Гліняная казка ад Алены

Мастак народных рамёстваў –  гэта па дыпломе інстытута культуры. Майстар народных рамёстваў – у штатным раскладзе Мыслабажскага Дома народнай творчасці. А ўвогуле, здаецца, што яе імя і прозвішча гучаць надзвычай брэндава. Паслухайце: Лена Базылева. Ну, а калі пабачыць яе работы, то ў папярэдняй фразе само сабой выкрэсліваецца слова «здаецца». І гэта не аванс і не рэверанс. Кожным сваім творам яна прызнаецца ў любві зямлі, на якой нарадзілася, і якая надзяліла яе талентам бачыць прыгожае і ўвасабляць яго ў арыгінальныя, па-базылеўску тонкія і выразныя сюжэты.
Фальклорнае гучанне, добрая ўсмешка (ні ў якім разе не насмешка!) тонка падмечаныя рысы характару, дакладна вытрыманы ляхавіцкі строй у адзенні яе персанажаў – гэта і многае іншае робяць работы Алены і прыцягальнымі, і незабыўнымі.
Яе любімы матэрыял – гліна. Гліняны цуд ад Лены Базылевай гэта сапраўды цуд. І гэта сапраўды адзін з ляхавіцкіх брэндаў. Леніна кераміка напамінае пра наш раён па многіх і многіх адрасах Беларусі і далёка за яе межамі, куды падарункамі ці проста шчаслівымі набыткамі «паехалі» забаўныя фігуркі ці цэлыя карціны мастачкі.
А да сустрэчы Новага года Алена як заўсёды падрыхтавала ягоны сімвал: гліняныя кабанчыкі атрымаліся надзвычай сімпатычнымі.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Маргарыты КУХТА.