Сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны вядуць абмалот кукурузы

Цяперашнюю сітуацыю ў сельскай гаспадарцы можна вызначыць парай-тройкай слоў. Напрыклад, так: на палетках сярэдзіна восені. І многае становіцца зразумелым. Можна скарыстацца дапамогай спецыялістаў і дазволіць сабе разгорнуты аналіз у разрэзе прадпрыемстваў, відаў работ. Падмацаваць усё лічбамі, «выставіць» ацэнкі, зрабіць высновы. У нас іншы фармат — коратка пра асноўнае. Уборка бульбы, кукурузы ў кожным з двух варыянтаў, цукровых буракоў, несумненна, сярод таго.
Бульбы ў полі засталося ўсяго-нічога, канец баразны ўжо дакладна бачны. Па стане на панядзелак, на карані заставалася прыкладна дзясятая частка першапачатковых 549 гектараў. Дакопкамі не адзначыліся пакуль 3 гаспадаркі — найбольш буйныя, чые плошчы пад культурай сумарна складаюць амаль 420 гектараў. Другі хлеб аказаўся сёлета ўраджайным у сярэднім на 270 цэнтнераў з гектара.
У дадатак да «зялёнай» уборкі, якая працягваецца дастаткова ўжо часу, сельгаспрадпрыемствы прыступілі і да абмалоту кукурузы на зерне. Найбольш важка кукурузны гектар «сыпле» ў «Ляхавіцкім» — лічы 160 цэнтнераў. «Ляхавіцкі» найбольш блізкі і да завяршэння камбайнавання свайго зерневага кукурузнага палетка — пройдзена 85 працэнтаў уборачнага шляху. У адрозненне ад іншых раённых аграрыяў, з якіх некаторыя да работ яшчэ і не прыступалі.
Зялёную ўборку — для закладкі на сілас і выкарыстання ў якасці падкормкі — вядуць усе і даўно. На 70 працэнтаў работы ўжо зроблены і пры сярэдняй ураджайнасці ў 322 цэнтнеры нарыхтавана амаль 100 тысяч тон зялёнай масы.
На дэсерт — салодкае. Квартэт нашых традыцыйных сеяльшчыкаў цукровых буракоў застаўся той жа: СВК «Жарабковічы», Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», «Шлях новы» і ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» на ўсіх мелі 1533 гектары караняплодаў. Засталося недзе каля 700, астатняе ўбрана пры сярэдняй ураджайнасці ў 486 цэнтнераў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *