Натарыус засведчвае

Падчас прамой лініі загадчыца натарыяльнай канторы Ляхавіц-кага раёна Іна Шабацько адказвала на пытанні нашых землякоў

– Я знаходжуся ў другім шлюбе, у якім сумесна з мужам набылі дом. У мужа ёсць дзеці ад першага шлюбу. Ці могуць яны прэтэндаваць на долю дома ў выпадку смерці бацькі?
Жыхарка г. Ляхавічы.

– Маёмасць, нажытая мужам і жонкай за перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на каго з іх яна аформлена і кім з іх унесены грашовыя сродкі, з’яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю. Па пісьмовай заяве наследнікаў, якія прынялі спадчыну, і з пісьмовай згоды перажыўшага мужа (жонкі), пасведчанне аб праве ўласнасці можа быць выдадзена на імя памёршага мужа (жонкі) на долю маёмасці, нажытай мужам (жонкай) падчас шлюбу і зарэгістраванай на імя перажыўшага мужа (жонкі). Пасведчанне аб праве ўласнасці на імя памёршага мужа (жонкі) выдаецца на ½ долі маёмасці, нажытай мужам і жонкай падчас шлюбу.
Па законе наследнікамі першай чаргі з’яўляюцца дзеці, муж ці жонка і бацькі памёршага. Наследнікі адной чаргі наследуюць у роўных долях.
У выпадку, калі ваш муж (жонка) жадаюць, каб права на ўказаную маёмасць мелі толькі вы, мэтазгодна аформіць завяшчанне або шлюбны дагавор, у залежнасці ад канкрэтных абставін.

– Я выдаў даверанасць на кіраванне аўтамабілем знаёмаму, а зараз хачу яе адмяніць. Як гэта зрабіць, і колькі гэта каштуе?
Жыхар г. Ляхавічы.

– Вы можаце ў любы час адмяніць даверанасць, у тым ліку выдадзеную ў парадку перадавер’я. Для адмены натарыяльна засведчанай даверанасці неабходна падаць заяву аб яе адмене любому натарыусу, дзе неабходна ўказаць усе даныя, якія маюцца, аб выдадзенай даверанасці, а таксама прозвішча, імя і імя па бацьку натарыуса, дату засведчання даверанасці. Пры адмене даверанасці натарыус растлумачвае грамадзяніну пра тое, што ён абавязаны апавясціць аб яе адмене асобу, якой даверанасць выдадзена. А таксама апавясціць вядомых яму трэціх асоб, для прадстаўніцтва перад якімі дадзена даверанасць, гэта значыць, у вашым выпадку – органы дзяржаўтаінспекцыі. Натарыяльны тарыф за засведчанне адмены даверанасці складае 50 працэнтаў базавай велічыні, што на даны момант складае 12 рублёў 75 капеек.

– Як даведацца, ці пакінуў сваяк завяшчанне?
Жыхар г. Ляхавічы.

– Адзін з прынцыпаў дзейнасці натарыусаў – захаванне натарыяльнай тайны, якой з’яўляюцца звесткі па заключаным натарыяльным дзеянні, а таксама іншыя звесткі, атрыманыя пры ажыццяўленні такога дзеяння ці звароце да натарыуса. Натарыусы абавязаны захоўваць натарыяльную тайну, што замацавана ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці».
Бывае, што родныя пажылога чалавека, заклапочаныя пытаннем лёсу маёмасці, якая ў хуткім часе павінна стаць спадчынай, звяртаюцца ў натарыяльную кантору з просьбай паведаміць, ці склаў іх сваяк завяшчанне, а калі склаў, то хто ўказаны ў ім у якасці будучага ўласніка маёмасці.
Парадак прадастаўлення звестак аб завяшчанні ўстаноўлены вышэйназваным законам. У выпадку калі чалавек жывы, то звесткі аб складзеным ім завяшчанні могуць быць выда-дзены толькі гэтай асобе. У выпадку яго смерці такія звесткі выдаюцца блізкім родным, асобам, на карысць якіх зроблена завяшчанне, а таксама па пісьмовым запыце шэрагу службовых асоб і органаў, пералік якіх строга рэгламентаваны.
Для атрымання звестак аб засведчаным завяшчанні ў абавязковым парадку павінны быць прадстаўлены: дакумент, які засведчвае асобу, пасведчанне аб смерці завяшчальніка, дакументы, якія пацвярджаюць роднасныя адносіны.