Трэнеру чэмпіёнаў прысвячаецца. Навучэнец СШ № 1 першынстваваў у бегу

Імя Генадзія Вількіцкага шырока вядома не толькі ў даволі вузкім коле лёгкаатлетаў. І не толькі ў Беларусі. Арганізатар спорту, кіраўнік спецыялізаванай навучальнай установы, але ў першую чаргу Генадзій Станіслававіч – настаўнік і трэнер. У тым ліку і чэмпіёнаў.
Бадай, найбольш вядомым выхаванцам Заслужанага трэнера БССР Вількіцкага з’яўляецца Міхаіл Жалабоўскі – бягун на сярэднія дыстанцыі, які неаднаразова выйграваў чэмпіянаты і быў рэкардсменам СССР, удзельнічаў у Алімпійскіх гульнях. Але «епархія» слонімскага трэнера не толькі бегавыя дысцыпліны: ён выводзіў на міжнародны ўзровень майстроў скачкоў.
Памяці настаўніка (Генадзія Станіслававіча не стала ў 2013-м) штогадова ў Слоніме праходзіць спартыўнае прысвячэнне – адкрыты рэспубліканскі турнір па лёгкай атлетыцы. Старты збіраюць 14-15-гадовых юнакоў і дзяўчат з гарадоў і раёнаў краіны. Спаборнічаюць бегуны-спрынтары і стаеры, бар’ерысты, майстры скачкоў, штурхальнікі ядра.
Для выхаванцаў СДЮШАР раёна паездка ў Слонім з’яўляецца даўняй традыцыяй, спартыўным рытуалам, які, як правіла, заўсёды становіцца паспяхова-медальным. З апошняга мемарыяла Вількіцкага, які адбыўся ў мінулыя выхадныя, юныя атлеты-ляхавічане вярнуліся з сямю медалямі. Найбольшы поспех напаткаў Крысціну Рэпіну. Навучэнка спартыўнага класа СШ № 2 выйграла бар’ерны бег на 60 метраў, была трэцяй на такой жа «гладкай» дыстанцыі і ў скачках у даўжыню.
Навучэнец СШ № 1 Максім Болтуць (на здымку) першынстваваў у бегу на 800 і фінішаваў трэцім на дыстанцыі ў паўтара кіламетра. Таксама два медальныя фінішы ў Аляксандра Пестава (СШ № 1). У бегу на 800 метраў юнак фінішаваў адразу за Максімам і, адпаведна, стаў другім прызёрам спаборніцтваў. І гэты свой сярэбраны поспех Аляксандр паўтарыў у бегу на 400 метраў. Некаторым з ляхавічан, а трэніруюць іх настаўнікі СДЮШАР раёна Алена Ульянава і Андрэй Іванюценка, да п’едэстала не хапіла ўсяго адной пазіцыі. Быць чацвёртым – крыўдны расклад, аднак, даволі высокі спартыўны вынік.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.