавая адметнасць – усе гэтыя творчыя людзі проста не могуць працаваць адзін без аднаго. Праектаванне – камандная работа, дзе кожнае архітэктурнае рашэнне павінна гарманічна спалучацца з ідэяй калегі. Абмеркаванне планіроўкі – складаны працэс перагавораў, у выніку якіх атрымліваецца ідэальная будаўнічая прапанова для заказчыка.
У сваіх калегах начальнік прадпрыемства Наталля Несцяровіч не сумняваецца.
Яны профі, пастаянна павышаюць кваліфікацыю, пераатэстоўваюцца. Сюды з задавальненнем прыходзяць падмацаваць тэорыю практыкай навучэнцы будаўнічых навучальных устаноў. А для двух маладых людзей Арцёма Кедзя  і Кацярыны Праскура са жніўня пачаліся сапраўдныя працоўныя будні – яны маладыя спецыялісты.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *