Печкі-коміны. Як вяскоўцы падрыхтаваліся да зімы, высвятлялі РАНС і «ЛВ»

Усе патрабаванні пажарнай бяспекі  Марыя Даўжко выканала.

У календары супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях серада па-значана як адзіны дзень прафілактыкі: групы інспектараў раз’язджаюцца па населеных пунктах, каб чарговы раз нагадаць правілы пажарнай бяспекі і на практыцы паглядзець, як яны выконваюцца. Напярэдадні халадоў асноўная ўвага на стан крыніц ацяплення: газавых катлоў, печак, комінаў і г.д. У першую чаргу наведваюць адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей, інвалідаў, мнагадзетныя і неўладкаваныя сем’і, грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Па інфармацыі РАНС, за 9 месяцаў гэтага года праверана 8075 дамоў і кватэр, іх гаспадарам рэкамендавана выканаць больш за тысячу супрацьпажарных мерапрыемстваў, праінструктаваны 13050 чалавек, 1615 выяўленых парушэнняў патрабавалі неадкладнага вырашэння.

На мінулым тыдні ў рэйд у аграгарадок Навасёлкі разам з інспектарамі РАНС  Аляксеем Клетаніцам і Таццянай Калгушкінай, старшынёй Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандрам Мацюшэнкам адправіўся і «ЛВ».
Першы адрас: вуліца Сонечная,17. Сюды старшыня сельвыканкама і супрацоўнікі РАНС заходзяць часта. Прэтэнзіі да жыльцоў – маці-пенсіянеркі і дачкі – тычацца выканання правілаў бяспекі, у тым ліку і пажарнай. Вось і на гэты раз выявілася: трэба неадкладна замазаць трэшчыны ў пячным корпусе –
на ўсё пра ўсё тыдзень. І яшчэ адна слушная парада: не курыць у памяшканні (чым гаспадыні не грэбуюць). Дарэчы, асноўная прычына гібелі людзей на пажарах – менавіта курэнне. Увогуле, калі за ўвесь мінулы год зарэгістравана 24 пажары, то сёлета ўжо 25. Таму рэкамендацыі і памяткі, выдадзеныя гаспадыні Таццянай Калгушкінай, яўна лішнімі не будуць.
На суседнім падворку сустрэла 68-гадовая Марыя Даўжко, запрасіла ў дом.
– З усім спраўляюся сама. Калі трэба, то і дзяцей-унукаў на дапамогу клічу. Дровамі і брыкетам запаслася. Печкі ў мяне ўжо глядзелі, сказалі ўсё добра. Правільна, што правяраюць, ці ў парадку, калі нешта не так – можна паправіць. Лепш усё зрабіць, чым давесці да пажару, – адрапартавала гаспадыня.
Інспектары пацвердзілі: прэтэнзій да стану пячнога ацяплення тут няма.
Заўважана, што на падворках і ў дамах большасці адзінока пражываючых пажылых грамадзян куды чысцей і лепш добраўпарадкавана, чым у тых маладзейшых аднавяскоўцаў, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця.
У Навасёлках з дастаўкай брыкету вяскоўцам дапамагае мясцовы жыхар, які набыў ва ўласнасць аўтамабіль, што можа за рэйс перавозіць 9 тон торфу. Вось і кааперыруюцца навасёлкаўцы (на адно домаўладанне ў год можна выпісаць 3 тоны брыкету ці 4,9 кубаметра дроў па льготных цэнах).
Зайшлі па знаёмым для выратавальнікаў адрасе на вуліцу Калгасную. Праўда, няпрошаным гасцям ніхто не адчыніў дзверы. Але парушэнні спецыялісты заўважылі і звонку. У прыватнасці, комін па супрацьпажарных патрабаваннях павінен быць цагляным, а тут – з бляхі. Ды і тэрыторыя на падворку яўна патрабуе парадку.
У адным з дамоў па вуліцы Цэнтральнай зарэгістравана 6 чалавек, з якіх двое – непаўналетнія. Аляксандр Мацюшэнка расказаў, што выхаваннем дзяцей займаюцца бацька і бабуля з дзядулем: маці малых кінула, вядзе асацыяльны лад жыцця. Пажарныя зрабілі слушную заўвагу: забараняецца сушыць бялізну на печы, можа адбыцца ўзгаранне. Гаспадар паабяцаў больш не парушаць гэта правіла пажарнай бяспекі.
Па завулку Садовым, 16 сям’я Русак жыве нядаўна, гэты дом замест старога ёй выдзеліла ААТ «Шлях новы». Да зімы падрыхтаваліся: печку падмазалі, перад топкай на падлозе прыбіты ліст бляхі. А вось АПА пакуль не ўстанавілі. Гаспадыня сцвярджае, што вучыць дзяцей правілам бяспекі. Яе дачка 11-гадовая Віка расказвае некаторыя з іх: нельга браць запалкі, нельга падпальваць газ без нагляду дарослых, без цяжкасці называе і тэлефон выратавальнай службы 101.
У доме насупраць (завулак Садо-вы,13) жыве 81-гадовая Надзея Ляшчынская. Родныя клапоцяцца, каб у яе былі камфортныя і бяспечныя ўмовы. Газавы кацёл прайшоў паверку і гатовы да работы ў зімовы перыяд. Гаспадыня гаворыць, што кацёл ужо ўключала: і ў хату цяпло пусціць, і гарбузікі падсушыць. Заўваг да сістэмы ацяплення ў гэтым доме ў інспектараў РАНС не было.
Халады толькі пачынаюцца. Тым, хто па розных прычынах не паспеў давесці да парадку ацяпляльную сістэму ў доме ці кватэры, варта паспяшацца. Гэта якраз той выпадак, калі наша бяспека – у нашых руках.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Домаўладанне Надзеі Ляшчынскай да ацяпляльнага сезона гатова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *