Мы не здзіўляемся поспехам нашых юных спартсменаў – выхаванцаў СДЮШАР Ляхавіцкага раёна

Мы ўжо прызвычаіліся і не здзіўляемся поспехам нашых юных спартсменаў – выхаванцаў СДЮШАР раёна на абласных, а то і рэспубліканскіх арэнах. Але сёння ёсць нагода ўзгадаць пра «дарослыя» турніры – чэмпіянаты Брэстчыны па дзюдо і самба.

Гэтыя віды адзінаборства знаходзяцца адзін ад другога вельмі блізка. У сэнсе падабенства тэхнік, агульнасці некаторых момантаў вядзення спарынгаў. Але ж розніца паміж дзюдо і самба таксама істотная. Далёка не заўсёды больш-менш паспяховы дзюдаіст з’яўляецца ўдалым самбістам. Як, дарэчы, і наадварот. Гэта суб’ектыўнае меркаванне часткова было па-цверджана ў ходзе чэмпіянатаў Брэсцкай вобласці, якія тыдзень назад прайшлі ў Баранавічах.
У першы дзень у зале тамашняй СДЮШАР па адзінаборствах і веласпорце высвятлялі адносіны майстры татамі.
Як расказаў «Ляхавіцкаму весніку» трэнер-выкладчык спартшколы Ляхавіцкага раёна Рашыд Байрашэўскі, у спаборніцтвах прынялі ўдзел юнакі і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны без абмежавання ўзросту з прыкладна дзясятка гарадоў і раёнаў вобласці. У іх ліку ляхавічане і былыя жыхары нашай мясцовас- ці – выхаванцы СДЮШАР раёна. І хоць чэмпіёнамі вобласці нікому з нашых дзюдаістаў стаць не атрымалася, у прызы «трапілі» шэсць спартсменаў.
Бронзавы п’едэстал пакарыўся вучаніцы СШ №2 Аляксандры Байрашэўскай, навучэнцу аблвучылішча алімпійскага рэзерву Даніілу Глушкоўскаму і Антону Цярпіцкаму, які зараз жыве і працуе ў Мінску. Другімі прызёрамі спаборніцтва сталі навучэнка ЛДАКа Дар’я Пенязь, адзінаццацікласнік СШ № 2 Ягор Сірыська і студэнт універсітэта фізічнай культуры Ягор Прыхач.
На наступны дзень «давалі» чэмпіянат па самба, які для некаторых з ужо названых атлетаў склаўся больш паспяхова. Антон Цярпіцкі, Ягор Прыхач і вучаніца СШ № 2 Ульяна Шчарбакова сталі чэмпіёнамі Брэстчыны па барацьбе самба. Да заваяванай днём раней бронзы па дзюдо Данііл Глушкоўскі ў сваю скарбонку дадаў сярэбраны медаль абласнога чэмпіянату па самба. У Дар’і Пенязь расклад адваротны: у спаборніцтве самбістаў будучы спецыяліст ветэрынарнай медыцыны стала трэцім прызёрам.

Іван КАВАЛЕНКА