На турызм планаў хапае. Турыстычны патэнцыял Ляхавіччыны расце і набірае абароты

Турыстычны патэнцыял Ляхавіччыны расце і набірае абароты з кожным годам, сезонам і нават днём. Экспазіцыю з інфармацыяй пра наш маляўнічы куток можна знайсці на многіх турыстычных выставах, і яна папулярная сярод патэнцыяльных наведвальнікаў раёна. А нам ёсць што паказаць і чым здзівіць.

Пра турыстычную прыцягальнасць раёна ў плане выканання раённага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на 2016-2020 гады падчас апаратнай нарады ў райвыканкаме расказала галоўны спецыяліст райвыканкама Надзея Лапіч.
Сярод паказчыкаў – экспарт турыстычных паслуг, які на сёння склаў 5,96 тысячы долараў ЗША (больш за 99 працэнтаў ад запланаванага).
Прыцягальнаць турыстычных маршрутаў, у першую чаргу, вымяраецца і колькасцю тых, хто вырашыў свой вольны час прысвяціць экскурсіі. Напрыклад, 48 экскурсій, якія правёў Ляхавіцкі ФСК, наведалі звыш 980 чалавек. Установы адукацыі запрасілі па сваіх турыстычных маршрутах 1620 чалавек.
Дарэчы, Ляхавіцкі раён сёлета наведалі 226 замежных турыстаў. На такую лічбу спрацавала і паніжэнне кошту пражывання ў гасцініцы «Эдэльвейс». Яшчэ адзін аб’ект, дзе размяшчаюцца турысты, – гасцінічныя нумары ў СДЮШАР, дзе за кошт спонсарскіх сродкаў у гэтым годзе быў праведзены капітальны рамонт.
На жаль, павялічыць даходы ад аказання турыстычных паслуг, у прыватнасці, арганізацыі платных экскурсій, пакуль не атрымліваецца. Адна з прычын – адсутнасць зарэгістраваных атэставаных экскурсаводаў, з-за чаго экскурсіі праводзяцца бясплатна. Аднак сказаць, што ў гэтым накірунку работа не вядзецца, нельга. У пачатку кастрычніка ў атэстацыйную камісію Нацыянальнага агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь былі адпраўлены дакументы кандыдата на здачу экзамену для атрымання сертыфіката на ажыццяўленне экскурсійнай дзейнасці.
Ляхавіччына запрашае наведаць шэсць турыстычных маршрутаў, большасць з якіх з’явілася сёлета. Напрыклад, трохдзённая экскурсія пад назвай «Спадчына вялікіх людзей Ляхавіччыны» падорыць шмат уражанняў ад наведання турыстычных жамчужын у Грушаўцы, Савейках, Крывошыне, Флер’янове.
Не менш захапляльным абяцае быць падарожжа па Агінскім канале, аграгарадку Дарава, па мясцінах, якімі натхняўся Напалеон Орда.
Заявіць пра сябе Ляхавіцкі раён імкнецца на розных турыстычных выставах, якіх сёлета было чатыры, праз банеры, дзе размешчана ўся неабходная кантактная інфармацыя, шматлікія буклеты і лістоўкі, а таксама праз сайт, які аператыўна папаўняецца.
Сказаць сваё слова Ляхавіччына імкнецца ў розных відах турызму: культурна-пазнавальным, паляўнічым, рэлігійным, адукацыйным, гастранамічным і іншых.
Наконт гастранамічнага. Суп «квас», катлеты «зуцы» і ляхавіцкі пернік – гэтым можна паласавацца ў рэстаране «Ластаўка», кафэ «Еда&Кофе» і «У бульбаша», райпоўскай сталовай.
Свой плён далі і сумесныя выязныя пасяджэнні членаў выканкама і Савета дэпутатаў. Па іх выніках многія турыстычныя аб’екты змяніліся, сабралі гасцей на сваё другое адкрыццё.

Маргарыта КУХТА.