Баршчу хопіць на ўсіх

За 7 месяцаў Ляхавіцкі кансервавы завод выпусціў 19 мільёнаў умоўных слоікаў кансерваў.

Даўно вядома, што стравы, прыгатаваныя на Ляхавіцкім кансервавым, смачныя, карысныя і па цэнах задавальняюць пакупнікоў. Таму карыстаюцца попытам і ў нашай рэспубліцы, і за яе межамі. Каб задаволіць патрэбнасць спажыўцоў, выканаць вытворчыя заданні і дагаворы паставак, на заводзе кіпіць работа. У новым цэху выпускаюцца таматны соус, салаты, закускі, салянка, першыя стравы.
Шчыруюць і работнікі падсобнай гаспадаркі. Яны вырошчваюць выдатную агародніну, а разнастайнага зяленіва збіраюць па некалькі ўраджаяў за сезон. Сёлета ўжо заканчваюць уборку кабачкоў, цыбулі. Для выканання тэрміновага заказу на агароднінныя кансервы выбіраецца патрэбная колькасць сталовых буракоў, капаецца бульба. Праз кожныя 2 тыдні зрэзваюцца шчаўе, кроп, пятрушка. У наяўнасці ўласная сыравіна для прыгатавання фірменных кансерваў — натуральных і смачных.
— Свая падсобная гаспадарка дае магчымасць рэгуляваць цэны на выпускаемую прадукцыю, — расказвае галоўны эканаміст прадпрыемства Вольга Бурак. — А гэта, як вядома, вельмі важна на рынку аднатыпнай прадукцыі, дзе пакупнік пры выбары ўлічвае ўсе нюансы, у тым ліку якасныя і цэнавыя. І калі нам шанцуе іншы раз больш, чым канкурэнтам, то гэта дзякуючы разваротлівасці і прадпрымальнасці.
Кансервавы завод практычна не працуе на склад. Нельга сказаць, што ўся прадукцыя з канвеера ідзе на прылаўкі гандлёвых кропак адразу: пэўная колькасць сезонных кансерваў выпускаецца іменна з мэтай пакінуць «на далей». Скажам, бярозавік можна заказаць на заводзе і зімой, як і марынаванае шчаўе, ікру кабачковую, нават галубцы, боршч і іншыя кансервы.
Колькасць той ці іншай выпускаемай прадукцыі рэгулюецца ў залежнасці ад попыту. Напрыклад, сёлета надзвычай запатрабаваныя сокі. Значыць, на пэўны час зменшыўся выпуск кансерваў з агародніны, а колькасць і асартымент сокаў павялічыўся.
— Выкарыстоўваючы розныя формы супрацоўніцтва з гандлюючымі арганізацыямі, мы нарошчваем тэмпы выпуску прадукцыі, — працягвае расказ Вольга Віктараўна. — Напрыклад, сёлета за 7 месяцаў выпушчана кансерваў на 9 працэнтаў больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Прагнозныя гадавыя паказчыкі, несумненна, будуць выкананы.
Мадэрнізацыя вытворчасці — адзін з заўсёдных прыярытэтаў прад-прыемства. Новы цэх з сучасным абсталяваннем адкрыў перад кансерваўшчыкамі добрыя перспектывы: прагрэсіўныя тэхналогіі, культура вытворчасці працуюць на поспех. На заводзе рады выкарыстаць любую магчымасць працягваць пераўтварэнні.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *